Среда, 6 ноября 2024

Агроэкотуризм в регионе: в какую идею вложить деньги?

3 668

Геаграфічна, ды і гістарычна, склалася так, што менавіта Брэсцкая і Гродзенская вобласці нашай рэспублікі захавалі найбольшую колькасць прыродных зон, якія адметныя маляўнічымі куткамі і адсутнасцю маштабнай прамысловасці. Адна Белавежская пушча чаго вартая! Менавіта таму гэтыя дзве заходнія вобласці Беларусі прыцягваюць максімум увагі ў плане развіцця турызму: па спецыяльнай праграме ААН нацыянальным Міністэрствам спорту і турызму рэалізуецца праект USAID «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё». У рамках праекта на Гродзеншчыне і Брэстчыне створаны 17 дэстынацый, або турыстычных зон, у якіх вядзецца самая актыўная работа па развіцці агра- і экатурызму.IMG_1942

У мінулыя выхадныя арганізатарамі быў праведзены прэс-тур для прадстаўнікоў друкаваных і электронных СМІ Брэста і Мінска.

Дзень першы — уражваючы

Самая вялікая турыстычная зона пад назвай «Белавежскі тракт» ахоплівае Камянецкі і Пружанскі раёны. Але нам прадэманстравалі менавіта магчымасці па прыцягненні турыстаў на Камянеччыне. Справа ў тым, як расказалі арганізатары прэс-тура, што аграсядзібы гэтага рэгіёна маюць больш адметнасцей і праяўляюць больш актыўнасці ў параўнанні з пружанскімі. На сённяшні дзень у аб’яднанне ўваходзяць 32 аграсядзібы, кожная з якіх прыцягвае сваё кола гасцей. Аднак, як зазначыў каардынатар праекта па Брэсцкай вобласці Вадзім Пракапчук, мала падрыхтаваць належныя ўмовы пражывання або размясціць маёнтак на ўлонні прыроды з захапляльнымі краявідамі. У гэтым удзельнікі тура пераканаліся на прыкладзе ся-дзібы «Лясная», якая знаходзіцца на тэрыторыі турыстычнай вёскі Белая. IMG_1938Тут дзейнічаюць некалькі кропак адпачынку, але многія з іх аказваюць толькі традыцыйныя паслугі. А вось Наталля Мазанік, уладальніца «Лясной», прадэманстравала менавіта эксклюзіўныя прапановы, сярод якіх майстар-класы разьбы па дрэве, калі госці маюць магчымасць не толькі атрымаць сувеніры з прыроднага матэрыялу, але і некаторыя рэчы вырабіць сваімі рукамі. Таксама прыцягваюць сваіх кліентаў «Сунічныя», «Малінавыя» і «Грыбныя» туры.IMG_1943

З бягучай восені больш прываблівай стала і аграсядзіба «Польскі маёнтак», які таксама дзейнічае ў гэтай вёсцы: мы прынялі ўдзел у адкрыцці музея кузні, дзе можна азнаёміцца не толькі з прыладамі працы беларускіх кавалёў або паглядзець на іх творчасць, але і прыняць непасрэдны ўдзел у працэсе. Дарэчы, падобнай праграмы няма ні на адным са знакамітых курортаў Еўропы і Азіі. Як паказвае статыстыка, пякучае сонца, блакітная марская вада, пясчаныя ўзбярэжжы і помнікі архітэктуры на сённяшні дзень не так прыцягальныя. Такую выснову выказала знакамітая падарожніца, выкладчык кафедры музеялогіі і этнаграфіі гістарычнага факультэта БДУ Надзея Суслава. Яна пабывала ў многіх краінах, дзе знаёмілася з прапановамі мясцовага турыстычнага бізнэсу. Па словах Надзеі, тыя, хто жадае ўзбагаціцца духоўна, пашырыць свой кругагляд і пазнаёміцца з іншымі этнічнымі культурамі, вельмі ахвотна вы-біраюць у сваіх паездках толькі беларускія аграэкасядзібы. Як расказвае ўладальніца сядзібы Таццяна Ісаева, прыцягвае кузня і маладых, якія разам спрабуюць выкаваць падкову для свайго сямейнага шчасця. І, дзякуючы такому падыходу, у «Польскага маёнтка» значна павялічваецца шанц на павышэнне колькасці гасцей, бо ў будучым плануецца ўключэнне яго ў экскурсійныя спісы. Тым больш, што ад галоўнага ўваходу ў Белавежскую пушчу ён знаходзіцца на адлегласці ў пяць кіламетраў.IMG_1956

Дарэчы, традыцыйнымі становяцца конкурсы «На лепшую аграсядзібу Брэстчыны», адзін з якіх стартаваў нядаўна. Словам, шанц далучыцца да дадатковых крыніц фінансавання ёсць і ў іншых.

