
У жыцці так заўсёды: бестурботнае дзяцінства, за ім наступае летуценнае юнацтва і, зразумела, сур’ёзнае сталенне. Дык вось, у аўторак бягучага тыдня філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» адзначыў сваё 20-годдзе, дату, калі ўзяты добры старт і бачыш перспектыўныя накірункі развіцця прадпрыемства.
Здаецца, тое было нядаўна, калі ААТ «Зеляневічы» шляхам рэарганізацыі было далучана да РУП «Брэстэнерга» для фінансавага аздараўлення і прыцягвання інвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць. Пачынаўся працаёмкі час, калі патрэбна было ўсё спланаваць, скіраваўшы ўвагу на асноўныя напрамкі развіцця гаспадаркі — вытворчасць малака, галіну раслінаводства ў якасці забеспячэння жывёлагадоўлі кармамі з рэалізацыяй па дзяржзаказе зерня і масланасення рапсу. І за два дзясяткі гадоў было зроблена многае, укладзены немалыя грошы, атрыманы патрэбныя напрацоўкі. Чым жыве філіял сёння і якія задачы ставіць на перспектыву, мы пагутарылі з дырэктарам сельгаставарыства Яўгенам Піліногам.

— Некалькі слоў, Яўген Сяргеевіч, аб тым, што ёсць на дадзены момант «Аграэнерга Зеляневічы»?
— Прадпрыемства, якое не стаіць на месцы, пастаянна шукае шляхі да дадатковых прыбыткаў, адкрыта для інавацый. Маем сельскагаспадарчых угоддзяў у 4196 га, іх сярэдні бал урадлівасці — 33,7 (агульны па рэспубліцы — 32). У філіяле маецца два малочнатаварныя комплексы і ферма. Колькасць буйной рагатай жывёлы — 3679 галоў. На тэрыторыі гаспадаркі размешчаны два зернесушыльныя комплексы прадукцыйнасцю 40 тон у гадзіну кожны, рамонтная майстэрня, аўтапарк.

— Дарэчы, аб тэхніцы, без якой цяжка цяпер дамагчыся высокіх рэзультатаў.
— Сапраўды, век коней адышоў, і без трактароў і аўтамабіляў нам не абысціся. Таму заўсёды на кантролі спраўнасць кожнай адзінкі тэхнікі. Між іншым, аддаём перавагу беларускім вытворцам, бо яны прапануюць прымальны кошт, надзейнасць і даюць рэальную гарантыю на прадукцыю. Паступова займаемся абнаўленнем аўтапарка, бо з цягам часу лепш купіць новае, чым рамантаваць старое.
— Зерне і малако як фінансавы складнік сельгаставарыства.
— У бягучым годзе з 1595 га намалацілі 6355 тон зерня пры ўраджайнасці 39,9 ц/га. Калі кукурузу разглядаць асобна, то з 80 га ўбралі 710 тон зерня (ураджайнасць — 88,8 ц/га). Нягледзячы на складаныя сёлетнія пагодныя ўмовы, рукі не апускаем, закупляем на будучае мінеральныя ўгнаенні, прапрацоўваем новыя падыходы да сяўбы і вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Па малацэ лічбы наступныя: за дзесяць месяцаў рэалізавалі ў заліковай вазе 8900 тон, што складае 112% да мінулага года, павысілі і таварнасць — 90%. Паступова замяняем нізка прадукцыйную жывёлу, праводзім дыягностыку халадзільнага абсталявання. Узведзены будынак для дарошчвання цялушак, каб пазбегнуць скучанасці.

— Яўген Сяргеевіч, ці пашанцавала філіялу з працаўнікамі?
— Бясспрэчна. Людзі падабраліся адказныя, кожны ўсведамляе ўсю важнасць работы на зямлі. Сапраўдныя патрыёты сваёй справы. Яны не саромеюцца за сябе. Галоўнае — душа светлая і жаданне быць карысным для сельгаставарыства, ісці ў нагу з часам, пераадольваць часовыя цяжкасці. Дарэчы, мы заўсёды гатовы прыняць у дружную каманду новых работнікаў, нават даць добраўпарадкаванае жыллё. І заработнай платай, канечне, не пакрыўдзім. Ад вас толькі старанне і ўпэўненасць у правільным выбары прафесіі.
— А што наконт планаў на будучае?
— Будзем і надалей працаваць над удасканаленнем усіх працэсаў у сельскай гаспадарцы. На кантролі мадэрнізацыя малочнай галіны. Ды і праца непасрэдна на зямлі патрабуе пастаяннага абнаўлення, бо надвор’е апошніх гадоў паказвае, што сёння добра, тое заўтра зусім не падыходзіць. А яшчэ ўсімі магчымымі спосабамі падтрымліваць сваіх працаўнікоў, каб жылі ў дастатку і былі спакойныя за сваю будучыню.
— І некалькі віншавальных слоў з нагоды юбілею.
— Няхай зямля будзе шчодрай, надвор’е — спрыяльным, а праца — удзячнай. Стабільнасці, паспяховасці, працвітання і дабрабыту ў дзейнасці. Няхай жыццё кожнага будзе ахутана толькі шчасцем, побач будуць любімыя людзі. Здароўя самага моцнага, усмешак паболей і веры ў тое, што вы самыя лепшыя працаўнікі!
Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
