Четверг, 18 апреля 2024

Команда «Блицкриг» стала победителем ІІ Рождественского турнира по интеллектуальным играм

1 126

Напярэдадні зімовых канікулаў у дысказале Палаца культуры прайшоў ІІ Калядны турнір па інтэлектуальных гульнях сярод падлеткаў. Як і летась, турнір арганізаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Аўтарам пытанняў і вядучай выступіла галоўны спецыяліст аддзела Ганна Солад.
За перамогу змагаліся ўсе гарадскія школы, гімназія, каманды Хараўской і Параслянскай СШ, зборныя каледжа і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У першым туры «Веру — не веру» найбольш праніклівымі аказаліся прадстаўнікі каманды “Ой, да ладна!” (Хараўская СШ). Яны не памыліліся ў 12 з 15 прапанаваных каверзных пытанняў. Розны ўзровень ведаў паказалі гульцы ў другім туры, дзе правільны адказ трэба было выбраць з чатырох варыянтаў, але больш за тры правільных адказы не дала ні адна каманда.

У візуальным туры “Дзе логіка?” лепш за ўсіх праявілі сябе “Хуткія кактусы” (гімназія). Яны разам з камандай “Бліцкрыг” (СШ №5) выдатна справіліся з навагоднімі пытаннямі. Фінальны ж тур быў з “сюрпрызам”: за правільны адказ і ўпэўненасць у ім камандзе налічваўся дадатковы бал. А прадметы, якія азначалі правільныя адказы, размяшчаліся ў чароўным куфры. Куфар выраблены рукамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Яго, як і іншыя сувеніры, можна набыць у падарунак на першым паверсе універмага.

Менавіта гэты тур і стаў вырашальным: вышэй у турнірнай табліцы размясціліся тыя каманды, што лепш згулялі фінал. Па 24 балы набралі каманды “Ой, да ладна!” і “220V” (каледж), а “Хуткія кактусы” і “Бліцкрыг” сабралі ў сваю скарбонку ажно 27 балаў.

Такім чынам, першае месца – “Бліцкрыг”, другое месца – “Хуткія кактусы”, трэцяе месца – “220 V”.

Прызёры атрымалі падарункі ад аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Кацярына Пашкевіч. Фота аўтара.