
Ужо заўтра, 16 лістапада, у нашай краіне будзе адзначацца вельмі знакавае прафесійнае свята — Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, які заслужана сустракае і калектыў ААТ «Агра-Калядзічы».

механік Павел Васюковіч і інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Міхаіл Гамола.
Зямля… Якое шматграннае слова! Яно ўвасабляе ў сабе Радзіму, якую мы павінны аберагаць і быць шчаслівымі, што ёсць такі куточак на геаграфічнай карце, дзе жывецца спакойна і прывольна. Гэта і заклад светлай будучыні кожнага жыхара рэспублікі, калі ўпэўнена глядзіш наперад, ведаеш, дзяржава з табой і за цябе. І, канечне, карміцелька наша, якая забяспечвае ўсім неабходным для жыцця — хлебам, малаком, мясам, нават адзеннем са льну. Каб так было заўсёды, каб не перарываць слаўныя традыцыі працавітых беларусаў, на палетках, фермах і комплексах, трактарах і аўтамабілях, можна сказаць, штодзень шчыруюць людзі, якія абралі для сябе пачэсную справу — працу ў сельскай гаспадарцы. Як жывецца на вёсцы ці лёгка даецца рубель, аб гэтым і не толькі размова напярэдадні свята з дырэктарам ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргеем Суботам.


— Сяргей Сяргеевіч, скажыце, калі ласка, на прыкладзе свайго акцыянернага таварыства, што з’яўляецца тым штуршком, які дае магчымасць сельскай гаспадарцы пастаянна развівацца, быць у нагу з часам?


і работы не баяцца, і рэзультатаў умеюць дамагацца.
— Зразумела, гэта нашы людзі, на якіх і трымаецца праца на зямлі. Менавіта яны стараюцца выходзіць толькі на рэзультат, прыкладаюць немалыя намаганні, каб і хлеб духмяны быў на стале, і чай салодкі. За гэта ім велізарны дзякуй. Канечне, час не стаіць на месцы, паўсюдна па краіне праводзіцца мадэрнізацыя, але без чалавека нікуды, ён кантралюе ўсе рабочыя працэсы, стаіць на варце якасці. Дый, як бы банальна гэта ні гучала, душэўнасць і любоў да працы таксама адыгрываюць вялікую ролю. Сельскі працаўнік укладае часцінку сябе ў абраную справу, і зямля адказвае ўзаемнасцю. Дарэчы, у нашым сельгаставарыстве падабраўся годны калектыў, якому ўсе задачы па плячы: і кароў дагледзяць належным чынам, і да тэхнікі як да сваёй, і палеткі апрацуюць на заглядзенне ўсім. Кіраўніцтва гаспадаркі, у сваю чаргу, стараецца ўсяляк падтрымаць людзей. Сярэднямесячная заработная плата за дзевяць месяцаў бягучага года склала 2562 рублі, 119,6 % да мінулага. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго працаўніка за гэты ж перыяд — 128,6 тыс. рублёў (116,4%). І па прыбытках ад паставак выйшлі на 208,7%. Гэта не пахвальба, а канстатацыя фактаў, калі дружна робім адну справу, тады добра ўсім, хочацца падымаць планку, ісці да новых працоўных вяршынь.

— Год сёлетні быў не самы спрыяльны ў плане як сяўбы, так і зборы ўраджаю сельскагаспадарчых культур…


трактарысту-машыністу
Аляксандру Басаку.

— І прадказаць вельмі складана, што будзе праз той жа тыдзень: ці маразы ўдараць, ці дождж пойдзе. Але мы ўсё роўна не апускаем рукі, штосьці не атрымалася, значыць, мяняем падыходы, падбіраем новыя гібрыды. У сельскай гаспадарцы інакш нельга, трэба быць заўсёды напагатове, не баяцца эксперыментаваць. За дзесяць месяцаў 2025 года змаглі сабраць 11428 тон збожжавых і зернебабовых культур, 3284 — кукурузы на зерне і 1865 — рапсу (бункерная вага). Парадавалі цукровыя буракі з ураджайнасцю больш за 700 ц/га. А па кукурузе наогул выйшлі на 100,1 ц/га. Стараюцца ўсе, ад спецыялістаў да простых рабочых, кожны разумее, што паасобку дамагчыся выніку нельга, толькі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.


— Не будзем абмінаць увагай і жывёлагадоўлю.
— Гэта было б проста недаравальна. Бо на фермах і комплексах працуюць не менш адказныя работнікі, якія таксама заслужылі ўвагі. Дзесяць месяцаў гэтага года прынеслі ААТ «Агра-Калядзічы» 25772,7 тон малака ў фізічнай вазе (104,9%). Таварнасць — 93,3% (+0,2), што да гатунку «экстра», то выйшлі на 99,3%. І сярэдні надой ад каровы адчувальна паднялі: лічба на цяпер складае 7798 кг (+417). Дбаем і пра сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы, сплюсавалі на 13 грамаў да мінулага года. У сельскай гаспадарцы дробязей не павінна быць, чысціня і парадак вакол, сур’ёзнае стаўленне да працоўных абавязкаў — крок да поспеху.
— Думаецца, Сяргей Сяргеевіч, што і ўзнаўленне малочнага статка пад пільнай увагай?
— Усё мае свой рэсурс, калі прыходзіць час рабіць стаўку на амаладжэнне. Таму ў сельгаставарыстве на пастаяннай аснове праводзіцца асемяненне цялушак і кароў. Ад апошніх на сёння атрымана 1925 цялят, што на 36 больш, чым у мінулым годзе. Значыць, ветэрынарная і заатэхнічная службы ведаюць сваю работу, адным словам, адказныя людзі, якія хварэюць за справу. Таксама стараемся павялічваць і колькасць буйной рагатай жывёлы, выйшлі на 8129 галоў (+480). А гэта ж дадатковае малако і фінансавыя ўліванні ў далейшае развіццё ААТ «Агра-Калядзічы». Думаць наперад заўсёды карысна, прымяняць інавацыйныя падыходы ніхто не забараняе. Мы жывём у цікавы час, калі дзень кожны дорыць табе магчымасць тварыць, па-сучаснаму кіраваць, быць запатрабаваным спецыялістам і патрыётам сваёй краіны.
— Жадаем ААТ «Агра-Калядзічы» багатых ураджаяў, каб усе ідэі ўвасабляліся ў жыццё і на душы кожнага працаўніка былі супакаенне і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Гутарыў Вадзім Раўнейка
Фота Руслана Басака і з архіва рэдакцыі
