Четверг, 16 января 2025

Кому банковская карточка, а кому — кусок пластика. Или как жители Криницы живут без денег

1 871

Амаль дзесяць гадоў таму ў нашым раёне з’явіліся першыя банкаўскія пластыкавыя карткі. За мінулы час многія пагадзіліся, што такім чынам карыстальнік атрымлівае шмат пераваг. А з развіццём адпаведнага сэрвісу практычна ўсе пружанцы не ўяўляюць свае паўсядзённыя клопаты без гэтага кавалачка пластыку, некаторыя маюць па некалькі банкаўскіх картак. Уявіце такую сітуацыю. Раптам абарваліся ўсе сувязі з рэспубліканскім цэнтрам па абслугоўванні банкаўскіх картак, і пластыкавым кашальком стала немагчыма скарыстацца практычна ні ў адным магазіне або сэрвіснай арганізацыі. Катастрофа? А як расказала нам Ала Уладзіміраўна Саковіч з вёскі Крыніца, у такіх умовах — практычна ўсё працоўнае насельніцтва гэтага населенага пункта.

— Я працую ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча» разам з некаторымі аднавяскоўцамі, — кажа жанчына. — Атрымліваем заработную плату на пластыкавыя карткі. Крынічане, якія працуюць у іншых арганізацыях раёна, — таксама. А вось скарыстацца карткамі не можам.

Як расказала чытачка, у Крыніцы, якая сёння наўрад ці адносіцца да неперспектыўных вёсак (тут жывуць каля 300 чалавек, ёсць дзіцячы садок і базавая школа, працуе клуб), няма ніводнага разліковага тэрміналу. Банкаўскае аддзяленне даўно не працуе. У мясцовым магазіне, пункце грамадскага харчавання, аддзяленні сувязі расплаціцца па картцы нельга, толькі наяўнымі. Ды няма як і наяўныя грошы зняць!

Хто сочыць за адпаведнымі навінамі, ведае, што Саветам Міністраў РБ удзяляецца ўвага развіццю ў краіне сістэмы безнаяўных разлікаў. Каб грамадзяне рэспублікі ажыццяўлялі разлікі пераважна пры дапамозе пластыкавых картак.

— Ды і мы былі б рады так рабіць,— гавораць жыхары Крыніцы.— Толькі як? Атрымліваецца, што і зарабляем няблага, грошы ёсць. Пры гэтым харчуемся пераважна тым, што дае ўласная прыся-дзібная гаспадарка, бо нават хлеба часам не можам купіць.

Перыядычна вяскоўцы накіроўваюць «кур’ера» па наяўныя грошы. Раней адпраўлялі ганца ў г.п.Шарашова, але ў аддзяленні банка адмовіліся выдаваць грошы па чужых картках. Цяпер ездзяць у Камянюкі, Пружаны і нават Брэст, дзе ёсць банкаматы. Уявіце сабе чалавека, які з дзясяткам банкаўскіх картак і  са спісам ПІН-кодаў падыходзіць да банкамата, каб выканаць заяўкі аднавяскоўцаў. Ці паверыць яму пільны міліцыянер, калі ўбачыць такую сітуацыю?

— У «раёнцы» чытала пра развіццё аграбізнэсу ў нашым рэгіёне,— расказвае А.У.Саковіч.— Пабудавана і дарога ўздоўж Белавежскай пушчы. А жыхары Еўропы амаль увогуле не карыстаюцца наяўнымі грашыма. І што яны будуць у нас рабіць са сваімі пластыкавымі карткамі? P.S. Старшыня Шарашоўскага пасялковага Савета В.А.Малышкевіч расказаў, што праблема вяскоўцаў вядома. Старшыня райспажыўтаварыства Д.П.Карпей паабяцаў, што ў адной з гандлёвых кропак на тэрыторыі вёскі ў чэрвені з’явіцца разліковы тэрмінал. Але ж чаму ў нас усё робіцца так: спачатку мы прымусім людзей падтрымліваць нейкія новаўвядзенні і толькі праз нейкі перыяд іх пакут пачынаем ствараць зручнасці? Можа, лепш спачатку пусціць цягнік, а потым запрашаць на яго пасажыраў?

І ўвогуле застаецца без адказу пытанне: чаму райспажыўтаварыства павінна вырашаць гэтыя праблемы, а не тыя ўстановы, якія маюць прыбытак ад абслугоўвання пластыкавых картак?

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *