Понедельник, 23 мая 2022

Тыдзень нулявога траўматызму прайшоў у раёне. Карэспандэнты разам з мабільнай групай адправіліся на ПМК-21

403

На мінулым тыдні на Пружаншчыне прайшлі мерапрыемствы ў рамках «Тыдня нулявога траўматызму».

Праграма «Vision Zero» была прапанавана Міжнароднай асацыяцыяй сацыяльнага забеспячэння пяць гадоў таму. Да яе далучылася і наша краіна, бо рэалізацыя падобнай праграмы дае станоўчыя зрухі ў плане аховы працы і стварэння бяспечных умоў на вытворчасці.

— Гэтыя мерапрыемствы штогод праводзяцца з мэтай захавання бяспекі і здароўя работнікаў на працоўных месцах, папярэджання выпадкаў вытворчага траўматызму ў арганізацыях шляхам аператыўнага выяўлення парушэнняў адпаведнага заканадаўства, — расказвае галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Жанна Клімец.

На працягу тыдня мабільная група па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні захавання заканадаўства па ахове працы наведвала шэраг прадпрыемстваў і арганізацый раёна. У яе склад таксама ўвайшлі спецыялісты прафсаюзных арганізацый вобласці, якія разам з мясцовымі калегамі, а таксама прадстаўнікамі раённай вертыкалі ўлады пабывалі на 14 прадпрыемствах рознай формы ўласнасці.

Відавочна, што найбольшая ўвага надавалася «гігантам мясцовага значэння», якія маюць вялікую колькасць работнікаў. Напрыклад, мабільная група наведала шэраг будаўнічых арганізацый, дзе азнаёміліся як з утрыманнем асноўных баз, так і аб’ектаў, на якіх шчыруюць будаўнікі.

У прыватнасці, на вытворчай базе ПМК-21 са станам размешчаных на ёй аб’ектаў інспектараў азнаёміў інжынер па ахове працы Руслан Мірошнік.

Асноўны калектыў механізаванай калоны складаецца са 150 чалавек, у сезон актыўнага будаўніцтва колькасць узрастае да 250 работнікаў. Зразумела, што ў сітуацыі, калі даводзіцца часова прыцягваць людзей, неабходна асабліва дасканала сачыць за бяспекай працы. У першую чаргу, ствараць належныя ўмовы, у чым інспектары пераконваліся, пабываўшы на пілараме, у механічных майстэрнях. Яны аглядалі практычна ўсе завулкі, цікавіліся станам інструментаў, наяўнасцю і абавязковым выкарыстаннем спецадзення і сродкаў індывідуальнай абароны. Гутаркі праводзіліся і з самімі работнікамі.

Пасля агляду старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук і галоўны тэхнічны інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Генадзь Казлоўскі абмеркавалі шэраг метадычных пытанняў з дырэктарам прадпрыемства Васіліем Лук’янчуком. Госці адзначылі наладжаны кантроль за станам усіх аб’ектаў, які актыўна падтрымліваецца, выказалі некалькі заўваг па вядзенні дакументацыі.

Дарэчы, пераважная большасць заўваг па іншых аб’ектах тычылася менавіта дакументаабароту. Калі параўноўваць з сітуацыяй па вобласці, Пружаншчына выглядае станоўча, нават узорна. На сённяшні дзень на Брэстчыне адбылося дзевяць смяротных няшчасных выпадкаў, што ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам дае трайны рост. У нашым раёне за першы квартал трагічных выпадкаў не зарэгістравана наогул. Гэта сведчыць пра належную работу. Аднак, як зазначыў пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, нельга аслабляць прафілактыку. Толькі так можна трымаць сітуацыю пад кантролем.

І вось менавіта ў плане прафілактыкі ў нас ёсць недапушчальныя факты бяздзеяння. Аляксандр Міхайлавіч расказаў, што на свае вочы бачыў, як рамантуецца тэхніка без выкарыстання супрацьадкатных упораў пад колы, з дрэнна зафіксаванымі цяжкімі дэталямі. Пры гэтым усе сродкі абароны былі ў наяўнасці, але адсутнічаў кантроль за іх абавязковым выкарыстаннем. Колькасць складзеных актаў рэагавання пацвярджае наяўнасць абыякавых адносін да выканання сваіх службовых абавязкаў шэрагу адказных спецыялістаў.

Падчас правядзення Тыдня нулявога траўматызму таксама былі складзены рэкамендацыі па выяўленых недахопах. На выпраўленне іх адведзены месяц.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік