Фрэзероўшчык і спявак? Станок і сцэна? Пра тое, што гэтыя паняцці не проста сумяшчальныя, а здольныя нават арганічна дапаўняць адно аднаго, сваім жыццёвым прыкладам даказвае жыхар в. Крыніца Віктар Васільевіч Валюшка, без сольных выступленняў якога сёння не абыходзіцца ні адзін мясцовы канцэрт.
Сам артыст-аматар родам з в.Харава. Менавіта там ён упершыню выйшаў на сцэну, праўда, школьную, і менавіта там, у мясцовай школе на ўроках працы, выявіліся яго тэхнічныя здольнасці. Па заканчэнні школы Віктар без праблем паступіў у радыётэхнічнае вучылішча г. Маладзечна, а праз два гады быў прызваны ў войска, дзе, забыўшыся на некаторы час пра станкі, працягнуў спяваць і па святах забаўляць публіку, стомленую цяжкай вайсковай службай.
У 1975 годзе Віктар Валюшка, фрэзероўшчык III разраду, уладкаваўся на Пружанскі завод радыёдэталяў, які ў той час лічыўся філіялам Першага Маскоўскага завода і займаўся вытворчасцю вырабаў радыёэлектроннай прамысловасці. Вось ужо было дзе разгарнуцца майстэрству Віктара Васільевіч! У кароткія тэрміны майстар здолеў атрымаць ІV разрад, а заняўшы ганаровае III месца на Усесаюзным конкурсе фрэзероўшчыкаў у г. Горкім (цяпер — Ніжні Ноўгарад), атрымаў V разрад. Спецыяліст працягваў вучыцца: паступіў у Мінскі політэхнічны тэхнікум, пазней скончыў і Маскоўскі політэхнічны інстытут. Хутка ў кар’еры мужчыны адбыліся прыемныя змяненні: Віктар Валюшка стаў начальнікам аддзела забеспячэння пружанскага завода і ў канцы 80-х быў залічаны ў рэзерв кадраў на пасаду дырэктара.
Але не буду апярэджваць падзеі і вярнуся ў 1970-я… У 1976 годзе Віктар Васільевіч быў абраны дэлегатам XXVI з’езда камсамолу БССР, а літаральна праз два гады стаў сябрам Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ. У маі 1982 года актыўны ўдзельнік пленумаў быў абраны дэлегатам ад Пружанскага раёна на XIX з’езд УЛКСМ.
— Усяго з Брэсцкай вобласці адабралі 26 дэлегатаў, сярод іх быў і лётчык-касманаўт Пётр Клімук, — у падрабязнасцях успамінае сёння тую значную ў яго жыцці паездку Віктар Валюшка. — Мінскую вобласць у ліку іншых прадстаўляў касманаўт Уладзімір Кавалёнак. Разам мы правялі нямала памятных вечароў. Наведалі з пазнавальнымі экскурсіямі цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў, бачылі трэнажоры, на якіх тыя адточваюць сваё майстэрства. Разам слухалі знакамітую прамову кіраўніка Савецкай дзяржавы Леаніда Ільіча Брэжнева, гучная назва якой — «Клопат пра інтарэсы народа — справа гонару камсамолу» — сведчыла аб маштабнасці задач, пастаўленых перад намі, камсамольцамі 80-х гадоў. Дарэчы, Брэжнеў, на здзіўленне, даволі выразна прачытаў свой даклад. Яго паўгадзіннае выступленне неаднаразова перарывалася гучнымі авацыямі. Усе апладзіравалі стоячы…
Вярнуўшыся дадому ў прыўзнятым настроі, Віктар Васільевіч Валюшка працягнуў будаваць светлую будучыню: і ля станка, дасканала вырабляючы дэталі, і на галоўнай сцэне гарадскога Дома культуры, якая знаходзілася тады ў будынку былога касцёла. Звычайна музычныя і тэатральныя здольнасці фрэзероўшчыка ў поўнай меры раскрываліся пад Новы год, калі, апрануўшы касцюм Дзеда Мароза, ён віншаваў шматлікую публіку на гарадскіх ранішніках, а таксама ў воінскіх часцях.
Колькі яшчэ працягваліся б яго «гастролі», калі б не разваліўся Савецкі Саюз, невядома. Крах вялікай дзяржавы ўнёс свае карэктывы і ў лёс Віктара Валюшкі: пастаўкі сыравіны на завод рэзка спыніліся, і тэхнік вымушаны быў перайсці працаваць на фабрыку швейных трыкатажных вырабаў, дзе, дарэчы, сустрэў сваё каханне — прыгажуню Наталлю. Пазней Віктар Васільевіч быў запрошаны на пасаду намесніка дырэктара пладовакансервавага камбіната.
У 2002 годзе сям’я Валюшкаў пераехала ў Крыніцу. На працу муж і жонка ўладкаваліся ў ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»: Віктар Васільевіч — механікам, а Наталля Іванаўна — загадчыцай фермы. Сёння Валюшкі — на заслужаным адпачынку.
— Калі гэта можна назваць адпачынкам, — усміхаецца жонка Віктара Васільевіча, якая сёння, дарэчы, выконвае абавязкі старасты в.Крыніца. — Віктар вельмі актыўна падтрымлівае творчыя калектывы Крыніцы, Роўбіцка, Белага Ляска і Шарашэва, сувязь з якімі наладзіў адразу па прыездзе ў вёску. З таго часу без яго ўдзелу не праходзіць ні адзін мясцовы і выязны канцэрт. Ладзіцца раённы фестываль «Крыніца — грыбоў сталіца» — калі ласка, Віктар на сцэне, дзесьці «грыміць» свята вёскі — і зноў барытон Віктар Валюшка дорыць публіцы свае музычныя, у стылі шансон, нумары, акрамя таго, удзельнічае і ў розных тэатральных пастаноўках.
Паказальна, што Наталля Іванаўна збірае ўсе газетныя артыкулы, у якіх пішуць пра мясцовых артыстаў і дзе на фота мільгае яе таленавіты муж. Але, безумоўна, галоўнымі сямейнымі рэліквіямі застаюцца шматлікія ўзнагароды (граматы і медалі), атрыманыя Віктарам васільевічам за высокія дасягненні ў працы, і фатаграфіі, на якіх ён то з сусветна вядомым касманаўтам, то з міністрам электроннай прамысловасці СССР, то яшчэ з якой знакамітасцю… А каля пяці гадоў таму Валюшкі занатавалі для сябе яшчэ адну дакументальную крыніцу: паглядзелі па тэлевізары фільм, прысвечаны развалу СССР, у якім падчас трансляцыі архіўнай хронікі паказалі дэлегатаў XIX з’езда УЛКСМ. А сярод іх камера выхапіла буйным планам Віктара Валюшку.
— Сам сябе не пазнаў! Вечна малады! — жартуе артыст.
— Прыгожы, таленавіты, надзейны, — захапляецца ім яго галоўная прыхільніца. — Чалавек слова і справы. Такіх запамінаюць і без архіваў…
Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА і з уласнага архіва сям’і Валюшкаў.