Вторник, 29 сентября 2020

Ко дню работников физической культуры и спорта: Пружанщина от кожаного мяча до Олимпийских игр

2 967

Штогод у нашай краіне ў трэцюю суботу мая адзначаецца прафесійнае свята работнікаў фізічнай культуры і спорту. Аб дасягненнях нашых спартсменаў, а таксама перспектывах далейшага развіцця фізічнай культуры і спорту ў раёне, гутарка карэспандэнта з начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С.М.Шчыпанавым.

— Сяргей Мікалаевіч, з якімі дасягненнямі падышлі фізкультурнікі Пружаншчыны да свайго прафесійнага свята?

— Штогод у раёне праводзіцца каля сотні спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прымае ўдзел больш за 20 тысяч чалавек. З гэтай колькасці ўдзельнікаў прыкладна 60% складаюць дзеці і падлеткі. У нас працуюць дзве спартыўныя школы, на базе якіх адкрыты 6 аддзяленняў па відах спорту: футбол, валейбол, лёгкая атлетыка, хакей, фігурнае катанне, плаванне. Укамплектавана 71 група,

дзе займаецца  965 навучэнцаў. У мінулым годзе адкрыты філіялы па плаванні ў аграгарадках «Жураўліны», «Кабылаўскі» і «Кляпацкі».

Чатыры выхаванцы ДЮСШ №1 з’яўляюцца членамі нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь: Ганна Ташпулатава (лёгкая атлетыка), Ганна Гаўра (акадэмічнае веславанне), Дзмітрый Грышкевіч (футбол, маладзёжная зборная), Юлія Рыпінская (цяжкая атлетыка).

Навучэнцамі вучылішча   алімпійскага рэзерву з’яўляюцца 12 нашых перспектыўных спартсменаў. У абласны Цэнтр алімпійскага рэзерву «Вікторыя» залічана валейбалістка Улада Хвясюк.

Хочацца адзначыць работу фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец». Тут юныя аматары спорту маюць магчымасць займацца гіравым спортам, армрэстлінгам, хакеем, футболам, стрытболам, настольным тэнісам, шашкамі, шахматамі, більярдам. Выхаванцы клуба абараняюць гонар Брэсцкай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе «Скураны мяч»,  хакеі «Залатая шайба» і «Каласок». У бягучым годзе абедзве нашы каманды, як у малодшай, так і старэйшай узроставых групах, сталі пераможцамі рэспубліканскіх турніраў «Залатая шайба». Каманда «Жураўлінае» трэці год запар стала мацнейшай у рэспубліцы сярод сельскіх хакеістаў у турніры «Каласок».

— А якія віды спорту з’яўляюцца прыярытэтнымі для нашага раёна?

— Мы развіваем восем алімпійскіх відаў спорту: футбол, хакей, лёгкая атлетыка, валейбол, фігурнае катанне, плаванне, таэквандо і веласпорт. З прыходам новага трэнера па таэквандо Віталя Мадыліцы спадзяемся вярнуць былую славу і гэтаму віду спорту. На перспектыву плануем адкрыць аддзяленне па грэка-рымскай барацьбе. Для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы.

— Сяргей Мікалаевіч, 2012 год з’яўляецца алімпійскім. Хто з нашых спартсменаў рэальна прэтэндуе на паездку ў Лондан?

— Кандыдатамі для ўдзелу ў ХХХ Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Лондане, з’яўляюцца Ганна Ташпулатава і Ганна Гаўра. І калі Ганна Ташпулатава практычна прайшла адбор, то для Ганны Гаўры яшчэ прадстаяць старты на Кубак свету па веславанні ў Люцэрне. Тут наша дзявочая васьмёрка павінна пазмагацца, каб атрымаць права выступіць на Алімпіядзе.

— А якія Вы бачыце перспектывы развіцця турызму на Пружаншчыне?

— Пружаншчына багата сваёй гісторыка-культурнай спадчынай. Тут ёсць што па-глядзець і што паказаць турыстам. Дастаткава сказаць, што ў нас зарэгістравана 13 аграсядзіб. Створаны агратурыстычны комплекс на базе сялянскай(фермерскай) гаспадаркі «Белавежтур» з конефермай і коннаспартыўнай школай. У аграгарадку «Жураўліны» пабудаваны грамадска-культурны комплекс «Мікалаеўскі» з гасцініцай, рэстаранам, лазняй і стадыёнам.

