Понедельник, 19 февраля 2018

В Палацыке прошла VI научно-краеведческая конференция

829

У мінулую пятніцу, 28 красавіка,  у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылося, напэўна, адно з галоўных раённых мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі, – VI навукова-краязнаўчая канферэнцыя. Адметнасцю яе стала ўжо сама назва – “Пружанскі дыярыуш” (з латыні – “дзённік”), што падкрэслівае ўстойлівасць і запатрабаванасць у зацікаўленага грамадства новых гістарычных звестак роднага краю.

Адразу трэба адзначыць, што за шэсць гадоў існавання ў палацыкавых канферэнцыях прыняло ўдзел больш за сотню прадстаўнікоў разнастайных навуковых устаноў з розных куткоў рэспублікі і бліжняга  замежжа – Польшчы, Украіны і Расіі. На сёння ўжо выдадзена пяць навуковых зборнікаў дакладаў, якія маюць пэўную вагу ў свеце айчыннай навукі і краязнаўства, бо ахопліваюць амаль усе галіны даследаванняў па беларуска-польска-ўкраінскім памежжы.

На гэты раз у музей завітала амаль два дзясяткі навукоўцаў, і адметна, што большасць выступленняў прысвячалася менавіта Пружаншчыне і звязаным з ёй знакамітым асобам.

Настаўніца гісторыі Ружанскай сярэдняй школы Ларыса Іванаўна Давідзенка выступіла з дакладам аб выдатным чалавеку – айцу Іаане Наўродскім, былым светары Свята-Петрапаўлаўскай царквы г.п.Ружаны, подзвіг якога падчас Другой сусветнай вайны варты гонару і павагі.

Цікавую тэму заявіла адказны сакратар раённай газеты Ірына Сядова. Тэма яе даклада “Вёска Забаб’е: Пружанская Атлантыда” ўзрушыла аўдыторыю, бо, як сапраўдны апантаны навуковец, Ірына Уладзіміраўна ўскрыла цэлае напластаванне гістарычных падзей невялікай вёскі на Пружаншчыне, якой сёння ўжо не існуе.

Прыцягнулі ўвагу і даклады двух пружанскіх краязнаўцаў, былых вайскоўцаў – Сяргея Рабчука і Уладзіміра Дадзіёмава, якія азнаёмілі прысутных з гісторыяй і лёсам Міхайлаўскага  штаба – ваенных казарм і пабудоў у в.Слабудка, што з’яўляюцца найлепшым эталонам “цаглянай” архітэктуры ў нашым рэгіёне.

Невыпадкова ў год невя-лікага юбілея Юзафа Крашэўскага (205 гадоў з дня нараджэння) на канферэнцыі прагучалі два даклады, прысвечаныя гэтай знака-мітай асобе. Пчаляр, самабытны паэт і перакладчык Мікола Папека распавёў аб сваіх даследаваннях аповесці пісьменніка “Чортава магіла”, якая,  напэўна, была напісана на нашым мясцовым матэрыяле і таму з’яўляецца важнай этнаграфічнай крыніцай. А галоўны захавальнік фондаў пружанскага музея Наталля Пракаповіч, як і чакалася, падрыхтавала абагульняючы матэрыял аб выдатнай імянной калекцыі “Юзаф Крашэўскі” ў фондах музея, якая сёння налічвае амаль 400 адзінак і не мае роўных сярод іншых музейных збораў краіны.

Варты ўвагі даклад падрыхтаваў і даўні сябра музея, старшыня арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, архівіст Зміцер Юркевіч, які распавёў аўдыторыі аб сваяцкіх сувязях Рэйтана, Тадэвуша Касцюшкі і Ігната Дамейкі. Знойдзеныя ім раней невядомыя факты выклікалі непрыхаванае здзіўленне і захапленне нават у вядучых рэспубліканскіх даследчыкаў. Зацікавіў і даклад маладога археолага з г.Гродна Алеся Гаршкова, які расказаў гасцям імпрэзы пра археалагічныя раскопкі  на рацэ Зяльвянка.

Адзначым, што ў хуткім часе ўсе жадаючыя змогуць бліжэй азнаёміцца з дакладамі выступоўцаў у зборніку матэрыялаў, які будзе выдадзены палацыкам.  А нам застаецца з гонарам падагульніць, што “Пружанскі дыярыуш”, створаны намаганнямі пружанскага музея, прайшоў паспяхова і ў  перспектыве можа стаць сапраўдным навуковым брэндам Пружаншчыны.

Алена Зялевіч,  Сяргей РАБЧУК (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *