Воскресенье, 26 сентября 2021

Ключы да ведаў і… абноўлены харчаблок! У СШ №3 да новага навучальнага года адрамантавалі і перафарматавалі сталоўку. Рэпартаж з навучальнай установы

2 300

У больш як двух дзясятках школ Пружаншчыныў першы восеньскі дзень прагучаў званок, які даў старт чарговаму навучальнаму 2021/22 году. Не выключэннем стала і СШ №3 г.Пружаны.

Урачыстую лінейку з нагоды пачатку вучэбнай пары наведалі старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама І.А.Казарэз.

Бягучы навучальны год для Пружанскай СШ №3 пачаўся з прыемных навін. Невялікім, але якасным можна назваць некаторае павелічэнне колькасці класаў. Ёсць папаўненне і ў педагагічным калектыве.

Але асноўныя змяненні — і колькасныя, і якасныя — адбыліся ў школьнай сталоўцы. За лета харчаблок быў поўнасцю адрамантаваны, нават перафармаціраваны і кардынальна змяніў выгляд. Напярэдадні лінейкі госці свята азнаёміліся з новаўвядзеннямі: своеасаблівую экскурсію правяла дырэктар школы Г.М.Кунінец. Цяпер сталоўка стала нагадваць сучаснае кафэ з адпаведным інтэр‘ерам і прывабным акружэннем. Як расказала Ганна Мікалаеўна, памяшканне разлічана на 132 вучні, таму школьнікі будуць харчавацца ў чатыры змены.

Асобнай увагі заслугоўвае тэхналагічная частка харчаблока, якая цяпер адпавядае ўсім санітарным нормам. Усяго на правядзенне гэтых работ было выдаткавана больш за адзін мільён рублёў.

Каб рэалізаваць такія задумкі, спатрэбілася зладжаная работа не толькі будаўнікоў, але і настаўнікаў разам з бацькамі вучняў. За што шчыра дзякавала дырэктар школы напачатку ўрачыстай лінейкі. Г.М.Кунінец заклікала дзяцей захоўваць створаную ўтульнасць і прыгажосць. І выказала спадзяванне, што ўсё гэта павінна толькі стымуляваць паспяховую вучобу.

Варта адзначыць, што ўзровень адукацыі ў СШ №3 даволі высокі, школа на працягу навучальнага года неаднаразова гучыць не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і нават у рэспубліцы. Пацвярджэннем таму з’яўляюцца дыпломы алімпіядных, спартыўных і творчых спаборніцтваў. Адзін з якіх ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама за перамогу ў абласной алімпіядзе па гісторыі дырэктар уручыла вучню 10 класа Арцёму Прэдку.

Усё неабходнае для развіцця свайго патэнцыялу дзецям дае беларуская дзяржава. На гэтым завастрыў увагу старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Бясплатнае школьнае навучанне, магчымасць наведваць спартыўныя секцыі і пазашкольныя гурткі. Далейшы прафесіянальны рост таксама падтрымліваюць сацыяльныя праграмы. А ад іх удзельнікаў патрабуецца толькі адно — жаданне карыстацца ўсімі набыткамі, шчыра працаваць над уласным развіццём.

— Толькі захаванне адзінства дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў дасць той вынік, што дазволіць рэалізаваць сябе ў дарослым жыцці,— зазначыў Мікалай Пятровіч.— І ў баку ад гэтага працэсу не павінны заставацца бацькі, бо ва ўсіх у нас адзіная мэта — вырасціць Чалавека з вялікай літары.

Добрай традыцыяй стала і ўручэнне кнігі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь», падарункавы выпуск якой наладжаны ў рамках рэалізацыі прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі». Маляўніча аформленыя кнігі, у якіх сабрана і праілюстравана каштоўная інфармацыя для тых, хто стаў паўнапраўным членам нашага грамадства, школьнікам, якія дасягнулі сёлета 14-гадовага ўзросту, уручыла начальнік раённага аддзела па адукацыі І.А.Казарэз.

Слова на ўрачыстай лінейцы атрымалі і тыя, хто сёлета ўпершыню сядзе за парты, іх вершаваныя абяцанні добра вучыцца, паважаць сваіх бацькоў і настаўнікаў усе ўдзельнікі ўрачыстасці прынялі блізка да сэрца.

У выніку мерапрыемства, нягледзячы на раптоўны холад першага восеньскага дня, ахутала ўсіх цеплынёй энергіі, што панавала ў школьным двары. Тое ж самае вучняў чакала і ў школе, дзе заняткі пачаліся з традыцыйнага «Урока міру», сёлета прысвечанага вельмі актуальнаму для ўсіх нас пытанню нацыянальнага адзінства.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.

Яшчэ больш момантаў з урачыстай лінейкі тут: https://vk.com/album-23306785_280680308