Суббота, 15 февраля 2025

Дождь не помешал традиционному пружанскому Параду Дедов Морозов

1 506

Казка пра Ёлку і металічную Мыш

    Пасадзіў дзед… елку. Вырасла елка вялікая-вялікая, зялёная-зялёная. “Выкапаць яе і сам выкапаю — гэта ж не рэпка! І ўсталюю сам. А вось як упрыгожыць — не ведаю”, — прызадумаўся стары. І паклікаў на дапамогу бабулю, а тая прывяла ўсіх сваіх унукаў і ўнучак. За дзецьмі прыбегла Жучка, за Жучкай — Кошка, а следам прывалаклася вялікая шэрая з металічным адлівам Мыш.

    — Мой год наступае — мне і камандаваць парадам! — запішчала ганарлівая шэрая істота, пра якую дагэтуль узгадвалі толькі ў маленькай казцы, а сёння гудзе ўвесь свет. 

    — Бачыш ты, расхадзілася! 2020 – год металічнага Пацука, няма чаго падмазвацца! — абурылася жоўтая Свіння, якая, зыходзячы ў 12-гадовы адпачынак, вырашыла “падкласці свінню” героям: наклікала такую непагадзь з сырасцю, дажджом і ветрам, што, здавалася, ніякага свята каля ёлкі не будзе. 

    — Даўно вядома, што Стары Новы год, асабліва калі ён названы ў гонар Свінні, не ўмее сыходзіць ціха і па-добраму. Але Параду нашаму быць! — не супакойвалася ўпартая Мыш. — Агульны збор у 15.30 каля Палацыка!

    У мінулую нядзелю некалькі дзясяткаў пар Дзедаў Марозаў і Снягурак з розных гарадскіх устаноў агульнай і дадатковай адукацыі, а таксама Дамоў культуры і клубаў раёна сабраліся са сваёй світай каля галоўнай пружанскай рэзідэнцыі – Палацыка, каб пад гучныя апладысменты дзяцей і дарослых распачаць  сезон навагодніх гулянняў і вярнуць людзям веру ў цуд.

    Прызнацца, было даволі няўтульна, ішоў дождж, людзі надзявалі капюшоны і куталіся ў цёплыя шалікі.

    — Але не трэба сумаваць! – шчыра імкнуліся ўзнімаць агульны настрой Снягуркі і з жартамі раскрывалі свае “зімовыя” парасоны. А Дзеды Марозы з задавальненнем прытанцоўвалі вакол сваіх “унучак” і нібы нарочна дэманстравалі ў танцы свае модныя зімовыя кеды:

    — Якая зіма, такія і валёнкі!

    Гучна вітала публіку Зімушка-Зіма, разам з ёй гасцей забаўлялі галоўныя ахоўнікі “рэзідэнцыі” –  два пухнатыя “сабачкі” з нейкай чароўнай планеты. Прыгожа спявала Ганна Гараніна і іншыя салісты з Пружанскага Палаца культуры. А потым пад чулым кіраўніцтвам галоўнага Дзеда Мароза ўсе выстраіліся ў калону і дружна пакрочылі да галоўнай гарадской ёлкі. 

    Урачыстасць шэсцю надавалі звонкія гукі фанфар “каляднага” духавога аркестра пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча. Пад вядомыя музычныя кампазіцыі накшталт “Jingle Bells” і ў “У лесе нарадзілася елачка” па галоўнай вуліцы горада ўслед за Дзедамі Марозамі і Снягуркамі бегла лясная братва – Ваўкі, Зайцы і Мядзведзі.

За імі каціліся Снегавічкі,ляцелі Пчолы, важна крочылі Звездары. Таксама імкнуліся трапіць на галоўную гарадскую плошчу хітрыя цыганкі ў яркіх спадніцах, разам з імі пад надзейнай аховай сабакі-выратавальніка Ратуйкі ішлі ў скокі сімвалы надыходзячага 2020 года – шэрыя Пацукі і Мышы…  Па ўсім маршруце навагодні картэж суправаджалі “сэлфісты”, якія, нягледзячы на непагаддзь,па традыцыі з задавальненнем фатаграфавалі з касцюміраванымі героямі… 

    Усю гэту вясёлую навагоднюю кампанію на плошчы чакала нямала зацікаўленых людзей. Тут, дарэчы, разгарнуліся гандлёвыя палаткі з рознымі сувенірамі, бяспройгрышнымі латарэямі і духмяным папкорнам, назапасіўшыся якім, гледачы сталі назіраць за “навагодняй” працэсіяй, якая разгортвалася перад сцэнай і каля ёлкі.

Гэту прыгажуню яшчэ трэба было ўпрыгожыць – песнямі, забавамі, карагодамі і, вядома, агеньчыкамі… Удзельнікі параду зладзілі вакол ёлкі вялікі дружны харавод, і напрыканцы праграмы высокая лясная прыгажуня ўспыхнула рознакаляровымі агеньчыкамі…

   “… Якая цудоўная ў нас атрымалася Ёлка! – нарэшце ўздыхнуў дзед. — Дзякуй усім за дапамогу: і бабулі, і ўнучцы, і Жучцы, і Кошцы, і, вядома Мышцы! Няхай у наступным годдзе для цябе будзе сыр не толькі ў мышалоўцы!” 

    Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча