Горад заззяў рознакаляровымі агеньчыкамі, каб стварыць жыхарам і гасцям святочную атмасферу.
Святочная традыцыя, якую распачалі пару гадоў таму па ініцыятыве былога старшыні райвыканкама М.М.Серкова, знайшла працяг і сёлета: каля дзясятка ёлачак упрыгожылі пляцоўку каля цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.Па ўбранні і знешнім выглядзе большасці ёлак можна здагадацца, работнікам якіх арганізацый належыць іх аўтарства. Металічны каркас, напрыклад, дарожных арганізацый ДРБУ-140 і ДЭУ-25 упрыгожылі дарожныя знакі. ААТ «Пружанскі кансервавы завод» выкарыстаў у якасці ёлачных цацак упакоўкі з-пад сокаў, якія вырабляюць на прадпрыемстве. DVD-дыскі ўпрыгожылі ёлачку, зробленую калектывам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у льняное палатно ўхуталі прыгажуню работнікі мясцовага льнозавода… Крэатыўны падыход праявілі і іншыя арганізацыі.
Увогуле, хочацца адзначыць, што многія арганізацыі, упрыгожыўшы фасады сваіх адміністрацыйных будынкаў і прылягаючыя да іх тэрыторыі, зрабілі свой уклад у стварэнне святочнай атмасферы ў горадзе. Калі кампазіцыя з ілюмінацый, якая пераліваецца рознымі фарбамі каля хлебазавода, — для гараджан ужо норма (прадпрыемства каторы год трымае марку і лічыцца адным з лепшых па навагоднім афармленні), то нельга не заўважыць, як прыгожа сёлета заззяла пружанскае «кальцо», аформленнае камунальнай службай. Дзякуй усім — і арганізацыям (ільнозаводу, малочнаму камбінату, заводу радыёдэталей і многім іншым), і гараджанам, агульнымі намаганнямі якіх адчуваецца святочны настрой.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).