— Зразумела, што падчас спёкі і засухі ўзрастае рызыка лясных пажараў. Аднак чаму службы аховы лесу ўводзяць то абмежаванне, то забарону на наведванне лясных масіваў? Якая паміж імі розніца?
Са званка ў рэдакцыю.

Як паведамляе галоўны ляснічы Пружанскага лясгаса Дзмітрый Козел, такая мера, як абмежаванне наведвання лясоў, была ўведзена сёлета.
— Пры ўзнікненні ІІІ класа пажарнай небяспекі з-за ўмоў надвор’я ўводзіцца абмежаванне: наведваць лясы нельга толькі ў вызначаны часовы перыяд — з 10.00 да 19.00 гадзін. У больш раннія ці познія гадзіны сонечныя прамяні не настолькі агрэсіўныя, таму верагоднасць узнікнення пажараў у гэты час зніжаецца.
Аднак у жніўні працяглы час трымалася высокая тэмпература паветра, а вось дажджы абыходзілі нас бокам не адзін тыдзень. З-за гэтага ўзровень пажарнай небяспекі дасягнуў ІV класа, што прымусіла ўвесці безальтэрнатыўную забарону на наведванне лясоў. Патлумачу, што катэгарычная забарона дзейнічае ў дачыненні да пешых прагулак, а таксама на ўезд у лес транспартных сродкаў за выключэннем машын лясной гаспадаркі або кантралюючых органаў. У дадатак у гэты перыяд забараняюцца ўсе віды работ, якія не звязаны з вядзеннем лясной гаспадаркі.
Заклікаем грамадзян выконваць агучаныя меры перасцярогі, бо яны ўводзяцца, у першую чаргу, для грамадскай бяспекі. Пры першых зменах надвор’я, якія мы таксама з нецярпеннем чакаем, падобныя «каранціны» аператыўна адмяняюцца, пра што мы адразу паведамляем праз усе даступныя сродкі масавай інфармацыі.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка
