Четверг, 13 февраля 2025

Юныя зоркі басейна

468

На мінулых выхадных адбыўся другі этап турніру «Дзіцячая ліга плавання», удзел у якім прынялі і нашы спартсмены.

На гэты раз спаборніцтвы прымаў горад Брэст. Юныя плыўцы з Пружан зноў годна абаранілі гонар нашага раёна і паказалі цудоўныя вынікі ў турніры на вадзе.

На гэтым этапе добрымі вынікамі адзначыліся выхаванцы трэнера Паўла Барана. На дыстанцыі 50 м брасам бронзавы медаль заваяваў Ігнат Ліпко. Цэлую скарбонку з залатых узнагарод сабрала Варвара Лукуць, якая аказалася мацнейшай за ўсіх на дыстанцыях 50 м вольным стылем, батэрфляем і на спіне, а таксама на 100 м комплексным плаваннем. У дадатак да ўсяго гэтага, наша спарт-сменка заваявала яшчэ і чэмпіёнскі кубак у мнагабор’і.

Яшчэ больш паспяхова па колькасці заваяваных медалёў выступілі плыўцы, якіх да спаборніцтваў рыхтаваў Сяргей Каляда. Па выніках турніру Цімур Дакімовіч стаў трэцім на дыстанцыі 50 м брасам, заваяваў серабро на 50 м батэрфляем і 100 м комплексным плаваннем, а таксама стаў пераможцам спаборніцтваў на 200 м брасам. Добрыя вынікі на вадзе паказаў і Яўген Бойка, які на дыстанцыі 200 м на спіне і вольным стылем заваяваў сярэбраны і бронзавы медалі адпаведна. Яшчэ адным прадстаўніком СДЮШАР № 2 г. Пружаны, якому ўдалося заваяваць узнагароды, стаў Ігнат Падгурскі. Спартсмен заняў трэція месцы на дыстанцыях 50 м вольным стылем і 100 м комплексным плаваннем. Такія ж узнагароды былі заваяваны і Арынай Варыцкай, якая здолела іх дамагчыся на 200 м на спіне і вольным стылем. У сваю чаргу, Іван Клімук прадэманстраваў свае ўменні ў стылі брасам, дзе на дыстанцыі 200 м заняў ганаровае трэцяе месца, а на 50-ці і зусім стаў чэмпіёнам. Гэтыя дасягненні далі магчымасць хлопчыку заваяваць бронзавы медаль і кубак у мнагабор’і. Добры ход па вадзе на 50 м брасам прадэманстравала і Сафія Гвоздзік, што дазволіла дзяўчыне заваяваць бронзавую ўзнагароду.

Замацаваць свой поспех, які быў паказаны ў індывідуальных спаборніцтвах, нашым спартсменам трэба было ў каманднай эстафеце, што ў іх добра і атрымалася. Яўген Бойка, Цімур Дакімовіч, Арына Варыцкая, Ганна Мацвяйчук, якія прадстаўлялі нашу каманду сярод плыўцоў 2011/2012 гадоў нараджэння, і Дар’я Раўнейка, Ігнат Ліпко, Іван Клімук, Варвара Лукуць (2015/2016 гадоў нараджэння) здолелі заваяваць у эстафеце бронзавыя медалі.

Віншуем усіх прызёраў і пераможцаў турніру, вы вялікія малайцы! Мы вамі ганарымся і жадаем не менш яскравых поспехаў на наступных спаборніцтвах.

Руслан Басак. Фота прадастаўлена СДЮШАР № 2 г. Пружаны