Калі раней паэт усхваляў жанчын, якія могуць каня на скаку спыніць, то зараз прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва з лёгкасцю спраўляюцца з «жалезным канём». Гэта і пацвердзіў конкурс «Аўталэдзі-2022», які прайшоў у рамках святкавання Дня горада. Гэта мерапрыемства стала сапраўднай «ізюмінкай» святочнай праграмы і прыцягнула ўвагу сотняў гледачоў.
За арганізацыю конкурсу ўзяліся прафсаюзы раёна на чале са старшынёй Таццянай Гаманчук. І з усёй адказнасцю паставіліся да даручанай справы, што і праявілася падчас мерапрыемства. Яно было падзелена на этапы-выпрабаванні, праз якія праходзілі шэсць удзельніц.

Першым іспытам стала «візітоўка», якую адкрыла пасля жараб’ёўкі Юлія Сідаркевіч. Яна прэзентавала сябе і свой аўтамабіль у вершаванай форме.

Іна Тарасевіч паведаміла гледачам, што свой вадзіцельскі стаж яна пачала зарабляць за рулём…. КамАЗа.

А вось Наталля Мышкевіч арганізавала рэп-выступленне, якое сарвала апладысменты гледачоў.

Святлана Мацвяйчук кіраванне аўтамабілем асвоіла раней за веласіпед. І сёння яна менш часу праводзіць не за рулём аўто.

Сапраўднай «пчолкай»-працаўніцай, у тым ліку і праз касцюміраваны вобраз, сябе прэзентавала Вольга Кардзіс, якая перадала журы тое, што паспела сабраць да свята, — кошык з мёдам.

А Вераніка Патапчук выбрала актуальны для цяперашняй пары года вобраз «вішанькі» — спелай і прывабнай.

У аўтавіктарыне ўдзельніцам давялося за пяць мінут адказаць на 10 пытанняў. Засталося «за кадрам», як яны справіліся з тэарэтычным іспытам, але з улікам стажу кожнай прыгожай вадзіцелькі можна не сумнявацца ў правільных адказах. Тым больш, што дарожныя знакі яны ведаюць на «дзясятку», а таксама прыдумваюць свае, што стала наступным выпрабаваннем.

Найбольш запамінальнымі (як і актуальнымі на цяперашні час) можна назваць знакі «Жаночая паркоўка» (Ю.Сідаркевіч) і «Аўталэдзі на дарозе» (В.Патапчук). А Н.Мышкевіч запрасіла ўсіх не пакідаць па-за ўвагай знак «Дзякуй», каб на дарогах было больш ветлівасці. Цікавымі журы назвалі прыдумкі «Да ліхтара» (І.Тарасевіч), «Малпа з гранатай» (С.Мацвяйчук) і «Без хлеба не вяртайся (В.Кардзіс).

Практычны іспыт уключаў у сябе «змейку» на дарозе, якую ўсе выканалі без памылак, і апытанне наконт ведання аўтамабільных «вантроб», з чым таксама справіліся дзяўчаты.

Усім удзельніцам былі ўручаны каштоўныя падарункі і пасведчанні аб удзеле ў аўтаконкурсе. Думаю, што іх можна захоўваць разам з вадзіцельскімі дакументамі і паказваць супрацоўнікам ДАІ. Да таго ж, усім удзельніцам букеты кветак уручаў старшы дзяржаўтаінспектар пружанскага аддзялення ДАІ Павел Фядун. І гэта таксама можна палічыць своеасаблівым «блатам».

Не абышлося і без вызначэння пераможцаў. У намінацыі «Лэдзі — вопытны вадзіцель» лідарам стала Наталля Мышкевіч, «Лэдзі-крэатыўнасць» замацавана за Веранікай Патапчук. А гран-пры і званне «Аўталэдзі-2022» атрымала Вольга Кардзіс.
Меркаванне арганізатараў
Таццяна Гаманчук, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:
— Пры арганізацыі конкурсу былі пэўныя складанасці. Зразумела, удзельніцам было няпроста адважыцца на падобнае спаборніцтва, «паказаць сябе» на публіцы. Але, мне здаецца, усё выйшла вельмі добра. Дзяўчаты малайцы! Дзякуй за падтрымку нашым фундатарам — ААТ «Шані-аграпрадукт» і «Пружанскі малочны камбінат». Спадзяюся, што і гледачам дзея прынесла нямала прыемных уражанняў. А яшчэ жаданне паўдзельнічаць у падобных выпрабаваннях, што абавязкова будзем ладзіць у будучым.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
