Традыцыйна героі нашай рубрыкі расказвалі пра свядомы, а не спантанны, выбар сваёй прафесіі. Аднак не для ўсіх лёс можа складвацца так удала, і прыклад В.Ф.Кірушчанкі таму яскравае сведчанне. Васіль Фёдаравіч рос у вясковай сям’і ў Бабруйскім раёне і пасля заканчэння школы меркаваў стаць урачом, жыць у вялікім горадзе. Аднак паступіць у медінстытут яму не ўдалося, і хлопец… вырашыў пайсці ў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Тут пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, адразу пасля заканчэння навучальнай установы ў 2010 годзе яны стварылі сям’ю і паехалі працаваць па спецыяльнасці.
— Даволі часта, адмаўляючыся жыць і працаваць у сельскай мясцовасці, у якасці прычын маладыя людзі называюць нізкія заробкі і адсутнасць перспектыў для кар’ернага росту,— разважае малады спецыяліст.— Мой прыклад даказвае, што рэальнасць сёння зусім іншая.
В.Ф.Кірушчанка прыйшоў працаваць у ААТ «Агра-Калядзічы» ветурачом, а праз некаторы час узначаліў ветэрынарную службу гаспадаркі.
— Галоўнае, каб навічок паказаў сваё імкненне працаваць, застацца на прадпрыемстве і пасля абавязковай адпрацоўкі,— сцвярджае Васіль Фёдаравіч.— Пагаджуся, што многае залежыць ад кіраўніцтва прадпрыемства, ад калектыву. Але і моладзі не трэба абурацца, калі старэйшыя калегі даюць парады, працягваць вучыцца на практыцы.
І хаця кажуць, што грошай многа не бывае, узроўнем заработнай платы спецыяліст задаволены. Немалаважна, што маладая сям’я адразу атрымала ад гаспадаркі жыллё, якое зараз асвойваюць з малой дачкой. А з-за таго, што цяпер яны жывуць у вёсцы, Кірушчанкі ўвогуле не сумуюць: няма гарадской мітусні, больш спакойны лад жыцця.
— Ды і хутка, мяркуючы па ўсяму, Калядзічы таксама ператворацца ў горад, калі захаваецца цяперашні тэмп узвя-дзення жылля,— смяецца малады ветурач гаспадаркі.
А як бавіць вольны час? Вось над адказам на гэта пытанне Васіль Фёдаравіч задумаўся ўсур’ёз. На жаль, у сельскай гаспадарцы свая спецыфіка ў рабоце: часу на ўсё не хапае. Да дзядуль-бабуль, сваякоў Кірушчанкі ездзяць, а вось «курорты» пакуль недасягальныя. На думку Васіля Фёдаравіча, трэба распрацоўваць такі рэгламент работ, каб працаваць «як у горадзе».
Хаця сваю прафесію В.Ф.Кірушчанка лічыць вельмі прыцягальнай.
— Пастаянна ўзнікаюць нейкія задачы і пытанні, якія патрабуюць аператыўнага рашэння. І вельмі цікава знайсці адказ, а пасля пераканацца ў тым, што выбар зроблены правільна.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).