Пачынаючы са снежня, Пружаншчына сачыла за поспехамі нашых юных фігурыстаў на першынстве Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні “Зорачка”. Нагадаем, што спаборніцтвы складаліся з некалькіх этапаў. Ужо ў першым туры нашы дзяўчынкі і хлопчык паказвалі выдатныя вынікі і парадавалі поспехамі.
Галоўнымі героямі фіналу сталі прадстаўнікі бронзавага класа Насця Белавус, Таня Мігіц і Яўген Пузанаў. Насця і Жэня заваявалі першыя месцы, а Таня, якая была першай ва ўсіх адборачных турах, у фінале заняла другое месца. Дарэчы, на жараб’ёўцы ёй дастаўся першы парадкавы нумар, не самы ўдалы для выступлення.
Па выніках усіх тураў Пружанская ДЮСШ №2 заняла другое (!) агульнакаманднае месца, прапусціўшы наперад толькі Мінск, але пакінуўшы за сабой Гомель, які шмат гадоў славіцца сваёй сур’ёзнай школай і трэнерамі (майстар-класы юным гамельчанам даюць алімпійскія чэмпіёны Ілья Авярбух і Ірына Лабачова), а таксама горад Рэчыца.
Па ўмовах першынства, у залік ішлі прызавыя месцы ўсіх тураў па ўсіх класах і намінацыях. Пружанцы прадстаўлялі школу толькі ў сярэбраным і бронзавым класах сярод дзяўчынак і ў бронзавым класе сярод хлопчыкаў (іншыя вядомыя ў рэспубліцы школы рыхтавалі стартсменаў для “Зорачкі+”, выступалі ў парным і сінхронным катанні).
Займаюцца з таленавітымі пружанскімі дзецьмі не менш таленавітыя трэнеры Руфіна Аляксееўна Ганчарук і Вольга Анатольеўна Уважаная. Акрамя кубкаў і прызоў, з фіналу яны прывезлі і вельмі важкую пахвалу ад галоўнага суддзі спаборніцтваў Аляксандра Марозава, які назваў выступленне нашай каманды сапраўднай сенсацыяй.
Пра поспехі юных фігурыстаў мы неаднойчы пісалі ў нашай газеце, і ўжо напачатку «Зорачкі» адзначалі, што спаборніцтвы асабліва яскрава выявілі праблемы маленькіх спартсменаў. Так, фігурнае катанне не толькі прыгожы від спорту, але і дарагі. Да кожнага тура бацькі юных фігурыстаў за ўласныя грошы набывалі касцюмы. Усе нашы пераможцы выконвалі складаныя элементы і скачкі на каньках, прызначаных для масавага катання, бо прафесійных у іх пакуль няма. Нагадаем, што адна пара прафесійных канькоў каштуе ад 300 долараў ЗША, а касцюм — ад 100 долараў. Дарэчы, юныя фігурысты згодны выступаць з эмблемай спонсара на касцюмах. Зразумела, калі такі, нарэшце, знойдзецца.
Даведка:
Прафесійныя канькі для фігурнага катання не толькі больш зручныя для выканання складаных элементаў, але і аберагаюць галенастоп спартсмена ад траўм. Лязо ў такіх каньках мае іншую форму, а чаравік зроблены са спецыяльнага матэрыялу.
Не ва ўсіх касцюмах могуць выступаць фігурысты. На першыя спаборніцтвы нашы дзеці адправіліся ў касцюмах, пашытых мясцовымі швачкамі (яны абышліся бацькам у 100-200 тысяч беларускіх рублёў). Аднак суддзі звярнулі ўвагу на неадпаведнасць вопраткі. Большасць нашых фігурыстак выступае ў касцюмах, якія былі ў выкарыстанні (самы танны быў набыты за 80 у.а.).
Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).
НА ЗДЫМКУ: трэнеры Р.А. Ганчарук (справа) і В.А.Уважаная са сваімі выхаванцамі Насцяй Белавус, Таняй Мігіц і Яўгенам Пузанавым.