Воскресенье, 26 сентября 2021

Грамадзяне пішуць, тэлефануюць, прыходзяць на прыём… А як рэагуе на гэта мясцовая ўлада?

510

З гэтай нагоды прапануем размову з начальнікам аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама А.У.Хатулёвай.

—Алена Уладзіміраўна, напачатку, калі ласка, наогул акрэсліце стан работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.
— Пытанні работы з насельніцтвам у гэтым накірунку, у тым ліку па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур і ў цэлым па рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва”, знаходзяцца на пастаянным кантролі, і ім надаецца асаблівая ўвага.

Кансультаванне грамадзян па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, прыём ад іх заяў і выдача па іх адміністрацыйных рашэнняў ажыццяўляецца службай “Адно акно”. Райвыканкамам арганізаваны зручны для насельніцтва рэжым работы гэтай службы. Прыняты меры па недапушчэнні ўзнікнення чэргаў і доўгага чакання грамадзянамі свайго прыёму.

— Лепш за ўсё сведчаць лічбы… Давайце зробім невялікі аналіз, напрыклад, за першае паўгоддзе бягучага года.
— За гэты перыяд у райвыканкам паступіла 1572 заявы грамадзян з нагоды ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур. З іх найбольшая колькасць па пытаннях жыллёвых праваадносін – 593, архітэктуры і будаўніцтва – 230, працы і сацыяльнай абароны – 335, адукацыі – 184. Спецыялістамі службы выдадзена 128 выпісак з інфармацыйных рэсурсаў. За 6 месяцаў 2021 года накіравана 1239 запытаў адносна звестак, неабходных для ажыццяўлення адпаведных працэдур па заявах грамадзян.

— Але ж падобная работа праводзіцца і па зваротах суб’ектаў гаспадарання?
— Так. За першае паўгоддзе ў райвыканкам паступіла 888 такіх зваротаў. І з іх таксама найбольш – па жыллёвых пытаннях, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, абароны правоў спажыўцоў, архітэктуры і будаўніцтва.

Патрабаванні, прад’яўляемыя заканадаўствам да дзейнасці службы “Адно акно” ў райвыканкаме, забяспечаны. Разам з тым, нягледзячы на прымаемыя меры па павышэнні якасці работы, выяўляліся некаторыя недахопы.

— Аднак на асаблівым кантролі ўлады заўсёды былі праблемныя пытанні грамадзян і юрыдычных асоб…
— За аналізуемы перыяд гэтага года ў райвыканкам паступіла 290 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, і гэта значна менш, чым летась. Адметна, што было і 11 паўторных зваротаў. На 9 з іх дадзены адказы тлумачальнага характару, адзін зварот пакінуты без разгляду, яшчэ адзін зварот разгледжаны станоўча. Прычынай паступлення некаторых паўторных зваротаў з’явілася нязгода з прынятымі раней рашэннямі. Аднак адказы па выніках разгляду прызнаны абгрунтаванымі і аргументаванымі. Дарэчы, паўторна ў аблвыканкам жыхары нашага раёна не звярталіся.

— А ці былі калектыўныя звароты? І калі так, тады што найбольш хвалюе людзей?
— За першае паўгоддзе ў райвыканкам паступіла 13 калектыўных зваротаў: восем з Пружан, два з Пружанскага і па адным з Ліноўскага і Ружанскага сельсаветаў, яшчэ адзін зварот прыйшоў з-за межаў нашага раёна. Найбольш сацыяльна напружанымі з’явіліся калектыўныя звароты жыхароў г.п.Ружаны з нагоды адкрыцця ў пасёлку аддзялення міліцыі і жыхароў вуліц Астроўскага, Кірава і Талстога з Пружан па пытанні ўтрымання катоў і сабак на адным з участкаў. І калі ў першым выпадку калектыўны зварот вырашаецца станоўча, дык у другім, з улікам патрабаванняў заканадаўства і адсутнасцю нормаў, якія рэгламентуюць дапушчальную колькасць жывёл для ўтрымання на зямельным участку, застаецца актуальным.

Астатнія калектыўныя звароты датычылі перападаў напружання электрычнасці і невыканання тэмпературнага рэжыму ў жылых дамах, добраўпарадкавання вуліц і сквераў, выкарыстання дваровай тэрыторыі каля шматкватэрнага дома, замена аконных блокаў у пад’ездах, функцыянавання каналізацыі і вентыляцыі.

—Шэраг праблемных пытанняў падымаецца ў выніку сустрэч з насельніцтвам і членамі працоўных калектываў. Ведаю, што органы ўлады рэагуюць і на крытычныя заўвагі карыстальнікаў сацыяльных сетак. У чым асаблівасць такіх заўваг і як яны вырашаюцца?
— Найбольшая колькасць такіх заўваг датычыць работы КУВП “Камунальнік”. Нямала іх паступае і ў адрас раённай бальніцы. Сустракаліся нараканні з нагоды работы Навазасімавіцкага сельвыканкама і ДЮСШ №2. Аднак варта заўважыць зніжэнне скаргаў ад насельніцтва на якасць разгляду КУВП “Камунальнік” заявак, якія паступаюць на адзіны нумар камунальнай службы 115 па пытаннях водазабеспячэння, водаадвядзення, рамонту жыллёвага фонду.

Але актуальнымі па-ранейшаму застаюцца пытанні добраўпарадкавання і якасці яго правядзення. Напрыклад, у пачатку лета жыхары горада неаднаразова наракалі на недастатковае азеляненне гарадскіх клумбаў, у тым ліку на тэрыторыях суб’ектаў гаспадарання. Дарэчы, у згаданых заяўнікамі месцах неабходныя работы былі выкананы.

Пачасціліся скаргі і на работу цэнтральнай раённай бальніцы. Як правіла, гучалі прэтэнзіі да прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу, якія грэбуюць прафесійнай этыкай. Таксама насельніцтва акцэнтуе ўвагу на праблематычнасць атрымання стаматалагічнай дапамогі, праходжання ЭКГ, здачы аналізаў. Наогул пытанне ўкамплектаванасці медыцынскімі кадрамі становіцца адным з самых вострых.

У той жа час у раёне прымаюцца канкрэтныя меры для аператыўнага вырашэння праблем людзей.

Гутарыла Галіна Каляда