Понедельник, 23 мая 2022

Праект «Бацькаўшчына»: гандлёвыя рады «Белыя лаўкі»

314

«Раённыя будні» пачынаюць новы праект пад назвай «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці.

І зноў захацелася зірнуць на Пружаны больш чым стагадовай даўніны. Скрыжаванне вуліц Аляксандраўская, Кобрынская, Замкавая і Хватка (цяперашнія Рыгора Шырмы, Кобрынская, Савецкая і Леніна). «Белыя лаўкі», дарагія сэрцу кожнага пружанца, — своеасаблівы сімвал нашага горада. Нагадаем, што яны былі пабудаваны ў 1896 годзе на сродкі мясцовых яўрэяў-гандляроў па праекце архітэктараў Міхайлоўскага і Савіча. Дарэчы, узводзіліся не на пустым месцы: тут і раней былі гандлёвыя рады, толькі менш унушальныя, драўляныя, яны размяшчаліся тарцом да Свята-Аляксандра-Неўскага сабора.

Новы будынак «склалі» з двух радоў своеасаблівых ячэек-крам з падваламі і выхадам на агульныя галерэі. Непаўторны выгляд «Белым лаўкам» надаюць масіўныя аркі. Першапачаткова пасярэдзіне быў праезд (узгадваюць, што некаторы час у падвале пад ім, празваным «метро», наладжвалі танцы).

Знакавы будынак перажыў нямала перыядаў працвітання і занядбання, пакуль нарэшце ў 1980-х не быў адрэстаўраваны. Некаторы час ён выкарыстоўваўся аддзелам культуры, сюды нават пераехала гарадская бібліятэка, але месца аказалася нязручным для кніг, і да пачатку ХХІ стагоддзя пачэснае месца ў «Белых лаўках» зноў занялі крамы.

Ірына Сядова.

Фота «да» — паштоўка 1916 г., фота «пасля» зроблена Кацярынай Масік