 Дзень другі — эканамічны

Безумоўна, кожны праект павінен базіравацца не толькі на жаданнях і планах, але мець і эканамічны падмурак. Для чаго трэба ўсё выдатна разлічыць і ўкладваць сродкі толькі ў тыя ідэі, якія будуць мець поспех. У вёсцы Млыны Камянецкага раёна размешчана аграсядзіба «Млынок», якая мае пэўную вядомасць у сваёй дэстынацыі і эфектыўна дзейнічае. У чым яе прыцягальнасць? Належыць маёнтак Георгію Грабаву, які вылучаецца менавіта сваёй актыўнасцю. Па яго ініцыятыве на базе Відамлянскага сельвыканкама створаны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці аграэкатурызму і вясковым прадпрымальніцтве. Гэта дазваляе не толькі карэкціраваць агульную работу мясцовых сядзіб і прадпрымальнікаў, але і абагульняць вопыт для рэкламавання паслуг. Сумесна ладзяцца розныя акцыі, у якіх удзельнічаюць беларускія і замежныя артысты, дзеячы культуры і шоўмэны. Выдаецца паліграфічная прадукцыя, якая распаўсюджваецца практычна па ўсёй Брэстчыне і за яе межамі. У выніку мясцовым прадпрымальнікам удаецца прыцягваць сюды гасцей з рэспублікі, з суседніх краін і нават з-за акіяна.IMG_1996

Гэтая падтрымка не дазваляе расслабляцца і ўладальнікам аграэкасядзіб. Напрыклад, у тым жа «Млынку» адметнасцю з’яўляецца прапанова байдарачных паездак па размешчанай у непасрэднай блізкасці ад пункта адпачынку рэчцы Лясной. Таксама маёнтак разлічаны на прыём кампаній турыстаў, якія з’яўляюцца прыхільнікамі веласіпедных паездак, чаму спрыяе і праходзячая паблізу траса на Брэст.IMG_2121

Пасля «Млынка» наша група наведала сядзібу «Калінка-2» у вёсцы Голы Барок. Уладальнікі гэтай базы адпачынку (а інакш нельга назваць двухпавярховы дом з мноствам архітэктурных дапаўненняў па ўсёй тэрыторыі) — сям’я Неліповічаў. Яны вырашылі зрабіць акцэнт не толькі на стварэнне цывілізаваных умоў адпачынку, але і ўладкавалі побач кэмпінг-стаянку. Ды не проста падрыхтаваную пляцоўку для прыпынку, а з аснашчэннем яе інжынернай інфраструктурай і камунікацыямі. На гэта ўладальнікі сядзібы ўжо выдаткавалі паўмільярда рублёў, пэўную падтрымку аказвае і праект USAID «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё». Неліповічы ўпэўнены, што ў будучым попыт будзе, а значыць, такое капіталаўкладанне эканамічна мэтазгодна.

Падвядзенне вынікаўIMG_2156

На працягу ўсяго тура ўбачанае «пераносіў» на наш Пружанскі раён і аналізаваў, ці можна тое ж самае зрабіць тут. Каардынатары праекта ўвесь час выказвалі думку, што Камянеччына ў хуткім часе стане турыстычным краем. Але патэнцыял у Пружаншчыны, на маю думку, не меншы. Калі не браць да ўвагі архітэктурныя помнікі, то гістарычнымі славутасцямі мы таксама не абдзелены. Напрыклад, Напалеонаўскі тракт і месцы першых баталій Айчыннай вайны 1812 года. Трэба ўлічваць і прыродныя рэсурсы, асабліва на возеры Паперня, дзе ўвагу вучоных прыцягваюць аздараўленчыя магчымасці ілавых адкладанняў.IMG_2193

Між тым, лічу, што развіваць турызм не толькі можна, але і патрэбна. Да прыкладу, вёска Млыны амаль што не мае ўжо сваіх жыхароў, напаўняюць яе у большасці прыезджыя. Відавочна, што такім чынам можна адрадзіць неперспектыўныя населеныя пункты. Па-другое, уладальнікі сядзіб зацікаўлены, каб прывабна выглядала не толькі тэрыторыя самой базы адпачынку, але і наваколле, для чаго пастаянна сочаць за парадкам, прыбіраюць смецце і не дапускаюць забруджвання лясоў і палёў.IMG_2141

І, нарэшце, нельга забывацца і пра аўтарытэт рэгіёна: па папярэдніх разліках, літаральна праз пяць гадоў Брэстчыну будуць наведваць да мільёна турыстаў. І сярод іх шмат бізнэсменаў, стваральнікаў вытворчасці. А значыць, не выключана, што гэта паспрыяе прыцягненню дадатковых інвестыцый.

Алег Сідарэнка, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *