Воскресенье, 19 апреля 2026

Жыццё ў ААТ «Ліноўскае» не стаіць на месцы. Даведаліся, якую тэхніку закупае гаспадарка і якія работы тут зараз вядуцца

493

Сельгаставарыства «Ліноўскае» не самае буйное па зямельных плошчах у раёне. Але гэта не значыць, што праблем і задач у яго становіцца менш. Таму кожны дзень тут стараюцца праводзіць аптымальна, не пакідаючы па-за ўвагай ніводзін накірунак дзейнасці. Разам з тым, будуюць планы на будучыню, без якіх немагчыма далейшае станоўчае развіццё таварыства.

Для кожнай гаспадаркі важным фактарам у павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі з’яўляецца абнаўленне машынна-трактарнага парка. Зразумела, што гэтае пытанне ні адно сельгаставарыства раёна вырашыць адразу не можа. Таму закупка тэхнікі і агрэгатаў праводзіцца паступова, звяртаецца ўвага на значнасць прымянення ў рабоце.

Дырэктар ААТ «Ліноўскае» Васілій Казмярчук у гэтым плане перавагу аддае трактарнаму парку, разумеючы, што менавіта гэтая тэхніка ў выніку спрацуе на прыбытак гаспадаркі. Скарыстаўшыся тым, што Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне райаграсэрвісам рэспублікі аказаць бязвыплатную дапамогу сельскагаспадарчым таварыствам, Васілій Васільевіч звярнуўся ў КУВП «Бярозарайаграсэрвіс» з просьбай аб пераабсталяванні трактара «Беларус 3022». І вось сёлета за бюджэтныя грошы заменены рухавік (устаноўлены ад «МАЗа»), і тэхніка працягвае працаваць на карысць гаспадаркі.

Механізатар Васілій Яроцкі абмяркоўвае ход сяўбы яравых з брыгадзірам брыгады №1 Сяргеем Кавалевічам.

З выкарыстаннем прамагралізінгу ў ААТ «Гомсельмаш» набыты кормаўборачны камбайн «КВК-800» з усім навясным абсталяваннем, што дасць магчымасць у больш кароткія тэрміны праводзіць уборку і закладку кармоў.

Па гэтай жа праграме куплены энерганасычаны трактар «Беларус 3522», які адразу прыступіў да работы. Новую тэхніку даручылі вопытнаму механізатару Васілію Яроцкаму. І цяпер трактар разам з сеялкай «АППМ-6» задзейнічаны на сяўбе яравых. Падмога для таварыства значная, тым больш што тэхніка дазволіць правесці паскораную сяўбу. Дарэчы, сёлета ў гаспадарцы пад раннія яравыя адведзена 610 га.

Анатоль Хвядчэня робіць агляд сельгастэхнікі «Раса».

Калі ўжо загаварылі пра сяўбу, то нельга не сказаць пра такі фронт работ, як падкормка азімых культур. Нездарма кажуць: што пасееш — тое і пажнеш. Догляд азімых павінен быць на самым высокім узроўні, бо гэта немалая частка будучага ўраджаю. Сельгаставарыства «Ліноўскае» ўжо правяло другую падкормку азімага рапсу на плошчы ў 300 га і азімых збожжавых на зерне на 1200 га. На палетку каля аг. Лінова з дапамогай сельгастэхнікі «Раса» гэтай работай займаўся механізатар Анатоль Хвядчэня. За дзень падкармлівалі 170-180 гектараў, для гэтага выкарыстоўваюцца вадкія мінеральныя ўгнаенні, якія ўносіліся і пад сяўбу яравых збожжавых.

І яшчэ дададзім, што зусім не важна, якія плошчы маеш у сваім распараджэнні. Галоўнае — гэта людзі, якія старанна працуюць, перажываюць за вынік, а значыць, усё ў нас атрымаецца.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік