У мінулую нядзелю на галоўнай спартыўнай арэне вобласці спорткомплексе «Брэсцкі» прайшоў фінальны матч на Кубак Брэсцай вобласці па футболе паміж камандамі ФК «Ружаны» і РФК «Колас-Дружба» (Баранавіцкі раён).
Гульня насіла сапраўдны кубкавы характар. Першы тайм завяршыўся з лікам 1:0 на карысць ружанскай каманды. Дакладны ўдар па варотах саперніка нанёс Уладзімір Шаўчук.
Пасля перапынку гэты нападаючы аформіў дубль, і ФК «Ружаны» павёў з лікам 2:0. Здавалася, што перамога зусім блізка, але так не думалі футбалісты з Баранавіцкага раёна. Яны знайшлі ў сабе сілы аднавіць раўнавагу ў ліку. У дабаўлены арбітрам час Дзяніс Рудэнка мог зняць усе пытанні наконт пераможцы гэтага супрацьстаяння, але мяч пасля яго ўдару трапіў у перакладзіну.
Каб выявіць мацнейшага, давялося гуляць дадаткова два таймы па пятнаццаць мінут. І тут больш сіл засталося ў нашых землякоў. Аўтарам пераможнага мяча стаў Аляксей Сергіюк.
Такім чынам, ФК «Ружаны» перамог з лікам 3:2 і стаў уладальнікам Кубка вобласці. Ганаровы трафей капітану каманды Ігару Шамецюку ўручыў старшыня федэрацыі футбола вобласці Яўген Трацюк.
Агульную перамогу «кавалі» наступныя футбалісты: Дзяніс Рудэнка, Уладзімір Шаўчук, Ігар Шамяцюк, Юрый Макарэвіч, Уладзімір Давідзенка, Васіль Кечка, Андрэй Кечка, Іван Кечка, Дзмітрый Алізаровіч, Сяргей Круглей, Аляксандр Тарасевіч, Сяргей Міхнюк, Аляксандр Несцяровіч, Аляксандр Белаглазаў, Дзмітрый Шындыч, Аляксей Сергіюк, Валянцін Кутасевіч, Дзмітрый Мілеўскі, Раман Дземідовіч. Ну і, безумоўна, галоўным чалавекам у камандзе без якога была б немагчыма гэта гучная перамога, з’яўляецца трэнер і адміністратар Юрый Уладзіміравіч Манцэвіч.
У верасні ФК «Ружаны» чакае рэспубліканскі турнір з удзелам уладальнікаў кубкаў усіх абласцей і горада Мінска. Яго пераможца атрымае права згуляць на міжнароднай арэне.
Але ўдзел у рэспубліканскім турніры для нашай каманды пакуль знаходзіцца пад пытаннем. Галоўны бар’ер — адсутнасць фінансавай падтрымкі.
Мікола Архуцік, Генадзь Казлоўскі (фота).
