Понедельник, 22 октября 2018

Из Донецка в Великое село. Большая украинская семья нашла счастье в белорусской деревне

1 314

— Добры дзень! Ці магу я праз газету перадаць словы ўдзячнасці дырэктару ААТ «Вялікасельскае Агра» В.Л.Севасцьянчыку і ўсім жыхарам вёскі Вялікае Сяло за іх добразычлівасць да нас, дапамогу ў складанай сітуацыі і проста чалавечую шчодрасць?IMG_2814

З гэтых слоў пачалося наша знаёмства з Галінай Аляксандраўнай Далгаполавай, яе шматдзетнай сям’ёй, а таксама шматлікімі сваякамі і землякамі. Так склалася, што год таму яны, карэнныя жыхары Данеччыны, дзе нарадзіліся і адкуль ні разу не выязджалі, былі вымушаны кідаць нажытае і шукаць новае месца для ўладкавання.

— Некаторыя з суседзяў паехалі на захад Украіны, хтосьці падаўся ў Расію. А мы шмат прыемнага чулі пра Беларусь, асабліва пра тое, што паехаўшыя туды вяртацца назад не збіраюцца.

І хаця дагэтуль Далгаполавым не давялося пабываць у «сінявокай», адпраўлены «ў разведку» тата пацвердзіў пачутае раней, і ўсе разам — сваякі і землякі — зняліся з месца і паехалі за тысячу кіламетраў, каб пачаць новае жыццё.

Самае галоўнае, што беларусы ніколі не абяцаюць немагчымага. Напрыклад, Васіль Лявонцьевіч Севасцьянчык паабяцаў, што дапаможа вырашыць праблему з жыллём і абавязкова дасць працу.

— 18 снежня мы прыехалі, і на наступны дзень муж выйшаў на работу, а хутка і я за ім,— расказвае Галіна Аляксандраўна.

Галаве сям’і Далгаполавых пашанцавала больш, бо і на Данеччыне ён працаваў механізатарам. А вось жонцы са спецыяльнасцю культработніка давялося асвойваць прафесію даяркі. Хаця гэта было не вельмі складана, бо на Украіне Далгаполавы трымалі вялікую гаспадарку.

Выдзелілі на вялікі кагал вымушаных перасяленцаў і жыллё. Спачатку давялося жыць разам у невялікай хатцы, але дырэктар таварыства, трымаючы слова, перадае шматдзетнай сям’і больш прыдатны дом, дзе зараз вядзецца рамонт, і хутка Далгаполавы справяць уваходзіны. Прычым, яны выдатна разумеюць, што ў кіраўніка хапае і іншых праблем, аднак за такую падтрымку для іх і жадаюць выказаць самую вялікую падзяку. Як і мясцовым жыхарам, многія з якіх аказвалі дапамогу.

Што прынёс мінулы год новым жыхарам Вялікага Сяла? Трое дзяцей Далгаполавых выдатна прыжыліся: хто ў школе, а хто — пакуль у дзіцячым садку. Складана было асвоіць беларускую мову, але дзятва справілася з гэтым хутка. Тым больш, што ніхто іх не прымушаў да перавучвання з украінскай. Бацькі Галіны Аляксандраўны таксама абжываюцца тут, сёстры паступілі вучыцца ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна. А сама Галіна — у  Гродзенскі сельгасуніверсітэт, дзе завочна атрымлівае вышэйшую спецыялізаваную адукацыю.

Шмат прыемных змяненняў адбылося і ў сем’ях іншых перасяленцаў з Данеччыны, у некаторых чакаецца хуткае нараджэнне ўжо сапраўдных беларусаў.

— Магчыма, пасля наладжвання поўнага міру на роднай зямлі зноў захочацца вярнуцца?

— Мы не ад дабра дабра шукалі, — кажа Галіна Аляксандраўна, —таму  наўрад ці варта вяртацца:  давядзецца аднаўляць парушанае, па-новаму пачынаць жыццё.  Галоўнае, на Пружаншчыне мы сталі сваімі, а ўсё астатняе нажывецца.

Алег СІДАРЭНКА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *