
У спорце ёсць асаблівая магія, калі за бляскам медалёў і трыбуннымі авацыямі стаіць адзін чалавек, які ў сваім падапечным своечасова разгледзеў талент і даў магчымасць яму развіцца. Размова ідзе пра трэнера-выкладчыка па плаванні СДЮШАР № 2 Сяргея Аляксандравіча Каляду, які сваім прыкладам і адданасцю любімай справе пераўтварыў першыя няўпэўненыя ўзмахі юных спартсменаў у магутныя чэмпіёнскія заплывы.
Шлях да спартыўных вяршыняў у Сяргея пачаўся з 7 класа, бо менавіта ў гэтым узросце ў хлапчукоў узнікае пачуццё саперніцтва, калі хочацца даказаць, што я — лепшы! Ён сам запісаўся на секцыю па лёгкай атлетыцы ў 1-ю спартшколу і, адчуўшы смак сапраўднага спорту, ужо праз два гады апынуўся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пасля сканчэння школы выбар прафесіі быў наканаваны, і юнак паступіў ва ўніверсітэт фізічнай культуры г. Мінска, на аздараўленчы факультэт па спецыяльнасці — кіраўнік па фізвыхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту. А праз некаторы час, пасля службы ў арміі, атрымаў дадатковую спецыяльнасць — трэнер-выкладчык па плаванні і з 2015 года працуе ў Водным палацы.
— Самае вялікае маё дасягненне практычна ў самым пачатку спартыўнай кар’еры — гэта падрыхтоўка першага кандыдата ў майстры спорту Лізаветы Люсцібер на дыстанцыі 50 метраў і 100 метраў брасам. Пасля гэтага з’явілася ўпэўненасць у сабе і ў сваіх сілах, і дакладнае разуменне таго, што я на правільным шляху. Хаця спачатку было не проста, паколькі ўпор заўсёды рабіў на лёгкую атлетыку, а плаванне прыйшло значна пазней, — расказвае трэнер.
Сяргей Аляксандравіч прыйшоў у спартыўную школу не проста як спецыяліст, а як чалавек, які сапраўды знайшоў сябе ў рабоце з дзецьмі. За 10 год ён выхаваў не адно пакаленне плыўцоў, многія з якіх сталі прызёрамі рэспубліканскіх і рэгіянальных спаборніцтваў, пяць КМС, пяць перайшлі ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі алімпійскага рэзерву. Адзін выхаванец Уладзіслаў Макарэвіч трапіў у нацыянальную каманду, у асноўны састаў зборнай па плаванні, стаў чэмпіёнам краіны, выйграў першынство, устанавіў два рэкорды РБ у эстафеце 4 па 100 сярод юніёраў, а таксама выканаў нарматыў майстра спорту. Безумоўна, гэтыя выдатныя дасягненні — заслуга трэнера. Ён навучыў іх не баяцца цяжкасцей, імкнуцца да мэты і разумець, што плаванне — не толькі спорт, а жыццёвы навык, які можа выратаваць здароўе і нават жыццё. Яно вучыць пераадольваць страх, разлічваць сілы і верыць у сябе.
Кожны год Сяргей ставіць перад сабой мінімальныя мэты: выйграць вобласць, рэспубліканскія спаборніцтвы, падрыхтаваць чарговага КМС і г.д. Галоўнае, кажа, не фарсіраваць падзеі, да ўсяго ісці паступова, каб у далейшым без траўмаў перадаць вучня ў вышэйшыя спартыўныя ўстановы і радавацца за яго поспехі. Зараз у трэнера тры вучэбна-трэніровачныя групы, у кожнай каля 10 выхаванцаў.
— Галоўнае ў нашай справе, каб вучні не проста ўважліва слухалі, але чулі свайго настаўніка. Затым важна іх асабістае жаданне і мэтанакіраванасць, і абавязкова — падтрымка бацькоў. Калі гэты трохвугольнік супадае, то вынік не прымусіць сябе чакаць, гэта ўжо праверана. Самае прыемнае — бачыць, як твой вучань, які ўчора ледзь трымаўся на вадзе, сёння ідзе на асабісты рэкорд, упэўнена перамагае на дыстанцыях — прызнаецца Сяргей Аляксандравіч. — Гэта значыць, што наша праца не дарэмна. І, безумоўна, тут важны асабісты прыклад, бо дзеці ўсё заўважаюць і, як пад капірку, паўтараюць за табою. Трэнер павінен быць у выдатнай фізічнай форме, бо не мае права падвесці сваіх падапечных.
Трэнер лічыць, што развіццё дзіцячага спорту — гэта інвестыцыя ў будучыню. У эпоху камп’ютараў і сацыяльных сетак вельмі важна заахвочваць дзяцей да рухальнай актыўнасці, каб спадзявацца на тое, што наша нацыя будзе яшчэ здаравейшай, і для гэтага ў Беларусі створаны ўсе ўмовы. Калі дзіця з маленства прывыкае да спорту, яно расце не толькі фізічна моцным, але і псіхалагічна ўстойлівым. Менавіта ў басейне няма месца ленасці, бо кожны заплыў — гэта маленькая перамога над сабой. Дзякуючы такім трэнерам, у юных спартсменаў фарміруецца не толькі здаровае цела, але і моцны характар, а гэта ў жыцці заўсёды спатрэбіцца!
Ірына Велясевіч
Фота з архіва
Сяргея Каляды
