Понедельник, 20 мая 2024

Гісторыя з фатаграфіяй. Маслабойня ў Шарашэве

1 076

У гэтыя дні гарадскі пасёлак Шарашэва адзначае сваё 640-годдзе. З гэтай нагоды захацелася ўзгадаць нейкі факт з яго гісторыі.

Гэты фотаздымак адносіцца да перыяду Першай сусветнай вайны. Як мы памятаем, «першыя немцы» на нашых землях гаспадарылі з верасня 1915 да сярэдзіны 1919 года. Многія жыхары Пружаншчыны перад пачаткам акупацыі пакінулі родныя мясціны: практычна ўвесь рэгіён стаў плацдармам для баявых дзеянняў. Але далёка не ўсе згаджаліся з тактыкай «выпаленай зямлі», рушылі ў бежанства. Па фатаграфіях з нямецкіх альбомаў гэтага перыяду мы можам зрабіць выснову, што жыццё ў тыя цяжкія ваенныя часы не спынілася: ішоў гандаль, пракладваліся дарогі, высаджваліся дрэвы ўздоўж вуліц…
А вось так выглядаў на тыя часы працэс перапрацоўкі малака і вырабу сметанковага масла.


Шарашэўскія жанчыны ў беласнежных фартухах працуюць строга па тэхналогіі: тая, што справа, круціць ручку маслабойкі, у якую заліты вяршкі, другая гэтыя вяршкі атрымлівае на сепаратары. Дапамагаюць ім два нямецкія салдаты (мабыць, масла ідзе на патрэбы арміі) і адзін цывільны мужчына, што залівае малако ў сепаратар. Сёння гэта ўсё выглядае крышку наіўна, але падобная тэхніка для сялянскіх гаспадарак была навіной: тут і шмат гадоў пасля карысталіся драўлянымі ручнымі маслабойкамі.
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.

Фота з архіва 95-гадовай жыхаркі г.п.Шарашэва Гелены Антонаўны Матыцкай.