Настаўніца фізічнай культуры і здароўя гімназіі г. Пружаны Таццяна Гардзіеўская заваявала другое месца ў абласным этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Дарэчы, у фінал выйшлі яшчэ дзве прадстаўніцы раёна (а гэта няпростая задача!): настаўніца англійскай мовы гімназіі Вольга Самайловіч і настаўніца пачатковых класаў СШ №4 Вольга Пацяруха. Але сёння — толькі пра прызёра.
Удзел у конкурсе для спартсменкі Таццяны Гардзіеўскай – яшчэ адзін выклік сабе, вышыня, якую захацелася пакарыць. Таццяна Васільеўна не проста настаўнік. Не толькі на ўроках, але і ўласным прыкладам паказвае вучням важнасць здаровага ладу жыцця. Яна ўдзельніца і прызёр шматлікіх спаборніцтваў па плаванні, многаборстве, лёгкай атлетыцы, лыжных гонках, а таксама вядомых марафонаў.
— Дарэчы, мой лад жыцця дапамагае мне не толькі падчас работы ў гімназіі. Ён выручыў і на конкурсе. Мне давялося весці адкрыты ўрок для вучняў чацвёртага класа. А ў гэтым узросце, як вядома, вялікую ролю адыгрывае ўласны прыклад. Зразумела, што ў мяне быў падрыхтаваны план урока, але я люблю імправізаваць. Разам з дзецьмі я і скакала, і бегала, і паказвала ім усе практыкаванні. За гэта атрымала ці не найлепшы камплімент у сваім жыцці. Некалькі дзетак пасля падышло да мяне і запытала: “Таццяна Васільеўна, а Вы да нас з Алімпійскіх гульняў прыехалі?”. Прывітанне ад алімпійцаў я ім усё ж такі перадала. Я прысутнічала на гонцы легенд у Мінску, дзе пашчасцілася атрымаць аўтографы самых знакамітых біятланістаў свету. Вось імі я і падзялілася з самымі актыўнымі малымі.
Таццяна Васільеўна сцвярджае, што вучні дапамаглі ёй і падчас раённага этапу, на які неабходна было прадставіць відэаўрок (па ўроках у вобласці адбіралі кандыдатаў сярод раённых пераможцаў).
— Калі б не яны, іх жаданне паказаць сябе з лепшага боку, вера ў мяне — нічога б не атрымалася! Аказваецца, рабіць звычайныя рэчы перад камерай намнога складаней, чым без яе. Дзякуй хлопцам, яны зусім не разгубіліся, і ў нас атрымалася цікавая прэзентацыя.
Таццяна Васільеўна ўсю размову імкнецца пералічыць тых, хто ёй дапамагаў: і калегі з гімназіі, і настаўнікі фізкультуры з іншых школ раёна, і сям’я, і сяброўка, якая падтрымлівала ў Брэсце, і брэсцкія спецыялісты. Але ж мы з вамі разумеем, што ніякага “срэбра” не было б, каб не педагагічнае майстэрства нашай гераіні.
Быў у настаўніцы яшчэ адзін матыватар — жаданне даказаць, што фізічная культура — таксама сур’ёзная дысцыпліна, якая патрабуе ад выкладчыка мноства ўменняў. З уласцівай ёй сціпласцю Таццяна Васільеўна ўсё ж прызнаецца, што калегі-канкурсанты былі ўражаны яе майстар-класам. Вы толькі ўчытайцеся ў гэтыя тэрміны: методыка вызначэння вышэйшай нервовай дзейнасці, тэпінг-тэсты, выяўленне дамініруючага паўшар’я… Падчас майстар-класа настаўніцы фізкультуры ўсе жадаючыя канкурсанты маглі паспытаць гэта на сабе.
Адным з іспытаў конкурсу было публічнае выступленне на беларускай мове “Сэрцам адданыя роднай зямлі”. Дзякуючы яму, журы ўбачыла канкурсантку яшчэ з аднаго боку. Напрыклад, як чалавека, які значную частку жыцця аддае навукова-даследчай дзейнасці, як аўтара шэрага артыкулаў у спецыялізаваных выданнях, як удзельніцу міжнародных канферэнцый па фарміраванні здароўя і развіцця фізічнай культуры і спорту.
Але сама Таццяна Гардзіеўская лічыць, што сакрэт поспеху зусім у іншым:
— Поспех прыходзіць да тых, хто любіць справу, якой займаецца. У маім выпадку мне дапамагае любоў да спорту і сваіх вучняў.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).