Суббота, 15 декабря 2018

Прызёр рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове Ганна Ануфрыенка: «Любоў да мовы закладзена ўва мне генетычна»

293

Гадоў дзесяць таму, калі прачытала, што ЮНЕСКА ўнесла сучасную беларускую мову ў спіс знікаючых моў свету, я зведала шок, які паступова пераўтварыўся ў глухое пачуццё роспачы… Можа, таму зараз кожная навіна пра перамогу нашых вучняў на алімпіядах па беларускай мове ўспрымаецца мной як падзея сусветнага маштабу? Таму першае пытанне, якое я задала вучаніцы 10 класа гімназіі Ганне Ануфрыенка, гучала так: “За што ты любіш яе, мову краіны блакітных рэк і азёраў?”
—…белых буслоў і магутных зуброў? — умомант адпарыравала журналісту разумная дзяўчына, якая атрымала на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове дыплом III ступені. — Люблю мову за тое, што яна закладзена ўва мне генетычна, і гэта пачуццё з гадамі толькі мацнее. Мне вельмі падабаецца гучанне родных беларускіх слоў, такіх мяккіх і мілагучных. Вы толькі паслухайце: летуценне, ціньканне, сінічкі… — не гукі, а, далібог, пярына. Так ужо падабаецца іх прамаўляць! У маёй хатняй бібліятэцы большасць кніг на беларускай мове, таму нядзіўна, што такая моўная перавага была наканаваная з дзяцінства.
Сапраўды, свае моцныя веды Ганна стала пацвярджаць яшчэ ў пачатковай школе, калі ў 4-м і наступных класах пачала займаць на алімпіядах па беларускай мове прызавыя месцы. А ў мінулым навучальным годзе адна з лепшых гімназістак Аня Ануфрыенка, паспяхова прайшоўшы школьны і раённы этапы, на абласным атрымала дыплом II ступені і стала прызёрам рэспубліканскай алімпіяды.
На пытанне, што дапамагло атрымаць такую гучную перамогу, дзяўчына адказвае:
— Хутчэй, хто! Багдановіч, Караткевіч, Быкаў і многія-многія іншыя беларускія літаратары. Кожны дзень, вяртаючыся са школы дадому, я адкрывала іх кнігі і прачытвала хоць бы па некалькі старонак. Кожны пісьменнік дае нешта сваё, асаблівае і непаўторнае. Караткевіч, напрыклад, цудоўна апісвае Беларусь! Мабыць, гэта той пісьменнік, у якога найвялікшая любоў да Бацькаўшчыны. У яго нарысе “Зямля пад белымі крыламі” вельмі падрабязна апісаны быт і паво-дзіны беларусаў, напэўна, самага памяркоўнага, сціплага, прыязнага, верацярпімага і пры гэтым самага асцярожнага народа на зямлі… На старонках твораў Караткевіча знайшлі сваё адлюстраванне і нашы народныя святы: Каляды, Купалле, Вялікдзень. І нават пра стравы пісьменнік распавёў так падрабязна, што чытаеш — і, здаецца, ясна адчуваеш духмянасць бабкі і мачанкі, запараных у беларускай печы… А ўзяць Васіля Быкава! Ніхто так не пісаў і не піша пра вайну, як ён! Каб так пісаць, трэба ненавідзець вайну, як ён, трэба любіць родную шматпакутную зямлю, як ён, трэба, нарэшце, любіць мову продкаў!
— Ганнушка, аднак лічу, што нельга так проста ўзяць і палюбіць мову, на якой табе не прызнаюцца ў каханні, на якой не размаўляюць героі тваіх сноў, на якой ты сам кожны дзень не размаўляеш. Як, на твой погляд, пераканаць людзей карыстацца роднай беларускай мовай? Мы ж так рэдка чуем яе на вуліцы!
— Паслухайце, калі чалавек самаідэнтыфікуе сябе як беларуса, то ён сам будзе імкнуцца размаўляць па-беларуску як мага часцей. Мы ж павінны вылучацца сярод іншых усходнееўрапейскіх народаў! Ці не так? Бывае, здзіўляемся, чаму замежнікі часта блытаюць нас, напрыклад, з тымі ж рускімі ці ўкраінцамі. А што мы самі зрабілі для таго, каб нас пазнавалі ў свеце? Мова — гэта ж адметнасць таго ці іншага народа, гэта нібыта лакмусавая паперка, якая пазначае нас у сусветнай прасторы. У нас жа ўсё сваё: свае арнаменты і паданні, свае танцы і песні, свая пяшчотная “Купалінка”, а не “Калінка”! Свая заліхвацкая “Лявоніха”, а не гапак.
Вось тут я цалкам згаджаюся з Ганнай:
— Сапраўды, як было добра, калі ў мінулым годзе на музычны конкурс “Еўрабачанне” паехаў гурт “NaviBand”, салісты якога Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук выканалі песню “Гiсторыя майго жыцця” на беларускай мове і выйшлі ў фінал.
— Гэта быў прарыў! — вельмі эмацыянальна адказвае на маю рэпліку дзяўчына. — Увесь свет пачуў, как прыгожа гучыць наша мова! Якая мілагучнасць у ёй і сіла, якая песняроў ускаласіла…
— І як балюча ўсведамляць, што лінгвісты яе прызналі мовай “беларусаў-магікан”, — у сваю чаргу, расхвалявалася і я. — Хто ж захавае наша дзеканне ды суседнюю мяккасць? Толькі такія разумныя дзеці, як вы.
— Так, мы захаваем, —супакойвае мяне Ганна Ануфрыенка. — Мы — гэта хлопцы і дзяўчаты, якія сустракаліся на алімпіядах і размаўлялі па-беларуску. Аж лашчыла слых мне тое асяроддзе, дзе ніхто не саромеўся роднай мовы. Ніколі не забуду адну дзяўчыну са Століна, якая ўжо не першы год перамагае на рэспубліканскай алімпіядзе. Яна настолькі жыла роднай мовай, што дзе б ні ішла, дзе б ні сядзела, заўсёды беларускія кніжкі трымала ў руках. Яе прыклад даў мне вялікі стымул для далейшага самаразвіцця. Веру, што мова мая — мой святы пасаг, мая спадчына — усё ж такі будзе жыць!
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.