Пятница, 17 мая 2024

Жыхары г.п.Шарашэва Ірына і Юрый Кабылкевічы: «Быць хрысціянінам проста…»

1 504

Рэгент шарашоўскага Свята-Мікалаеўскага храма Ірына Кабылкевіч — добры доказ таму, што быць хрысціянінам вельмі проста. Не трэба баяцца складанага, на першы погляд, вучэння і новага, нязвыклага ўкладу жыцця. Дастаткова даверыцца волі Божай, з удзячнасцю прыняць усе жыццёвыя віхуры — і ўсё складзецца найлепшым чынам.

— Я і не думала, і не марыла пра тое, што буду працаваць у храме, — прызнаецца Ірына Ігараўна, — таму што ніколі асаблівай рэлігійнасцю не вылучалася. Вырасла ў свецкай сям’і, у храм з мамай хадзіла толькі некалькі разоў на год, і тое па вялікіх святах.
Адразу пасля школы Ірына паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, пасля яго заканчэння вярнулася ў родны пасёлак і ўладкавалася на працу ў школу. Нічога змяняць не збіралася, пакуль не сустрэлася з будучым мужам.

— Калі пажаніліся, зразумелі, што два-тры паходы ў год у царкву — гэта недастаткова, — далучаецца да размовы муж гераіні Юрый Усцінавіч. – Нарадзіўся сын, потым дачка — і мы ўсвядомілі, што перад Богам нясём за іх асаблівую адказнасць. Вырашылі ўцаркаўляцца. З’ездзілі ў Пачаеўскую Лаўру, па дарозе пазнаёміліся з адной жанчынай, якая падказала, што ў Слоніме ёсць духоўнае вучылішча, дзе вучаць Закону Божаму. І жонка вырашыла туды паступаць.

А для паступлення трэба было ўзяць у мясцовага святара характарыстыку. Так айцец Мікалай Пашкевіч і даведаўся, што сярод яго прыхаджан з’явілася будучая выкладчыца духоўных дысцыплін. І блаславіў жанчыну падняцца на хоры.

— Там я ўважліва слухала пеўчых і захацела навучыцца яшчэ і царкоўным спевам, — распавядае жанчына. — Балазе, у свой час вучылася ў Шарашоўскай ДШМ па класе фартэпіяна. Пакрысе пачала спяваць і нават замяняла рэгента, пакуль тая была ў дэкрэтным адпачынку. А пасля яе пераезду атрымала бласлаўленне стаць кіраўніком хору. І ўсё ў маім жыцці закруцілася вакол царквы… Трэба аддаць належнае мужу, які ва ўсім мяне падтрымліваў.

Ірына Ігараўна паступіла ў Слонімскае духоўнае вучылішча, дзе вучылася побач з будучымі рэгентамі і іканапісцамі. Пасля яго рэканструкцыі перавялася ў духоўную семінарыю, у Жыровічы, пад заступніцтва старажытнай нерукатворнай іконы Божай Маці.

— Прызнацца, семінарская праграма была вельмі складанай, але разнастайнай. Грэчаская мова, лацінская, царкоўна-славянская і, вядома ж, мая любімая, англійская, з якой я, нягледзячы на сыход са школы, расставацца не збіралася… Курсы, лекцыі, семінары па розных багаслоўскіх і свецкіх навуках, здавалася, былі бясконцымі. Заняткі — з раніцы да вечара. Па выхадных муж прыязджаў за мной — такім чынам, вучылася “без адрыву ад вытворчасці”.

У мінулым годзе Ірына Кабылкевіч скончыла семінарыю, атрымала другі дыплом аб вышэйшай адукацыі і сёння цалкам прысвяціла сябе храму.
— Памятаю, мае першыя службы прыйшлися на велікапосны перыяд, перад Вялікаднем. Асвоіць статут было вельмі складана, спачатку нават не ведала, дзе што шукаць. Прыносіла дадому ўсе богаслужэбныя кнігі, каб вывучыць паслядоўнасць набажэнстваў. Дзякуй айцу Мікалаю за разуменне і падтрымку, ніколі не дакараў за нейкія памылкі, ніколі не раздражняўся. Службы розныя, ды і царкоўны спеў адрозніваецца ад свецкага. Гэта нават не параўнаць, пакуль сам не адчуеш. Рэгенту трэба ўсё трымаць у галаве, усё кантраляваць, кожнаму з пеўчых своечасова падказаць, што будзем чытаць-спяваць… Раней у нас у сям’і былі выхадныя, а цяпер… Калі ў будні яшчэ ёсць нейкая хвілінка, то ў нядзелю мы цалкам прысвечаны храму.

Нядзіўна: у жыцці прыхода Ірына Ігараўна выступае адразу ў некалькіх амплуа. Яна не толькі рэгент, але і бібліятэкар, а таксама выкладчыца ў нядзельнай школы. Сёння пад яе чулым кіраўніцтвам вучыцца два дзясяткі дзяцей, у тым ліку і яе ўласныя дзеці. Сын Сяргей, да таго ж, прыслугоўвае ў храме, а маленькая Настачка спрабуе спяваць у царкоўным хоры…

Прыходскае жыццё б’е ключом. Дзеці з нядзельнай школы, акрамя асваення асноўнай праграмы, некалькі разоў на год рыхтуюць святочныя канцэрты, на якія запрашаюць усіх жадаючых, ставяць спектаклі на біблейскія тэмы, шыюць касцюмы. Захапляюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, у прыватнасці, цяпер асвойваюць лепку з гіпсу.

З задавальненнем удзельнічаюць у конкурсах, якія арганізоўвае Брэсцкая епархія, і нават перамагаюць.
Сумаваць Ірыне Ігараўне не даводзіцца. Перыядычна разам са святаром яны наведваюць Шарашоўскую СШ, дзе праводзяць асветніцкія гутаркі. Акрамя таго, жанчына вядзе ў дзіцячым садку занятак па асновах праваслаўнай культуры, а таксама гурток англійскай мовы.

— Я ўдзячная Богу за тое, што Ён дазволіў, не расстаючыся з любімай справай, адчуць сябе ў розных ролях, — прызнаецца жанчына. — У гэтым і ёсць прыгажосць і прастата праваслаўя. Калі Бог бачыць, што чалавек у імкненні развівацца робіць Яму крок насустрач, то зробіць два крокі, і нават больш, каб табе дапамагчы. Кожны дзень жыцця, кожны наш крок — гэта цуд.

…Сапраўды, цуд, раз Ірына і яе муж Юрый не баяцца рабіць мноства крокаў насустрач чамусьці новаму. У хуткім часе я пра іх яшчэ раз напішу. Ёсць дадатковая нагода: калі ад’язджала ад іх, пачула ўстойлівыя гукі “му”, якія даносіліся з гаспадарскай пабудовы. Аказваецца, Кабылкевічы, да ўсяго, яшчэ і фермеры. Трымаюць вялікую падсобную гаспадарку, у прыватнасці, некалькі кароў, і займаюцца пера-працоўкай малака экстра-класа.

Алена Зялевіч, фота Кацярыны Масік