Гэтыя словы, пакладзеныя ў пачатак надпісу на мемарыяльнай дошцы, лепш за ўсё сведчаць пра сэнс памятнага знака, які на мінулым тыдні быў урачыста адкрыты ў Новых Засімавічах. І знак, і верталёт МІ-24, які застыў на п’едэстале, будзе напамінам пра слаўных авіятараў, якія дыслацыруюцца тут з 1973 года.
Сімвалічна, што адкрыццё памятнага знака было прымеркавана яшчэ і да дня ўтварэння вайсковай часці, які адзначаўся 1 ліпеня. Відаць, і таму так шматлюдна было на ўрачыстасці, на якую, акрамя вайскоўцаў 181 баявой верталётнай базы, сабраліся мясцовыя жыхары, прыехала кіраўніцтва раёна.
У сваім выступленні падчас урачыстага мерапрыемства старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч гаварыў пра пачэсны абавязак – абараняць Радзіму, які новазасімавіцкія авіятары заўсёды выконвалі дастойна.
Камандзір 181 БВБ палкоўнік А.А.Майсевіч адзначыў, што, хоць вайсковая часць у розныя часы свайго існавання неаднаразова мяняла назву, ваеннаслужачы заўсёды з годнасцю выконвалі пастаўленыя задачы. Так было і падчас ваенных дзеянняў у Афганістане, і ў мірны савецкі час. Таму так пераканаўча гучалі словы камандзіра і выконваючага абавязкі намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце Г.І.Сакалачкі аб бяспецы паветраных рубяжоў нашай краіны, на варце якіх стаяць новазасімавіцкія авіятары.
Прысутныя ўшанавалі мінутай маўчання памяць тых ваеннаслужачых, хто аддаў свае жыцці, выконваючы прафесійны абавязак. Чын асвячэння памятнага знака правёў настаяцель прыходу ў гонар іконы Прасвятой Багародзіцы “Неспадзяваная радасць” айцец Сергій Сысаляцін. Былі ўскладзены кветкі.
Галіна Каляда, фота аўтара.