Воскресенье, 26 сентября 2021

«Столькі копачак, колькі ў небе зорачак». У Пружанскім раёне правялі абрад «Зажынкі»

1 093

Бязвоблачнае неба і яркае сонца — менавіта ў такі прыгожы дзень нашы продкі імкнуліся пачаць жніво. Традыцыйна напярэдадні праводзіўся абрад «Зажынкі». Падчас яго хлебаробы выказвалі свае спадзяванні і звярталіся да вышэйшых сіл, каб тыя дапамаглі ва ўборцы.


Сёння ўмовы надвор’я падчас жніва ўспрымаюцца не так востра. Ёсць магутная тэхніка, якая замяняе сотні жней з сярпамі, і абсталяванне, на якім можна давесці да належнай кандыцыі збожжа. Ды і не хлебам адзіным, як кажуць, жыве сучасны чалавек. Тым не менш, народныя традыцыі шануюцца і зараз, як і сотні гадоў дагэтуль, уборачная кампанія бягучага года ў раёне пачалася з «Зажынак».


Трэці год запар свята праводзілася на полі ААТ «Жураўлінае» каля в.Вялікія Якавічы. Гэта акцыянернае таварыства не адну ўборачную кампанію знаходзіцца сярод раённых лідараў па ўраджайнасці і валавым зборы збожжа. Кіраўніцтва гаспадаркі адказна ставіцца да падрыхтоўкі тэхнікі, у чым пераканаліся ўдзельнікі мерапрыемства, калі агледзелі выстраеныя ў рад камбайны. Мяркуючы па налітым калоссі на палях ААТ «Жураўлінае», можна спадзявацца і на рэкорды сёлетняга жніва. Нездарма арганізатары свята пажадалі гаспадарам палетка і іншым кіраўнікам сельгаставарыстваў Пружаншчыны «столькі копачак, колькі ў небе зорачак».


Увогуле самадзейныя артысты са Слабадскога, Калядзіцкага і Мокраўскага СДК пад кіраўніцтвам метадыста Ірыны Гадуйка падрыхтавалі цікавую канцэртную праграму, у якой абрадавыя песні дапаўняліся сучаснымі рытмамі той жа тэматыкі. Асобная частка праграмы была прысвечана ўшанаванню маладых камбайнераў: 11 хлопцаў упершыню прымуць удзел у жніве ў гэтай ролі. Усім старшыня райкама прафсаюзаў АПК Д.У.Чайкоўскі пажадаў якаснай і пераможнай працы, а таксама ўручыў памятныя падарункі.


І вось ён, першы сноп 2021 года! Здаецца, хлеб цяпер — самы танны прадукт, але без яго любыя прысмакі будуць нясмачнымі. А колькі трэба працы, сілы, адданасці прыкласці, каб духмяны кавалак аказаўся на стале! Пра гэта нагадала начальнік раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Т.А.Вараб’ёва, якой арганізатары свята ўручылі першы сноп і вянок з каласоў новага збожжа. Таццяна Анатольеўна таксама заклікала жонак камбайнераў праявіць цярплівасць: іх мужчыны ў гарачы сезон вымушаны будуць праводзіць у полі больш часу, чым дома.


Снапы з першых каласоў бягучага года атрымалі і кіраўнікі гаспадарак раёна з пажаданнямі вярнуць у засекі Радзімы ў тысячу разоў болей. А яшчэ дырэктарам акцыянерных таварыстваў далі пакаштаваць караваі з леташняй мукі і загадалі прыкласці ўсе намаганні, каб новы хлеб быў не менш смачным.


На мірную працу ўсіх удзельнікаў свята блаславіў настаяцель Мокраўскай Петрапаўлаўскай царквы айцец Аляксандр. Падчас праведзенага малебна ён асвяціў палетак і тэхніку, а таксама ўсіх прысутных і пажадаў сельскім працаўнікам Пружаншчыны добрых намалотаў.


Нягледзячы на тое, што першы дзень жніва ўжо набліжаўся да заканчэння, пасля дадзенага Т.А.Вараб’ёвай старту камбайны пайшлі ў поле. Сапраўды, для іх мае значэнне кожная мінута.

Больш фота тут: https://ok.ru/budni

Алег Сідарэнка, Кацярына Масік (фота).