Воскресенье, 19 апреля 2026

У Галіны і Вячаслава жыццё на славу

691

Жыць па сумленні, у згодзе з сабой і навакольнымі, абраць любімай справай сельскую гаспадарку, звіць сваё радавое гняздо ў сельскай мясцовасці. Не ўсім гэта пад сілу. А вось сям’я Паўлюковічаў з
аг. Клепачы і ёсць прыклад таго, як людзі, адкрытыя і душэўныя,
самі будуюць свой лёс.

Такімі іх характарызуюць калегі па працы, проста аднавяскоўцы, зразумела, і кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае», дзе шмат гадоў шчыруюць жонка Галіна Георгіеўна і муж Вячаслаў Міхайлавіч. І яны заслужылі гэтай павагі сваім непадробным жаданнем быць заўсёды карыснымі, верай у пачэсную работу на зямлі, усёабдымнай любоўю да кожнага, хто мае патрэбу ў ласкавым слове.


А пачынаўся шлях у прафесію і да сямейнага шчасця для Галіны ў 1988 годзе, калі маладая і прыгожая дзяўчына родам з вёскі Любашава Ганцавіцкага раёна прыехала па размеркаванні ветэрынарным урачом на свінакомплекс у тагачасны саўгас «Савецкі». Спецыяльнасць набывала ў Ляхавіцкім саўгасе-тэхнікуме. З таго моманту і пачынаецца адлік незабыўных дзён на пружанскай зямлі, якая па-сапраўднаму стала роднай, тут усё склалася, як па сцэнарыі з самага лепшага фільма пра каханне.


Як тут забудзеш дату 6 мая, калі пазнаёмілася з кляпацкім статным хлопцам Вячаславам, які толькі вярнуўся са службы ў арміі. Месца сустрэчы традыцыйнае — дыскатэка, куды моладзь збіралася адпачыць ад працоўных будняў, патанцаваць ды і пафліртаваць. У нашым выпадку ўсё завяршылася ў 1989 годзе пышным вяселлем. Пасля чаго Паўлюковічы сталі выбудоўваць сваё сямейнае шчасце, жыць адзін для аднаго, разам ісці да светлай будучыні.
І ў хуткім часе жаданая радасць прыйшла да Вячаслава і Галіны. Свет запоўніўся дачкой Ангелінай, якая прыўнесла ў жыццё вясёлае шчабятанне і залівісты смех. Час бяжыць хутка, і вось ужо бабуля з дзядулем з нецярпеннем чакаюць унукаў Варвару і Арцёма, жаданы госць — зяць Аляксандр. Якое ж задавальненне сустракацца разам за сталом, дзяліцца навінамі, адчуваць еднасць у поглядах на гэтае жыццё, бачыць мілыя твары.

Здаецца, галава сям’і толькі нядаўна скончыў Беларускую дзяржаўную ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчую акадэмію, пачынаў у тым жа саўгасе «Савецкі» працоўную дзейнасць шафёрам. А вось ужо паважаны Вячаслаў Міхайлавіч, які каля 20-ці гадоў займае пасаду ў ААТ «Жураўлінае» начальніка механізаванага атрада. Арганізуе тэхніку для жывёлагадоўлі і раслінаводства, каб работа не спынялася ні на мінуту. Поплеч і жонка, Галіна Георгіеўна з 2017 года выконвае абавязкі ветэрынарнага фельчара на комплексе «Хвалава». Адзіная гаспадарка ў працоўнай кніжцы, значыць, прыжыліся тут, знайшлі сябе, свой калектыў, верных сяброў. І шчырасць у рабоце Паўлюковічаў — гэта неацэнны прыклад для іншых, як трэба пры любых абставінах заставацца чалавекам, не ўхіляцца ад намечанага шляху, не крывіць душой.

Пражылі разам без малога 40 гадоў, здавалася б, пачуцці павінны прытупіцца, саступіць месца руціне. Дык не! Як сцвярджае Галіна Георгіеўна, цяпер яна кахае свайго мужа яшчэ больш, чым па маладосці. За яго ўраўнаважаны характар, уменне ладзіць з людзьмі, шчырасць ва ўсім, за тое, што проста заўсёды знаходзіцца побач, каму можна даверыцца, хто гатовы паспачуваць, абняць за плечы і сказаць: «Ты ў мяне самая лепшая ў свеце!».

Згадзіцеся, дарагога каштуе, калі сямейнае шчасце не пакідае вас праз многія гады, а наадварот, толькі ўзмацняецца, і ты нават думкі не дапускаеш, што ў жыцці магло штосьці быць не так. Ці не прыклад для пераймання?


Фота Кацярыны Масік

Вадзім Раўнейка