
Усё часцей па родзе дзейнасці даводзіцца сустракацца з маладымі людзьмі, якія свядома выбіраюць працу на зямлі, тым самым замацоўваючы імідж руплівага гаспадара на сваіх абшарах. Чарговым прыкладам таму можа служыць тэхнік-электрык з ААТ «Ліноўскае» Ілья Ляўчук.
І зусім не страшна, што часам рукі не вельмі чыстыя, даводзіцца і ў гумовых ботах пахадзіць і сіласам прапахнуць. Гэта ж усё выдаткі працы ў сельскай гаспадарцы. Іначай тут не атрымаецца. Куды больш важным крытэрыем з’яўляецца крыштальная чысціня душы, каб без бруду і зайздрасці. І маладое пакаленне ў большасці сваёй, што вельмі прыемна, схіляецца да прызнаных крытэрыяў сумленнага жыцця — працуй з аддачай, ганарыся сваёй справай. Толькі ты сам вырашаеш, кім быць і на якім падмурку будаваць уласнае шчасце.
Гэтаму спрыяе літаральна ўсё ў нашай краіне. Адчынены для хлопцаў і дзяўчат усе дзверы, толькі не лянуйся, ажыццяўляй свае мары. Пацвердзіць дадзеную акалічнасць можа і Ілья. Ураджэнец раённага цэнтра пасля сканчэння школы № 3 вырашыў для сябе, што будзе вучыцца ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Сказана — зроблена. І час вучобы праляцеў непрыкметна, вось ужо і дыплом у кішэні са спецыяльнасцю «Электрыфікацыя сельскагаспадарчай вытворчасці». Здаецца, не так даўно быў 2019 год, калі малады спецыяліст прыйшоў у ААТ «Ліноўскае», ужо і тры гады прайшло абавязковай адпрацоўкі, а Ілья і не думае нешта мяняць у сваім працоўным жыцці. Людзі, кажа, у сельгаставарыстве вельмі ж душэўныя ды і кіраўніцтва гаспадаркі не пакідае па-за ўвагай сваіх працаўнікоў, не прамінае проста спыніцца і пагутарыць з табой, распытаць пра жыццё-быццё. А гэта вельмі важна, бо адчуваеш сябе неад’емнай часткай калектыву, калі робіш і рабіць хочацца.
Так вось паціху ўвайшоў у курс справы. Дапамаглі старэйшыя калегі. Цяпер ужо Ілья і сам можа правесці мантаж, наладку і рамонт элек-траабсталявання, праверыць правільнасць яго эксплуатацыі. А яшчэ забяспечыць бесперапынную падачу электрычнасці, з усёй скрупулёзнасцю прасачыць за бяспечнасцю выкарыстання элек-траўстановак. Тут няма дробязей, бо ток не даруе памылак, а ў выпадку самага малога праліку і жыццё можа забраць.
Паспеў малады чалавек і вышэйшую адукацыю атрымаць, скончыўшы завочна Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Цяпер Ілья — кваліфікаваны інжынер.
Аб чым марыць? Каб заўсёды жыць у згодзе з людзьмі, у будучым стаць клапатлівым мужам і любячым бацькам. Не мітусіцца па свеце, а быць карысным тут, на малой радзіме. Ці не ёсць гэта простае чалавечае шчасце, пра якое марыць кожны з нас?
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
