У Пружанскай раённай бібліятэцы на мінулым тыдні былі падведзены вынікі раённага конкурсу «Лепшая шматдзетная сям’я».
Конкурс прайшоў у дыстанцыйным фармаце. Удзельнікі прадстаўлялі на суд журы візітоўку «Радавод», дзе расказвалі пра гісторыю свайго роду, звычаі і традыцыі сям’і, і сацыяльна значны праект «Мая сям’я — мая краіна». У апошнім удзельнікі адлюстравалі актыўную жыццёвую пазіцыю членаў сям’і, захапленні, поспехі і дасягненні.
У конкурсе ўдзельнічала шэсць шматдзетных сем’яў Пружанскага раёна. Сем’і, якія ўвайшлі ў тройку лепшых, былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Астатнія атрымалі падзячныя лісты і заахвочвальныя прызы.
Асноўнымі задачамі конкурсу лепшых шматдзетных сем‘яў з‘яўляецца павышэнне ролі і прэстыжу сям’і ў жыцці грамадства, захаванне духоўна-маральных каштоўнасцей сям’і, адукацыя і выхаванне дзяцей і моладзі ў сістэме традыцыйных сямейных каштоўнасцей і прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да сям’і як да важнейшага сацыяльнага інстытута.
Арганізатарам конкурсу выступіў Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прызы і падарункі былі прадастаўлены як гэтай установай, так і грамадскімі арганізацыямі «Белая Русь», «Фонд міру», раённай арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Першае месца заняла сям’я Белаглаўка з Пружан. У Марыны Іванаўны і Уладзіміра Васільевіча трое непаўналетніх дзяцей. За іх добрае выхаванне бацькі атрымалі падзячныя лісты. Сям’я прымае актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, турыстычных паходах. Менавіта Белаглаўкі прымуць удзел у абласным этапе конкурсу на званне «Лепшай шматдзетнай сям’і».
— Для нас вельмі хвалююча было ўдзельнічаць у гэтым конкурсе, — кажа Марына Белаглаўка. — Наша сям’я вельмі актыўная, дзеці ў садку і школе заўсёды бяруць удзел у розных мерапрыемствах і конкурсах, а мы дапамагаем ім. Зараз будзем разам рыхтавацца да абласнога этапу.
Другога месца ўдастоена сям’я Аляксеевых. Абодва бацькі працуюць у Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме. Тром дзецям прывіваюць беражлівыя адносіны да прыроды і любоў да Радзімы.
Трэцяй стала сям’я Аблавушкаў, дзе таксама выхоўваецца трое непаўналетніх дзяцей. Дарэчы, неаднаразова Аблавушкі ўдзельнічалі ў конкурсе сярод маладых сем’яў «Лепшы сельскі падворак» і станавіліся яго пераможцамі. Мікалай Васільевіч працуе ў ААТ «Жураўлінае», мае нямала грамат за высокія дасягненні ў развіцці сельскай гаспадаркі. Алена Аляксандраўна — мастацкі кіраўнік Мокраўскага сельскага Дома культуры.
Сям’я — гэта апора дзяржавы. Менавіта на моцнай і дружнай сям‘і будуецца любое цывілізаванае грамадства, без трывалых каранёў не можа існаваць чалавек. І ўмацоўваць духоўна-маральныя асновы сям’і, захоўваць сямейныя каштоўнасці і традыцыі можна толькі разам.
Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/937898642824