Вторник, 21 мая 2019

Наши герои: награжденный счастьем жить Павел Бальцевич

294

Павел Васільевіч Бальцэвіч нарадзіўся 22 чэрвеня. У дзень, калі пачалася вайна, яму споўнілася 16.
Лёс не песціў юнака і да вайны. У сям’і бацькі-лесніка гадавалася шасцёра дзяцей, таму пра сытнае і бестурботнае дзяцінства можна было толькі марыць. Гадоў з васьмі пайшоў у заробкі — пасвіў жывёлу. Так доўжылася ажно да 1939 года. Не паспелі прызвычаіцца да новай улады, як грымнула вайна.


У хуткім часе Павел Васільевіч быў вывезены на работы ў Германію. Тут яму крышачку пашанцавала: трапіў да добрых людзей. Ветэран і сёння ўспамінае, што гаспадары сытна кармілі і нават куплялі адзенне. Было гэта непадалёк ад мяжы з Польшчай, таму адразу пасля вызвалення гэтай краіны наш герой быў прызваны на фронт. Два тыдні вучэнняў — і беларускі хлопец атрымаў у рукі станковы кулямёт, з якім дайшоў да самага Берліна.
Павел Васільевіч добра памятае многія баі. Розныя яны былі, але ўсе аднолькава страшэнныя. Нельга забыць бой, які доўжыўся цэлыя суткі, а бо той, з якога жывымі выйшла толькі 5 вайскоўцаў. Дарэчы, усе яны атрымалі за яго ордэн. Усе, акрамя Паўла Васільевіча… Да тых, хто быў вывезены на работы ў Германію, у савецкага кіраўніцтва не было даверу…
Давялося ўдзельнічаць і ў фарсіраванні Одэра: салдату зноў пашанцавала і ён застаўся жывым. Але з памяці ўжо ніяк не выкрасліць крывавыя воды гэтай ракі. Памятае ветэран і баі за Берлін: немцы змагаліся да апошняга, баранілі свой горад. Калі савецкія салдаты ўсталёўвалі сцяг над Рэйхстагам, Павел Васільевіч быў усяго за сотню метраў ад гэтага месца і ўвачавідкі бачыў, як адзін за адным падалі героі, падбітыя варожымі кулямі.
Перамогу Павел Бальцэвіч сустрэў у Берліне. Гэта быў вельмі радасны момант, але ж баі працягваліся і далей…

На Радзіму давялося вярнуцца толькі ў 1949 годзе, а да гэтага ён праходзіў тэрміновую службу ў санітарнай часці, якая дыслацыравалася ў Германіі. Восенню таго ж года Павел Васільевіч ажаніўся. Пачалося мірнае жыццё. Малады мужчына браўся за любую работу, а пасля арганізацыі нафтабазы ў 1961 годзе працаваў там у ахове больш за 25 гадоў.
Разам з жонкай выгадавалі трох дачок, 66 гадоў пражылі разам, а пасля смерці сваёй другой палавінкі Павел Васільевіч пакінуў Лінова і цяпер жыве ў дачкі Валянціны ў Аранчыцах. З радасцю гатовы прыняць у сябе бацьку і дзядулю ўсе яго дзеці і ўнукі, але пажылому чалавеку лепш дыхаецца ў вёсцы, чым на гарадскіх паверхах. На свята ўся сям’я збярэцца за вялікім сталом і, па добрай традыцыі, адна з унучак сыграе на акардэоне “Синий платочек”.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).