Пятница, 23 мая 2025

Районный этап конкурса «Новые имена Беларуси-2016» завершился. Ждем результатов областного

1 552

Адметнай асаблівасцю раённага этапу рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі-2016» стала імправізаваная вясковая сядзіба, у афармленне якой увайшлі работы Людмілы Яроцкай з ААТ «Айчына» (на здымку крайняя злева) — узоры  мясцовага нацыянальнага касцюма і арнаменту.  А дапамаглі ёй работнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Смаляніцкага сельскага Дома культуры.IMG_5905

Нагадаем, конкурс малады — ладзіцца ўсяго толькі другі год, і сёлета прыкметна адрозніваўся ад мінулагодняга: арганізатары — Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі — вырашылі пашырыць фармат.

Па-першае, памяняліся ўмовы конкурсу, згодна з якімі заявіць пра сябе і свой талент на гэты раз маглі людзі любых узростаў, галоўнае — быць членам прафсаюзнай арганізацыі.

Па-другое, парадаваць гледачоў сцэнічным майстэрствам маглі як вакалісты, так і танцоры, акцёры, інструменталісты, а разам з тым і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Для апошніх нават вызначылі асобную намінацыю.

Здаецца, з прэтэндэнтамі на перамогу ў намінацыі «Сцэнічнае майстэрства» вызначыцца было прасцей: у першым раённым адборачным туры перад журы выступілі ўсяго 15 калектываў. Пуцёўку ў наступны адборачны тур атрымалі трое: трэцяе месца ў салісткі з ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Наталлі Грыцай, другое — у Святланы Машкала, члена прафсаюзнай арганізацыі СШ №5. Галоўная стаўка зроблена на ўдзельнікаў ад Пружанскай ЦРБ — трыа «Акорд» у складзе Паўла Цімашчука, Кацярыны Бурдук і Вольгі Якімавай. Падчас другога тура можна было яшчэ раз пачуць іх выступленні.IMG_6041

Нямала захопленых водгукаў атрымалі прэтэндэнты на званне лепшага ў намінацыі «Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»: на суд журы было прадстаўлена больш 150 рознапланавых работ. Цікаўныя абмяркоўвалі ўбачанае, параўноўвалі вышыўкі, разглядалі работы, выкананыя ў новых тэхніках, — так у некалькіх словах можна апісаць тое, што адбывалася ў кулуарах Палаца культуры. Сярод тых, хто назіраў за ўсім, што адбываецца, былі госці з Брэста і Мінска. Высокую адзнаку мясцовыя арганізатары конкурсу атрымалі ад начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце ФПБ Глеба Лапіцкага.IMG_5933

— Варта адзначыць, Пружанскі раённы этап конкурсу — гістарычны: завяршае ўсе раённыя этапы краіны, а іх прайшло больш 130, у якіх прынялі ўдзел больш 40 тысяч членаў прафсаюзаў, — зазначыў суразмоўца. — І яго відавочная адметнасць — шырока прадстаўлены вынікі творчасці непрафесійных майстроў: работнікаў аграрна-прамысловага комплексу, камунальнай галіны, медработнікаў…IMG_5921

Вылучыць той ці іншы рэгіён госць са сталіцы не ўзяўся: на яго думку, кожная рэгіянальная выстава мае сваю «изюминку». На Пружанскай зямлі такой адметнай асаблівасцю стала прадстаўленне строю пружанскага нацыянальнага касцюма і арнаменту.

— Бачна, чалавек заняты не проста вышываннем па канве, а карпатлівай справай, якая ўключае пошук інфармацыі пра адметныя асаблівасці: ствараецца не проста прыгажосць — захоўваецца культурная спадчына, — даў ацэнку Г.А. Лапіцкі імправізаванай вясковай сядзібе, якую назваў «фішкай» выставы.

Журы, перад якім стаяў няпросты выбар, аказалася адзінадушным  з гэтым меркаваннем: работы Людмілы Яроцкай (ААТ «Айчына»), якія былі выкарыстаны для стварэння сядзібы, прызнаны лепшымі. Другое і трэцяе месца было прысуджана Алене Халецкай, члену прафкама ЦРБ, і Ірыне Пасевіч, выступаўшай ад  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама. IMG_5868

І вакалісты, і майстры прадставяць Пружаншчыну на абласным этапе. Дарэчы, сёлета хвалявацца на абласной сцэне нікому не давядзецца: у горадзе над Бугам вынікі падвядуць завочна — вакалістаў і артыстаў ацэняць па аўдыё- і відэазапісах, майстроў — па прадастаўленых загадзя работах.

Арганізатары перакананы, што «Новыя імёны Беларусі» патрэбны людзям: сцэнічны конкурс дазваляе праявіць сябе самародкам з глыбінкі, а дэкаратыўна-прыкладная творчасць выявіць тых, хто стварае прыгажосць сваімі рукамі і не мае магчымасці паказаць сябе.

Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *