Пятница, 5 июня 2020

В районе прошли две акции, в рамках которых были высажены деревья

441

У рамках месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, які праходзіць на тэрыторыі раёна, сумеснымі намаганнямі работнікаў Пружанскага КУВП «Камунальнік» і актывістаў райкама БРСМ вядзецца азеляненне горада.

У чацвер, напрыклад, пасадка дрэў вялася ў скверах Гудзімава і за райвыканкамам: усяго там было высаджана каля 30 саджанцаў дубоў, амерыканскага арэха і туй. Яшчэ 20 дрэўцаў японскай лістоўніцы прыжываюцца ў гарадскім парку.


Варта адзначыць, што сёлета, у Год малой радзімы, спонсарскую дапамогу на азеляненне горада і раёна ў выглядзе саджанцаў, у тым ліку ўнікальных, аказаў ураджэнец Пружаншчыны Барыс Бокша. Акрамя дрэў, высаджаных у горадзе, саджанцы атрымае яшчэ і шэраг сельвыканкамаў: на азеляненне розных куткоў Пружаншчыны Барыс Цімафеевіч выдзеліць яшчэ каля 600 саджанцаў: туй, клёнаў і дубоў.

А з 28 сакавіка па 4 красавіка прайшла добраахвотная рэспубліканская акцыя «Тыдзень лесу-2020», ініцыяваная Міністэрствам лясной гаспадаркі. Сёлета прысвечаная Году малой радзімы, а таксама 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, яна ладзіцца з мэтай захавання і павелічэння лясоў. Актыўную падтрымку акцыя атрымала і на Пружаншчыне.


Удзельнікамі «Тыдня лесу» сталі і навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. На працягу дзесяці дзён студатрад, сфарміраваны з маладых людзей, якія атрымліваюць прафесію агранома, будзе дапамагаць лесаводам у пасадцы лесу. Мяркуецца, што за працоўны семестр студатрадаўцы засадзяць хвояй каля 15 гектараў плошчы.
Да слова, вопыт у пасадцы лесу ў аграномаў з групы 3-67 ужо ёсць: восенню маладыя людзі, аб’яднаныя ў студатрад, таксама працавалі ў Пружанскім лясгасе. А некаторыя, як, напрыклад, Уладзіслаў Бойцік, далучаліся да падобных працоўных дэсантаў яшчэ падчас вучобы ў школе.


Камісар атрада Валерый Кавалевіч зазначае, што для яго аднагрупнікаў, як будучых аграномаў, дапамога лесаводам стала неацэнным вопытам. «Складана вырашыць, дзе цікавей працаваць: у полі ці ў лесе — у абодвух выпадках свае асаблівасці, свае плюсы. У лесе адзін з іх — чыстае паветра, — дзеліцца сваім меркаваннем малады чалавек. — Робім гэтую работу з усведамленнем яе важнасці: гэта спадчына, якую мы пакінем сваім нашчадкам. Магчыма, калі-небудзь я змагу прывезці сюды сваіх унукаў і з гонарам зазначыць, што гэты лес саджаў я».
За сваю працу байцы студатрада атрымаюць грашовае ўзнагароджанне. А пакуль адміністрацыя Пружанскага лясгаса і райкам БРСМ, каб падкрэсліць важнасць справы, якую яны робяць, узнагародзілі маладых людзей памятнымі падарункамі і Падзячным лістом.

Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА і Марыны ВАКУЛЬСКАЙ.