Понедельник, 21 сентября 2020

Юные туристы успели открыть сезон…

458

З панядзелка сітуацыя змянілася: школьныя канікулы працягнуты яшчэ на тыдзень, а Міністэрства спорту і турызму Беларусі рэкамендуе да 20 красавіка прыпыніць правядзенне спартыўных мерапрыемстваў з удзелам дзяцей і падлеткаў на падставе рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя для процідзеяння распаўсюджанню каранавіруса COVID-19.

Але яшчэ да гэтых рашэнняў юныя турысты паспелі адкрыць свой сезон. У цэнтры дзіцячага турызму і краязнаўства ў аг.Руднікі напачатку канікулаў сабраліся выхаванцы турыстычнага гуртка «Патрыёт» з Пружанскага раёна і клуба «Рамантык» з Бярозаўскага.

Як лічыць кіраўнік гуртка «Патрыёт» г.Пружаны М.В.Зелянееў, школьныя канікулы — гэта выдатная магчымасць правесці загартоўку і аздараўленне дзяцей.
— Напрыклад, вывезці іх за межы гарадской атмасферы, на прыроду, якая абуджаецца пасля зімовага сну, актывізаваць фізічнае развіццё дзяцей,— зазначае Міхаіл Валер’евіч.— А побач з гэтым , даць магчымасць праявіць самастойнасць і прывучыць да самадысцыпліны.


Зразумела, што з улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі ў свеце былі прыняты адпаведныя намаганні па забеспячэнні санітарнай бяспекі. Папярэдне ўсе памяшканні турыстычнай базы прадэзынфіцыравалі, усіх «жыльцоў» забяспечылі антысептычнымі і антыбактэрыяльнымі сродкамі аховы. А астатняе павінны былі забяспечыць свежае паветра, узмоцненае харчаванне і спартыўныя нагрузкі. Для гэтага ў Рудніцкім цэнтры створаны ўсе неабходныя ўмовы. Належным чынам абсталяваны спальныя пакоі, дзе ў цяпле размяшчаецца па шэсць чалавек. Ёсць асобныя памяшканні для баўлення вольнага часу, для арганізацыі спаборніцтваў у закрытых памяшканнях. Таксама дзейнічае свая кухня, дзе гатуецца гарачае харчаванне. І, зразумела, ёсць адпаведныя санітарныя зручнасці.
Разам з гэтым, база мае паўнацэннае турыстычнае абсталяванне. На тэрыторыі — адкрытая спартыўная пляцоўка з неабходным гарадком, падрыхтаваны спартыўны інвентар: мячы, баксёрскія пальчаткі і іншыя прыстасаванні для кантактных відаў барацьбы, альпінісцкія сістэмы, веласіпеды і г.д.

Васіль Новік, кіраўнік клуба «Рамантык» СШ №3 г.Бяроза:
— Нашаму клубу сёлета споўнілася 18 гадоў, а гэта значыць, што маем даволі сур’ёзны вопыт у арганізацыі і правядзенні масавых турыстычных мерапрыемстваў. Таму мы аб’ектыўна выстаўляем высокую адзнаку адпаведным магчымасцям Пружаншчыны, дзе ёсць такая выдатная база. З задавальненнем прынялі запрашэнне калег на сумесную сустрэчу і абмен напрацоўкамі. Такія агульныя мерапрыемствы даюць магчымасць дзецям пазнаёміцца паміж сабой, ацаніць магчымых сапернікаў на абласных спаборніцтвах.
Выдатна, што ў вас ёсць усё неабходнае для арганізацыі такіх сустрэч. Напрыклад, мы правялі крос на 4 і 8 кіламетраў, арганізавалі велатурыстычныя экскурсіі і спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні. Таксама «падгледзелі», што побач ёсць выдатная сажалка, дзе ў перспектыве можна будзе правесці спаборніцтвы і па водным турызме.

На працягу двух дзён пружанскія і бярозаўскія падлеткі прынялі ўдзел у шматлікіх спаборніцтвах. На гэты раз пераможцы не вызначаліся: кожны ўдзельнік проста выпрабоўваў свае фізічныя здольнасці, прыглядаўся да сапернікаў і адпаведна вучыўся ў іх і сваіх настаўнікаў. Некаторыя ўпершыню паспрабавалі з дапамогай спецыяльнага абсталявання пакарыць вышыню, іншыя асвойвалі азы арыентавання на мясцовасці, паказвалі свае магчымасці ў валейболе ці баскетболе і гэтак далей. Усё стварала выдатны настрой у школьнікаў, спрыяла неабходнай фізічнай загартоўцы і назапашванню спартыўнага вопыту. Словам, гэтыя два дні пакінулі ў кожнага дзіцяці нямала добрых уражанняў і ўспамінаў. А яшчэ смутак, што яны вельмі хутка праляцелі.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).