Воскресенье, 20 сентября 2020

60 узников фашизма уже получили материальную помощь в рамках проекта «Индивидуальная помощь и уход»

560

Сёлетні год асаблівы для нашай краіны. Літаральна праз два месяцы Беларусь адзначыць 75-годдзе Вялікай Перамогі. Але ўшанаванне памяці людзей, якія загінулі дзеля міру і спакою ва ўсім свеце, падзяка жывым героям-ветэранам — пачэсная справа, незалежна ад юбілейных дат. З гэтай нагоды нельга абысці ўвагай і тых, хто быў вывезены на прымусовыя работы, пакутаваў у канцэнтрацыйных лагерах і, як ніхто іншы, спазнаў, што такое голад і смерць, – вязняў вайны.
Менавіта на гэтую катэгорыю людзей накіраваны праект “Індывідуальная дапамога і догляд”, які рэалізуецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне” (г. Мінск) сумесна з фондам “Памяць, адказнасць і будучыня”. Пачынаючы з сакавіка мінулага года, прадстаўнікі аб’яднання збіраюць інфармацыю пра вязняў, якім патрэбна дапамога ў выглядзе сродкаў рэабілітацыі і гігіены, медыкаментаў, і набываюць іх. Яшчэ адзін накірунак – аплата дробных бытавых паслуг, рамонту, дастаўкі паліва. Гатовы ў аб’яднанні пасадзейнічаць і ў аплаце кансультацый урачоў, а таксама медыцынскіх аперацый.

У Пружанскім раёне актыўная работа з вязнямі вайны вядзецца тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На ўліку тут знаходзіцца 92 былыя вязні. Да многіх з іх ужо наведваліся спецыялісты па сацыяльнай рабоце, каб запоўніць анкету і ўдакладніць неабходнасць аказання дапамогі. А 4 сакавіка каардынатар праекта “Індывідуальная дапамога і догляд” Юлія Матусевіч, а таксама асістэнт Іна Шкурко прыбылі ў наш раён, каб наведаць былых ахвяраў фашызму, а таксама перадаць усё неабходнае.
Як расказала Юлія Уладзіміраўна, на Пружаншчыне ўжо аказана дапамога 60-ці вязням. Амаль 20 чалавек чакае сваёй чаргі, і неабходныя ім рэчы будуць перададзены ўжо ў красавіку. Варта адзначыць, што грошы для дадзенага праекта былі перададзены адной нямецкай жанчынай. Яна ахвяравала ўсю маёмасць, што дасталася ёй у спадчыну, на дабрачыннасць і, у прыватнасці, на падтрымку ахвяраў нацыянал-сацыялізму.
Падчас свайго візіту ў раён прадстаўнікі міжнароднага аб’яднання “Узаемаразуменне” сумесна з супрацоўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра пабывалі ў Вольгі Сцяпанаўны Кавалеўскай, якая пражывае ў Пружанах. У мінулым годзе жанчыне споўнілася 95 гадоў, і, на жаль, у сілу ўзросту ёй вельмі цяжка рухацца. Менавіта таму за сродкі праекта для яе былі набыты «хадункі». Пакуль жанчына карыстаецца імі не вельмі актыўна, але за дапамогу ўдзячная: “Летам буду больш хадзіць”, – запэўнівае бабуля.

Атрымалі такі сродак таксама Ніна Антонаўна Бабрук з аг.  Шані і Ірына Пятроўна Галенка з Плябанцаў, да якіх таксама завіталі ў гэты дзень прадстаўнікі аб’яднання.


Павел Васільевіч Бальцэвіч, які пражывае ў аг. Лінова, сёлета адзначыць 95-гадовы юбілей. Хадзіць самастойна яму даволі складана, таму дапамога была дзядулі вельмі дарэчы. У той жа час непакояць яго праблемы са зрокам: “Свае рукі бачу, а вас – зусім не”. Менавіта таму Юлія і Іна прапанавалі Пятру Васільевічу аплату аперацыі за кошт сродкаў праекта.


Вельмі прыветліва сустрэла гасцей і Алена Лявонцьеўна Гарэйка з Шакуноў. Аднак ад любой дапамогі жанчына адмаўлялася. Прадстаўнікі аб’яднання “Узаемаразуменне” адзначаюць, што такое для іх – не рэдкасць. Тым не менш, спрабуюць знайсці падыход да кожнага былога вязня. Вось і Алене Лявонцьеўне, ацяпленне ў доме якой пячное, быў прапанаваны рамонт печак.

Між тым, у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання запэўніваюць, што дапамога ахвярам фашызму будзе працягвацца. У бліжэйшы час спецыялісты ўстановы завітаюць і да іншых вязняў. А Юлія Матусевіч, каардынатар праекта, справядліва адзначае: “Гэтыя людзі перажылі вельмі многае, і мы павінны памятаць і клапаціцца пра іх. Таму праца па аказанні дапамогі вязням ні ў якім разе не будзе спынена”.
Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.
Фота аўтара.