У раёне пачаў развівацца так званы спартыўны турызм. Шмат паступае прапаноў ад расійскіх каманд на правя-дзенне на нашай спартыўнай базе збораў. Але, на жаль, тут усё яшчэ ўпіраецца ў недахоп месцаў для пражывання. Новая гасцініца нам вельмі патрэбна.

— Сяргей Мікалаевіч, напярэдадні свята варта назваць імёны лепшых трэнераў, спартыўныя калектывы.

— Сярод трэнераў спартыўных школ варта адзначыць Р.А.Ганчарук (фігурнае катанне), А.А.Дземідовіча (плаванне), С.А.Чайкоўскага і В.А.Красько (лёгкая атлетыка), А.Ф.Адамчук (футбол), В.А.Дзегцярова (валейбол), Ю.А.Валкавыцкага (вела-спорт). Плённа працуюць выкладчыкі фізвыхавання аграрна-тэхнічнага каледжа С.І.Зайко, С.У.Бармута, Г.І.Жыдзецкі.

Сярод працоўных калектываў, якія сябруюць са спортам, варта назваць КУВП «Камунальнік», РАУС, ААТ «Жураўлінае», псіхіятрычную бальніцу «Магілёўцы».

— Што б Вы хацелі пажадаць работнікам фізічнай культуры і спорту раёна, усім прыхільнікам здаровага ладу жыцця ў сувязі з прафесійным святам?

— Жадаю ўсім фізкультурным работнікам, а таксама ветэранам спартыўнага руху і аматарам спорту моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту. Памятайце, што ў здаровым целе — здаровы дух. Шануйце спорт, любіце спорт і займайцеся спортам.

Гутарыў Мікола Архуцік.

На здымках:

Новым відам спорту, які пачаў развівацца ў раёне  параўнальна нядаўна, стала плаванне. У ДЮСШ №2 і яе філіялах у аграгарадках плаваннем цяпер займаюцца 264 навучэнцы ў 25 групах. У Водным палацы прайшлі першыя спаборніцтвы з удзелам выхаванцаў спартыўных школ іншых гарадоў. Нашы плыўцы паказваюць неблагія вынікі. Некалькі чалавек ужо выканалі нарматывы дарослых спартыўных разрадаў.

З першых дзён адкрыцця Воднага палаца працуюць трэнеры А.Г.Махнач, А.А.Дземідовіч і А.В.Шаманаў (на здымку).

* Улада Хвясюк разам з трэнерам.

Один комментарий

  • 22 траўня 2012 г. беларускія спартоўцы завяршылі выступ на Алімпійскай кваліфікацыйнай рэгаце па веславаньні акадэмічным, якое адбывалася на вясьлярным канале г. Люцэрн (Швайцарская Канфэдэрацыя). За атрыманьне права выступаць на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях 2012 году (г. Лёндан, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі) змгаліся 4 беларускія экіпажы:

    жанчыны

    — двойка парная, лёгкая вага;
    — двойка распашная без стырнавога;
    — васьмёрка (Шлюпская Кацярына, Нахаева Ганна, Гаўра Ганна, Кухта Тацяна, Плашкова Вольга, Гелах Натальля, Бічык Юлія, Фадзеенка Настасься, Паўловіч Яраслава) .

    мужчыны

    двойка распашная без стырнавога.

    Усе жаночыя экіпажы выйшли ў галоўны фінал. Для здабыцьця Алімпійскай ліцэнзіі неабходна было заняць 1 або 2 месца. На жаль, нашыя дзяўчыны ня здолелі выканаць умовы кваліфікацыі.

    Бліжэй за ўсіх да запаветнага другога месца апынуўся экіпаж жаночай васьмёркі. Цягам усяе гонкі беларуская васьмёрка захоўвала шанец на здабыцьцё ліцэнзіі, займаючы другую пазіцыю, і складаючы дастойную канкурэнцыю камандам Аўстраліі і Нямеччыны. Аднак у фінішным спурце больш пасьпяховай апынулася васьмёрка зь Нямеччыны. Крыўдныя 0,44 сэкунды аддзялілі нашых дзяўчын ад права прадстаўляць нашую краіну на Алімпійскіх гульнях 2012 году.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *