Вторник, 13 января 2026

Славіцца раён людзьмі працы

686

Пружаншчына вітае яшчэ аднаго шчырага працаўніка! Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь узнагароджана аператар машыннага даення ААТ «Шані-аграпрадукт» Эльвіра Ярута.

Нам пашчасціла жыць у такой прыгожай і светлай краіне, дзе вельмі многа робіцца для дабрабыту людзей, дзе клапоцяцца, каб нам спакойна спалася і смачна елася.

Што ў адказ? Трэба і самім старацца падтрымліваць усюды парадак, сваёй стваральнай працай умацоўваць эканоміку, падымаць прэстыж роднай краіны. На жаль, не ва ўсіх атрымліваецца, некаторыя самі не хочуць. Толькі такіх — жменька, і сведчаннем гэтаму могуць быць шматлікія ўзнагароды рознага ўзроўню, занясенне на Дошку гонару мноства нашых суайчыннікаў.

Не, насамрэч лепшыя працаўнікі не гоняцца за славай, не патрабуюць медалёў, проста аддаюць часцінку сябе сінявокай Беларусі, працуючы на сумленне, не шукаючы лёгкіх грошай. Так, як жыхарка в. Гарадзечна Эльвіра Уладзіміраўна Ярута. Дваццаць сем гадоў жанчына нязменна працуе аператарам машыннага даення, спачатку штодзень хадзіла на ферму, а цяпер спяшаецца да сваіх рагуль на МТК «Гарадзечна». І не верце нікому, што каровы бяздушныя істоты, яны чакаюць сваю, так сказаць, гаспадыню радасным мыканнем, і яна да кожнай з душой, бо інакш, па сутнасці, і не можа, адсюль высокія паказчыкі па надоях.

Гэта не словы з паветра, так сцвярджае кіраўніцтва сельгаставарыства. І ўзнагарода дадзена за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці.

Якія сакрэты поспеху? Проста Эльвіра Ярута прывыкла ўсё рабіць якасна, заўсёды гатова падзяліцца вопытам, падтрымаць, быць роўнай з усімі, не выстаўляючы свайго «я» наперад. Можа, ад таго, што нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей, панавала ўзаемаразуменне і шчырасць, з маленства прывівалася працавітасць.

Па прыкладзе бацькоў Уладзіміра Несцеравіча і Клаўдзіі Іванаўны жанчына цяпер і сама радуецца сваім ужо дарослым чатыром дзецям. Вераніка, Анжаліка, Уладзімір і Ірына —гэта асаблівы гонар Эльвіры Уладзіміраўны. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, стварылі сем’і, таксама, як і матуля, стараюцца не быць абыякавымі да людзей, не рабіць таго, чаго б сабе не пажадалі. Хто ведае, магчыма, пройдзе час і нехта з іх таксама заслужыць узнагароду за пачэсную працу.

Прыязджаюць дзеці ў бацькоўскі дом, абавязкова дапамагаюць па гаспадарцы. Вельмі душу грэе трохгадовы ўнучок Кірыл, пацешны і вельмі любімы ўсімі роднымі. Але бабуля ўпэўнена, што бусел яшчэ не раз яе ашчаслівіць і ў доме з кожным годам усё больш будзе гучаць дзіцячага смеху. Радасна падчас такіх сустрэч Эльвіры Ярута, бо недарма жыццё пражыта, годных грамадзян сваёй краіны выхавала.
А што сумаваць, калі часу на гэта асабліва няма? То раніцай, то ўвечары на працы. Прыйдзеш дадому, а тут чакаюць куры, трусы і два сабачкі.

Усіх накармі, усюды прыбяры. Калі ж здараецца свабодная мінута, Эльвіра Уладзіміраўна з задавальненнем займаецца развядзеннем і пасадкай кветак і дрэўцаў. Гэты ж занятак прыносіць ёй супакаенне, настройвае на пазітыўны лад.

Такое вось яно, жыццё. Здаецца, нядаўна басанож бегаў па лужынах і ні аб чым не думаў, а ўжо сталы чалавек, са сваімі ўспамінамі і перажываннямі. Каб толькі за пражытыя гады сорамна не было. Эльвіры Ярута ў гэтым выпадку хвалявацца і вочы хаваць не трэба. Яна проста малайчына!


Вадзім Раўнейка.

На здымках: старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык уручае Ганаровую грамату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аператару машыннага даення ААТ «Шані-аграпрадукт» Эльвіры Ярута; няхай жа жыццё ў Эльвіры Уладзіміраўны цвіце так, як гэтая яблынька!


Фота прадастаўлена
Э.У. Ярута і Кацярыны МАСІК