Понедельник, 30 ноября 2020

Верить или не верить приметам? Рассуждаем тут

1 036

На вуліцы Свабоды, каля магазіна «Ля каштана», на тратуары стаіць слуп, які ў народзе называецца «чортавы вароты». Не перастаю здзіўляцца: амаль усе яго абыходзяць, нават сцежачка вытаптана. Пры гэтым людзі выходзяць на праезную частку, што насамрэч небяспечна. Думаю: няўжо наш народ настолькі верыць у  прымхі, што гатовы рызыкнуць нават жыццём дзеля нейкіх «забабонаў»? Многія з тых , хто так робіць, ходзяць па святах у царкву. Няўжо яны не ведаюць, што забабоны — гэта грэх?Можа, варта адкрыць ім вочы, пакуль хтосьці не патрапіў пры гэтым пад колы транспарту? Можа, прыцягнуць для абмеркавання каго-небудзь са святароў? Дзякуй за ўвагу.

Алекс.

Чалавек сам выбірае: даверыцца Богу, прымхам

ці наогул ні ў што не верыць

Здавалася б, для веруючых (па дадзеных упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леаніда Гулякі, 85 працэнтаў жыхароў краіны суадносяць сябе з вызначанай канфесіяй ці рэлігійным кірункам) усё проста – меркаванне царквы на гэты конт адназначнае.

Вось, што нам адказаў айцец Ігар (Мрыхін):

— Чалавек або верыць у Бога, або ў нейкія прыкметы. Меркаванні наконт прымет і забабонаў, да якіх Царква ставіцца адназначна адмоўна, вы зможаце знайсці ў многіх крыніцах праваслаўнай літаратуры ці ў інтэрнэце. Можна ўзяць на веру словы прападобнага Іаана Лествічніка: «Не вер, і гэта не будзе мець над табой ніякай улады». Бог дазваляе спраў-джвацца рознага роду прадказанням і супадзенням толькі ў дачыненні да тых, хто настолькі слабы верай, што замяняе гэтымі прадказаннямі свае спадзяванні. І вось трэба паставіць перад чалавекам гэту альтэрнатыву: мы або Богу давяраем і даручаем сябе Яму, памятаючы, што Ён нам волю даў, або давяраем сябе зоркам, варажбе? Думаю, гэта тычыцца не толькі праваслаўных хрысціян.

Што да атэістаў, для іх любы рэлігійны абрад падаецца прымхай. Усё залежыць ад культурнай прыналежнасці чалавека. Пры гэтым адна і тая ж прыкмета ў розных краінах можа тлумачыцца па-рознаму.

Мы баімся — і шукаем паратунку

ад страхаў у прыкметах

Наогул нават самыя «трывалыя» пачынаюць верыць у прымхі перад важнымі падзеямі: экзаменамі, уладкаваннем на працу, падчас хваробы…

І, зразумела, незлічоная колькасць забабонаў тычыцца цяжарнасці. Згодна з імі, цяжарным нельга вязаць пруткамі, сядзець на парозе, гладзіць катоў, есці рыбу,  стрыгчы валасы і многае іншае. Тлумачэнні, якія дае народ, нават не спецыялісту падаюцца смешнымі: напрыклад, ад таго, што мама будзе есці рыбу, дзіця наро-дзіцца нямым, а калі будзе сядзець нага за нагу, то дзіця стане касалапым.

Урач-гінеколаг, загадчыца жаночай кансультацыі Алена Пачынчык таксама ўсміхаецца з гэтых забабонаў і заклікае цяжарных радавацца жыццю і весці здаровы лад жыцця. Мы вырашылі абмеркаваць з ёй некаторыя прымхі.

«Нельга стрыгчыся падчас цяжарнасці»

З пункту гледжання медыцыны ніякай шкоды здароўю жанчыны і яе будучаму дзіцяці стрыжка прычыніць не можа. Удалая стрыжка толькі палепшыць ваш настрой, што карысна і плоду.

«Нельга вешаць бялізну»

Доўгі час лічылася, што, калі цяжарная высока паднімае рукі, то ў дзіцятка з’яўляецца дадатковая прастора. Яно пачынае актыўна рухацца, і пупавіна нібыта можа абматаць яго шыйку. Даўжыня пупавіны вызначаецца генетычна. Але сапраўды, такая поза для цяжарнай некарысна: з-за гэтага дзіця горш забяспечваецца кіслародам, павышаецца тонус, нават могуць быць заўчасныя роды.

«Нельга вязаць — дзіця заблытаецца ў пупавіне»

Шкода ад вязання такая ж, як і ад доўгага знаходжання перад камп’ютарам і наогул як ад любой сідзячай працы: парушаецца кровазварот органаў малога таза.

Жадаеце вязаць? Вяжыце на здароўе! Толькі ў меру, часцей рабіце перапынкі і больш пешых прагулак на свежым паветры. Дарэчы, сымбал ЗША — Статуя Свободы.

Прыміце кроплю забабонаў замест валяр‘янкі!

Дык чаму часта нават адукаваныя людзі вераць у прымхі?

Псіхолаг Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Шчаглова лічыць, што людзі блытаюць часавую сувязь з прычынна-выніковай. Пасля гэтага зусім не азначае, што па прычыне гэтага.

Пра гэта пісаў рымскі прамоўца і філосаф Цыцэрон. Нейкі Дзіягор папрасіўся на карабель. Яго, відаць, не адразу ўзялі, а толькі пасля ўгавораў. Пачалася моцная бура. Перапалоханыя пасажыры лёгка вызначылі прычыну буры: бяда здарылася пасля, а значыць, па прычыне таго, што яны пагадзіліся ўзяць Дзіягора на карабель. Дзіягор жа аспрэчыў іх выснову. Ён, паказаўшы ім на мноства іншых караблёў, якія церпяць тое ж бедства, спытаў, няўжо яны лічаць, што і на тых караблях вязуць па Дзіягору?

А яшчэ людзям вельмі ўласціва верыць у тое, што ім падабаецца.

Французскі псіхіятр доктар Франсуа Лаборд сцвярджае, што «забабоннасць дае чалавеку адчуванне ўлады над падзеямі і бачнасць магчымасці кантраляваць іх». Па яго меркаванні, гэта разнавіднасць таннага і лёгкадаступнага заспакаяльнага.

Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *