Понедельник, 18 июня 2018

Штрафовать не будут? Начальник милиции прокомментировал изменения в Кодексе об административных правонарушениях

307

У апошні дзень студзеня ў сілу ўступілі змяненні ў дзеючы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У асноўным яны тычацца выканання Правілаў дарожнага руху, але ёсць і іншыя дапаўненні. Падрабязна пра гэта расказаў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.В.Гук.
— Найбольш актуальная сярод змяненняў — магчымасць сядаць за руль аўто, калі забыўся вадзіцельскае пасведчанне. У той жа час разам з паслабленнем адказнасці ёсць і яе ўзмацненне. Напрыклад, цяпер, калі «бяспраўніка» паўторна на працягу года супрацоўнікі ДАІ затрымаюць за рулём, ён можа пайсці пад суд, — тлумачыць Аляксандр Васільевіч. — У дачыненні да апошніх такія больш жорсткія змены вельмі неабходныя. Толькі за мінулы год інспектарамі дарожна-паставой службы было затрымана 357 «бяспраўнікаў». Відавочна, што чалавек быў пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання за вельмі сур’ёзныя парушэнні, напрыклад, перавысіў хуткасць руху або сеў за руль п’яным. Аднак калі ён усё роўна працягвае ездзіць, такія паводзіны могуць мець больш трагічныя наступствы. Дзеля іх папярэджання па рашэнні суда «бяспраўнік» рызыкуе трапіць за краты на 15 сутак.
— Найбольш актыўна аўтааматары абмяркоўвалі менавіта сітуацыю з вадзіцельскім пасведчаннем, якое вадзіцель забыўся дома. А як гэта праверыць?
— Такая магчымасць ёсць у інспектараў аддзялення ДАІ, з улікам чаго і быў адменены штраф па арт.18.18 за забытыя дакументы. Але з гэтай сітуацыяй не ўсё так адназначна. Напрыклад, некаторыя грамадзяне могуць спецыяльна пакідаць пасведчанне дома або адмаўляцца іх прад’яўляць інспектару. Хаця нагадаю, што, згодна з п.12 Правілаў дарожнага руху, «вадзіцель абавязаны мець пры сабе і перадаваць для праверкі супрацоўніку ва-дзіцельскае пасведчанне». Акрамя гэтага, п.5 арт.18.22 дазваляе даішніку ўсё-такі прымяняць карныя меры за такую забыўчывасць. Таму папярэджваю, што неабходна выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў інспекцыі і не правакаваць іх сваімі супрацьпраўнымі дзеяннямі.
— Аляксандр Васільевіч, з якімі яшчэ новаўвядзеннямі давядзецца сустрэцца вадзіцелям?
— Ёсць яшчэ некалькі змяненняў, якія на фоне асноўнай групы выглядаюць больш «дробнымі», але тым не менш нясуць некаторую зручнасць. Напрыклад, рыхтуецца законапраект, паводле якога будзе адменены талон да вадзіцельскага пасведчання. З улікам гэтага адміністрацыйнае заканадаўства цяпер прадугледжвае пры ўчыненні дарожна-транспартнага здарэння толькі канфіскацыю пасведчання — без талона да яго.
Два істотныя змяненні тычацца непасрэдна штрафаў. У прыватнасці, віноўнік ДТЗ бу-дзе вызвалены ад адміністрацыйнай адказнасці за дробную аварыю, удзельнікі якой запоўнілі «еўрапратакол». Гэта магчыма ў тых выпадках, калі ўдзельнікі здарэння не атрымалі цялесных пашкоджанняў, а ўрон нанесены толькі транспартным сродкам або маёмасці.
У дадатак павялічваецца тэрмін аплаты штрафаў за парушэнне Правілаў дарожнага руху. Раней на гэта адводзілася пяць дзён, па заканчэнні якіх начальнік інспекцыі мог павялічыць накладзены памер штрафу па сваім меркаванні. Цяпер жа прыцягнутаму да адміністрацыйнай адказнасці аўтааматару даецца 30 дзён. Аднак па заканчэнні гэтага перыяду сума штрафу, калі ён быў не аплачаны, аўтаматычна павялічваецца на дзве базавыя велічыні.
— А што гэта за такія дапаўненні, як разгляд змякчаючых віну акалічнасцей?
— Цяпер за добраахвотнае спыненне супрацьпраўных дзеянняў, паведамленне аб учыненым (яўка з пакаяннем), садзейнічанне органам у вядзен-ні адміністрацыйнага працэсу можна будзе разлічваць на мінімальныя санкцыі, прадугледжаныя адпаведным артыкулам, або наогул пазбегнуць іх. У дадатак заканадаўча замацавана тое, што супрацоўнік міліцыі можа за дробныя адміністрацыйныя парушэнні, якія не нясуць пагрозу грамадству, вынесці віноўніку толькі дробнае папярэджанне. Раней міліцыянер павінен быў у любым выпадку пачынаць адміністрацыйны працэс. Але навошта гэтак рабіць, калі для чалавека бывае дастаткова слова, каб ён зрабіў высновы.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *