Воскресенье, 26 октября 2025

Пружаншчына агратурыстычная запрашае і здзіўляе. Аграсядзіба «Залаты фазан» на Ружаншчыне.

451

У Беларусі, згодна з сёлетняй статыстыкай, дзейнічае больш за 1,4 тысячы аграсядзіб. Гэты экатурызм атрымаў істотны штуршок пасля санкцыйных перашкод на заходняй мяжы. Толькі ў мінулым годзе турыстычныя аб’екты ў сельскай пастаралі наведала амаль паўмільёна адпачывальнікаў. І не толькі нашых землякоў, але і гасцей з Расіі.

Між тым, попыт на экатурызм залежыць не толькі ад знешніх фактараў, ёсць і чыста суб’ектыўныя прычыны, якія ўплываюць на развіццё такога эканамічнага напрамку. Як і ў любой справе, у падобным бізнесе таксама патрэбны дакладны разлік, рухавасць і настойлівасць у рэалізацыі планаў. Невялікая затрымка на адным месцы дасць фору канкурэнтам, у выніку можна апынуцца ў нізе спісу, падняцца з якога даволі складана.

Прыкладам гэтаму можна назваць аграэкасядзібу «Залаты фазан», якая дзейнічае на Ружаншчыне ўжо шосты год. Заўважыць яе вельмі проста, асабліва па вялікай шыльдзе «Заасад» на трасе Пружаны-Ружаны ў раёне вёсак Байкі і Манчыкі. А пачынаўся гэты бізнес, як расказвае ўладальнік аграсядзібы Валерый Ланшакоў, з захаплення незвычайнымі птушкамі.

— Пачалося з таго, што стаў даглядаць птушак нязвыклых для нашага рэгіёна парод,— успамінае Валерый Аляксандравіч.— Калі назбіраўся даволі вялікі птушнік, то пайшла навокал пагалоска, і да мяне сталі прыходзіць жадаючыя паглядзець на хатні заапарк. Якраз у той момант з аўкцыёну прадаваўся будынак былой школы, у якім і вырашыў адкрыць афіцыйна заапарк, каб пашырыць кола жадаючых паглядзець на цацарак, паўлінаў і фазанаў.

Пра гэтага няўрымслівага чалавека «раёнка» даведалася і, зразумела, расказала сваім чытачам яшчэ восем гадоў таму. А ў 2019 быў падрыхтаваны рэпартаж з адкрыцця аграсядзібы. «Перарэзванню чырвонай стужкі» папярэднічала вялікая работа, таму што ў належны стан прыводзіліся не толькі будынак разам з тэрыторыяй. Неабходна было абараніць гадаванцаў спецыяльнай агароджай, а яшчэ прадумаць пад’езд са стаянкай. Таму ўладальнік аграсядзібы папярэджвае тых, хто вырашыў заняцца падобным бізнесам, што без першапачатковага «залатога запасу» лепш не пачынаць. Нягледзячы на тое, што адкрыць такую справу ў нашай краіне даволі проста і хутка.

Спачатку суб’екты экатурызму звяртаюцца ў мясцовы выканаўчы камітэт за атрыманнем дазволу. Прадугледжана спрошчаная працэдура рэгістрацыі, у рамках якой патрабуецца заява ад жадаючага і ацэнка спецыяльнай камісіі, якая праводзіць агляд патэнцыяльнай аграсядзібы. Калі асноўныя ўмовы і патрабаванні заканадаўства выкананы — калі ласка.Вось так на Ружаншчыне і з’явілася ў ліку першых аграсядзіба «Залаты фазан». Чаму такая незвычайная для нашай мясцовасці назва? Справа ў тым, што ў рэальнасці ёсць такая парода птушак, і яна вельмі падабаецца Валерыю Аляксандравічу. Зразумела, што яе прадстаўнікі ёсць у ліку гадаванцаў Ружанскага заасаду. Яны нібыта візітоўка аграсядзібы першымі сустракаюць гасцей.

Безумоўна, з першых дзён Ланшакову давялося вырашаць шмат арганізацыйных пытанняў. Хапае іх і зараз, у тым ліку чыста эканамічных. У прыватнасці, каб утрымліваць столькі гадаванцаў, сярод якіх, акрамя птушак, нямала прадстаўнікоў пружанскай фауны траваедных і драпежных відаў, патрэбны кармы. Іх Валерый Аляксандравіч лічыць дзясяткамі тон. У чым і заключаюцца асноўныя выдаткі, для зніжэння якіх уладальнік шукае падтрымкі, каб хто пагадзіўся прадаваць па сабекошце. І гэта з улікам таго, што падобны бізнес мае пэўную сезоннасць, а значыць, ёсць час, калі аграсядзіба не зарабляе, а выцягвае грошы.

Аднак і сам прадпрымальнік «не сядзіць на месцы». Каб пераадолець гэту тэндэнцыю, задумаўся і зараз рэалізуе перабудову і змену канцэпцыі заасаду. Напрыклад, пабудаваў лазню, дзе можа адпачыць кампанія аматараў гарачай пары. У будынку аднавіў памяшканні, у самым вялікім таксама пачаў прымаць гасцей, у прыватнасці для правядзення якіх-небудзь свят. А яшчэ пачаў рыхтаваць 4 двухмесныя нумары з намерам павялічыць іх колькасць удвая. Калі гэта паслуга набудзе попыт, то можна будзе замахнуцца і на ўласную кухню.

Вось толькі асаблівую прыцягальнасць «Залатога фазану» Валерый Ланшакоў не плануе мяняць.

— Любой аграсядзібе трэба мець сваю ўнікальную «фішку», якая будзе прыцягваць турыстаў, — сцвярджае ўладальнік. — Больш таго, яна павінна «працаваць». Напрыклад, мала навешаць у пакоях рагоў і іншых паляўнічых трафеяў, яны павінны мець гісторыю ці іншыя інтэрактыўныя рысы.

Што ён укараняе ў сябе. У прыватнасці, усе звяры і птушкі «Залатога фазану» маюць уласныя імёны, да якіх добра прывучаны, а значыць, і адгукаюцца. Таму яны заўсёды амаль у крокавай даступнасці сустракаюць гасцей, а не хаваюцца па кутках вальераў. І гэта вельмі падабаецца турыстам, не толькі малым. Як расказвае Валерый Аляксандравіч, здараліся сітуацыі, калі дарослыя бацькі забываліся пра сваіх дзяцей у імкненні з рук пакарміць аленяў ці іншых жывёл.

Тады турыстычны аб’ект будзе прывабліваць, наведвальнікам будзе пра што ўспомніць і падзяліцца са сваімі знаёмымі. Што пацвярджае і прыклад «Залатога фазана», які штогод прымае нямала гасцей. Не толькі з Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Германіі і іншых краін. Будзем спадзявацца, што планы ў Валерыя Аляксандравіча і яго сям’і, якая прымае непасрэдны ўдзел у іх рэалізацыі, абавязкова ажыццявяцца. І мы яшчэ неаднаразова наведаем гэта цудоўнае месца, каб расказаць пра яго навінкі чытачам «Раённых будняў».


Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік