Четверг, 29 октября 2020

Наш опрос: самый запоминающийся первоапрельский розыгрыш?

835

Кажуць, панядзелак — дзень цяжкі. Але толькі не ў тым
выпадку, калі ён прыпадае на 1 красавіка. Дзень, калі многія любяць пажартаваць з блізкіх, сяброў і калег, уключаючы на поўную магутнасць сваю фантазію, паколькі добра ведаюць, што іх за гэта ніхто не пакарае. З гэтай нагоды журналісты «раёнкі» выйшлі ў горад і папрасілі прахожых успомніць пра лепшыя розыгрышы ў іх жыцці.
Аляксандр Міхайлавіч:


— Сам не разыгрываў. А вось сын!.. Зрабіў «чароўную» скрынку для дэманстрацыі фокуса: апускаеш белую паперку — а знізу дастаеш сапраўдныя грошы (зразумела, што ён загадзя закладваў туды купюры). І вось аднойчы 1 красавіка прыехала да нас адна знаёмая, і скрынка «надрукавала» ёй у падарунак грошай. «Бярыце, — кажам, — мы заўтра яшчэ надрукуем». Яе вочы акругліліся: «Як вы гэта зрабілі? Падзяліцеся, калі ласка, сакрэтам з маім зяцем. Ён у мяне такі майстар — хай і ён такую машынку зробіць…»

Ксенія з дачкой Насцяй:


— Ну, вядома, жартавалі і разыгрывалі адзін аднаго. То кнопкі падкладвалі на крэслы і вучням, і настаўнікам. То памятаю, як хлопцы нам чарвякоў у фанцікі заварочвалі і прапаноўвалі пачаставацца «цукерачкай». Усяго было! На ўсялякі выпадак навык хуткага бегу быў ва ўсіх: а раптам чалавек пакрыўдзіцца і захоча «абмеркаваць» з вамі ваш жарт?

Насця і Дзіма:


— Мяне аднойчы разыгралі мае аднакласніцы, патэлефанаваўшы з раніцы 1 красавіка і паведаміўшы, што конкурс «А ну, дзяўчынкі», у якім я павінна была прымаць удзел, пераносіцца з 8 красавіка на тыдзень раней. Я апранаю святочную сукенку, туфлікі на абцасах і з хуткасцю спрынтара бягу ў школу. Прыбягаю, тузаю дзверы — зачынена! Грукаю з усіх сіл у вокны, крычу: «Адчыніце»! Адчынілі, дакладней, адчыніў… Вартаўнік.
— А мы, хлопцы, любім жартаваць так. Таварышу можам сказаць, што ў яго шнуркі развязаныя, і той нахіляецца, каб прывесці абутак у парадак. Ці ціхенька на вуха, нібы для таго, каб не пакрыўдзіць, адкрываем сябрам страшную навіну: маўляў, у іх «ззаду на каленях» дзіркі… Не задумваючыся, абарочваюцца, глядзяць…

Міхаіл:


— Ну, вядома, жартавалі крышачку з аднакласнікаў. Але лепш раскажу, як настаўніца пажартавала з нас. Памятаю, зачытвае адзнакі па кантрольнай рабоце: ва ўсіх выдатныя вынікі… Даходзіць чарга да мяне, і настаўніца з сур’ёзным выглядам прамаўляе: «Вусік — два!» — «Як? — упадаю ў поўны ступар. — Двойка?» Перад вачыма ўмомант пранеслася ўсё маё жыццё і бацькі… Чамусьці з позіркам грозным… І толькі пасля таго, як я разгарнуў сшытак, успомніў, што 1 красавіка на двары.

Таццяна:


— О! Я люблю жартаваць па тэлефоне са сваіх сябровак, якія трымаюць вялікую гаспадарку. «Алё, — варкую голасам сапраўднай перакупшчыцы, — жанчыначка, шчыра вітаю! Вы парасятачак прадаяце?» І вядуцца ж на жарт. Ужо гатовыя выразна назваць і кошт, і месца сустрэчы, а то і час дастаўкі на дом… А яшчэ памятаю, як у школе я замяніла настаўніцы ў шарыкавай ручцы сіні стрыжань на зялёны, і яна стала пісаць зялёным чарнілам у класным журнале… Спачатку расхвалявалася, падумаўшы, што гэта сонца ёй у вочы насвяціла, а потым рассмяялася.

Марыя:


— Памятаю, як у дзяцінстве аднойчы 1 красавіка намалявала на яйках вочкі. Мама дастае з халадзільніка латок, адкрывае — а там на яе глядзяць 10 пар вачэй. А потым неяк тату ў абутак набіла ваты і сказала: «Відаць, у цябе ногі выраслі», а ўвечары заляпіла дыстанцыйны датчык пульта клейкай стужкай.

Кацярына Аляксандраўна:


— Самы галоўны і самы сур’ёзны мой першакрасавіцкі жарт — гэта прызнанне бацькам, што я выходжу замуж. Справа ў тым, што я сапраўды на той момант збіралася замуж, але чамусьці баялася гаварыць пра гэта маме з татам, таму вырашыла, што лепшага дня, чым 1 красавіка, для такой радаснай навіны ў стылі «снег на галаву» не знайсці. Яны, вядома ж, не прынялі яе ўсур‘ёз і, падыгрываючы, засмяяліся: «Ой, як мы рады! Выходзь!» А на наступны дзень ужо было позна адмаўляцца ад сваіх слоў.
Разам з усімі смяялася Алена Зялевіч, фота аўтара.