Понедельник, 6 октября 2025

Калонка галоўнага рэдактара. Адпачынак ці пераход на новы ўзровень жыцця?

436

Пераадолена сярэдзіна лета. Нехта ўжо пабываў у чарговым працоўным адпачынку, хтосьці толькі збіраецца. Да другой катэгорыі адношуся і я.

Не ведаю як хто, а я падзяляю час на «да адпачынку» і «пасля». Хаця затым той, які быў «пасля», пакрысе пераходзіць у «да». Але гэты пераход я лічу, калі нічога значнага ў жыцці не адбылося. У мяне, у большасці выпадкаў, адбываецца. Прынамсі, нечага цяпер таксама і чакаю. Настаў час змен, адчуваю, што даволі добрых, дасканалых, сканцэнтраваных больш на творчасці.

Насамрэч, усё жыццё дзеліцца на этапы, а іх, як не так даўно прачытаў у мудрым артыкуле, пяць. Першы: «чысты ліст дзяцінства», другі: «нецярплівы студэнт», трэці: «дарослае жыццё», чацвёрты: «жыццё на пенсіі» і пяты: «канчатковае прыняцце і мір у душы». На такія этапы падзяліў вядомы псіхолаг Эрык Эрыксан. Думаю, што не трэба падрабязна растлумачваць кожны этап, тут і так усё зразумела. На самой справе, дзяцінства — гэта чысты ліст паперы, запісы ў якім пачынаюць рабіць недзе ў школе, калі з’яўляюцца турботы за адзнакі, добрыя паводзіны… На другім этапе мы ўжо пачынаем упісваць, закрэсліваць, зноў упісваць нейкія падзеі, якія становяцца для нас значнымі. Тут закладваецца падмурак будучага прафесійнага майстэрства. Будзьце вельмі ўважлівымі, пішыце ўсё асэнсавана, каб не прыйшлося пасля закрэсліваць. Лічу, што гэта адзін з важнейшых этапаў, які пачынае вялікую кнігу жыцця, так званы пралог. Якім будзе эпілог, залежыць ад почырку, акуратнасці пісара, прадуманасці сюжэту. Чым меней будзе там кляксаў, тым цікавейшым і гарманічна выбудаваным будзе жыццёвы раман. Зразумела, што без вострых сюжэтаў не абысціся, яны трэба, каб жыццё не такім было прэсным, бляклым. Чорныя палоскі заўсёды прымушаюць страпянуцца, агледзецца, зрабіць нейкія высновы, магчыма, папраўкі і працягваць свой шлях. Вельмі хочацца дайсці да жыццёвага эпілогу пры добрым здароўі, ясным розуме, акружаным роднымі, блізкімі, сябрамі. Усім гэтага жадаю. Толькі старацца для ўсяго гэтага трэба самім. Паверце майму жыццёваму вопыту, а ён напрацоўваўся на працягу аж 55 гадоў. А фарміравацца пачаў менавіта з другога этапу і аж да гэтага часу. Я пакуль праходжу трэці этап, і, магчыма, толькі зараз пачалося сапраўднае жыццё. Даволі значным пунктам гэтага этапу стаў пераезд у Пружанскі раён. Амаль чатыры гады я тут жыву і працую. Дзякую людзям, якія мяне прынялі, дапамаглі, многаму навучылі. Тут прайшла канчатковая шліфоўка майго журналісцкага майстэрства. Няхай блізкіх сяброў не набыў, для мяне гэта доўгі працэс, асцерагаюся здрады, бо гэта самае балючае, але ёсць аднадумцы, проста таварышы, а гэта ўжо нямала. Вельмі рады тым абставінам, што з’явіліся ў мяне і свае чытачы, якія чакаюць маіх артыкулаў, разважанняў, журналісцкага слова. На мінулым месцы работы, якому аддаў амаль 25 гадоў жыцця, таксама былі і засталіся мае прыхільнікі. Да гэтых часоў вядзём з імі перапіску. І гэта вельмі добра. Значыць, нейкі след у прафесіі я пакідаю, што для мяне важна. Спадзяюся, што і большасць чытачоў пружанскай «раёнкі» будуць успамінаць мяне добрым словам. Ну, а хто не зусім добрым, то прабачце, калі не дагадзіў.

Жыццё працягваецца, магчыма, з новай старонкі трэцяга этапу.


Віктар Ільюшчанка