Среда, 19 февраля 2025

Занимаются меньше года, а уже заявили про себя. Туристический кружок в Линово объединил 12 ребят

5 868

Пакуль іх толькі 12. Актыўных, смелых і… вельмі рамантычных хлопчыкаў і дзяўчынак, маральна гатовых да пераадолення самых цяжкіх выпрабаванняў і ўзяцця самых высокіх вяршынь на зямлі. Дванаццаць вучняў з Ліноўскай і Слабадской школ — узростам ад 7 да 15 гадоў — пад кіраўніцтвам Васіля Уладзіміравіча Новіка (спецыяліста вышэйшай катэгорыі!) асвойваюць навыкі пешаходнага турызму і спартыўнага арыентавання.
Турыстычны гурток вядзе свой пачатак з «дня смеху» — з 1 красавіка 2017 года, але заняткі ў ім, як удалося нам пераканацца ўвачавідкі, зусім нежартоўныя. Тройчы на тыдзень (у сераду, суботу і нядзелю) дзеці надзяваюць страховачныя сістэмы, завязваюць мудрагелістыя вузлы на вяроўках, спускаюцца з умоўнай вышыні, перапраўляюцца па паралельных пераходах і, паступова павялічваючы нагрузкі, адточваюць элементы складанай «турыстычнай» тэхнікі.
— Мае выхаванцы правяраюць свае ўменні на практыцы: ходзяць, праўда, пакуль толькі ў «некатэгарыйныя» (яшчэ ж пачаткоўцы!) паходы працягласцю да 6 дзён і на невялікія адлегласці: пешыя — да 16 км, водныя — да 20 км, а велапрабегі — да 30 км. А праз год можна будзе паспрабаваць перайсці і да «катэгарыйных» падарожжаў. Спачатку апрабуем які-небудзь пешаходны (ад 6 дзён, да 100 км) або веласіпедны маршрут з рэчмяшкамі да 16 кг, — тлумачыць нюансы падрыхтоўкі турыстычнага «спецназа» Васіль Уладзіміравіч. Дарэчы, сам ён жыве ў г. Бяроза, дзе яго «школу» прайшло 10 выпускаў юных турыстаў.
Пад кіраўніцтвам трэнера Новіка першыя поспехі прыйшлі і да нашых дзяцей. У чэрвені ў скла-дзе зборнай каманды Пружанскага раёна (ёю кіруе С.В.Зелянееў) ліноўскія гурткоўцы ездзілі ў Ганцавічы на абласныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, дзе занялі 4 месца. Заявілі пра сябе і на адкрытым чэмпіянаце Кобрынскага раёна, дзе сталі трэцімі. А нядаўна на чэмпіянаце Брэстчыны ўвайшлі ў сямёрку мацнейшых каманд вобласці.
Як адзначае трэнер, такім поспехам спрыяюць даверлівыя адносіны ў камандзе, якія ўсталяваліся, дзякуючы сумесным выездам, паходам і ежы «з аднаго катла». Выхаванцы Васіля Уладзіміравіча падтрымліваюць адзін аднаго ў цяжкую хвіліну і гатовыя падставіць плячо сябру, які імкнецца ўзяць «новую вяршыню».

Чым жывуць юныя турысты, спытаем у саміх хлопцаў.

Вадзім Гадавікоў, 8 клас:
— Я займаюся ў гуртку ўжо паўгода. За гэты час пасябраваў і з пружанскімі спартоўцамі, і з турыстамі з іншых каманд. Здорава мець столькі сяброў! Вось у мінулым годзе ўдзельнічаў у велапаходзе па месцах баявой славы Бярозаўскага і Івацэвіцкага раёнаў. За два дні праехалі больш за 90 км. Было вельмі цікава! Мару пайсці з хлопцамі ў горы.

Мацвей Кіцель, 6 клас:
— Я таксама мару пайсці ў горны паход, напрыклад, у Карпаты, але для гэтага трэба больш займацца і набываць вопыт. Вось летам ездзілі ў велапаход. Есці гатавалі ў палявых умовах. На вогнішчы такое ўсё смачнае атрымліваецца! Выдатна было! Люблю і спаборніцтвы, стараюся знаёміцца з хлопцамі з іншых каманд. Пераймаю нешта з іх трэніровак, размінак.

Цімафей Кіцель, 8 клас:
— Я займаюся ў гуртку з моманту яго заснавання, амаль год. Вельмі падабаецца ездзіць на спаборніцтвы, дзе можна даведацца пра нешта новае: у кожнай каманды, скажам так, свае тэхнічныя хітрыкі. У Кобрыне вельмі спадабалася, набыў там шмат сяброў. У будучыні мару стаць прамысловым альпіністам, каб працаваць на вышыні. Яе зусім не баюся.

Дзяніс Мароз, 8 клас:
— А я вельмі люблю трэніроўкі па спартыўным арыентаванні і складаныя пераправы ў паходах, ды ў рацэ купацца падабаецца. Хачу стаць такім жа прафесіяналам сваёй справы, як Васіль Уладзіміравіч. Ён мой кумір.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *