Як можна звычайную вясковую сядзібу ператварыць у райскі куточак, добра ведаюць Людміла і Сяргей Варабей. І не толькі ведаюць! Яны гэта зрабілі ўсяго за тры гады, калі пасля пераезду з горада ў вёску ўзяліся за добраўпарадкаванне, здавалася б, звычайнай вясковай хаты і падворка. Сёлета іх сядзіба ў в.Харава – лепшая.
Людміла Уладзіміраўна – загадчыца гаспадаркі дзіцячага садка, яе муж Сяргей Іванавіч працуе ва-дзіцелем. Словам, людзі заняты справай. Таму, гледзячы на ўтульны дом з тэрасамі, з густам аформленыя газоны з кветнікамі, як зараз модна гаварыць – разнастайныя малыя архітэктурныя кампазіцыі, створаныя рукамі гаспадароў, узнікае слушнае пытанне:
— Калі ўсё гэта паспяваеце?
— Проста, — адгукаецца першай Людміла, — мой муж адпачываць не ўмее і нам з дачкой не дае.
Відаць, нават цяжка ўявіць, што не ўмее рабіць чалавек, які асвоіў усе спецыяльнасці. Менавіта так кажа пра Сяргея жонка. А гэта – не толькі работа з дрэвам ці металам. Аднолькава спраўна ён і будаўнічую кладку зробіць, і глебу пад пасеў падрыхтуе, і машыну адрамантуе.
— А задумкі чые? – разглядаю лупатую саву на яблыні, змайстраваную з пластыкавых бутэлек.
— Фантазіруем разам, — разважае Сяргей. — Вельмі часта дапамагае назіральнасць. Убачылі нешта прыгожае — зрабілі ў сябе дома. Хаця часцей ідэі ўсё ж з’яўляюцца ў Людмілы. Я ж іх толькі ўвасабляю.
Так на падворку з’явіліся штучныя лебедзі, вожыкі і нават жыраф, “выраслі” пальмы. Нехта з вяскоўцаў такога энтузіязму сямейнай пары не разумее. Здзіўляецца, калі не зважаючы на дождж ці цемру, Сяргей з Людмілай працягваюць нешта майстраваць на сваім падворку. Аднак большасць вяскоўцаў проста ў захапленні і ад прыгажосці на сядзібе, і ад працавітасці гаспадароў.
Галіна Каляда, Сяргей Талашкевіч (фота).