Суббота, 18 апреля 2026

Пружанскі раён паўдзельнічаў у Міжнароднай выставе МІТТ 2026 у Маскве

600

Больш за 900 удзельнікаў, 40 краін свету і каля 15 тысяч наведвальнікаў — такія вынікі 32-й Міжнароднай выставы турызму і індустрыі гасціннасці МІТТ 2026. Адметна, што на ёй быў прадстаўлены і турыстычны патэнцыял Пружанскага раёна.

Удзельнікамі выставы ў складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці сталі дырэктар ДУ «Турыстычны інфармацыйны цэнтр Пружанскага раёна» Вольга Зінкевіч і прадстаўнікі ААТ «Санаторый «Ружанскі». На працягу трох дзён яны працавалі на Нацыянальным стэндзе Рэспублікі Беларусь, які сёлета аформілі ў стылі неглюбскіх ручнікоў, уключаных у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Цікава і крэатыўна прадставілі сябе кожная з абласцей Беларусі і горад Мінск.
Вольга Зінкевіч знаёміла наведвальнікаў з гісторыяй, знакавымі аб’ектамі і музеямі Пружаншчыны. Асаблівы акцэнт рабіўся на цікавыя маршруты, аграэкасядзібы, сродкі размяшчэння і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Для ўдзелу ў Міжнароднай выставе турінфацэнтр падрыхтаваў шматлікія буклеты з інфармацыяй пра Пружанскі раён і сувенірную прадукцыю.
У сваю чаргу, прадстаўнікі «Ружанскага» мелі магчымасць расказаць пра здраўніцу, вядомую далёка за межамі Беларусі, прапанаваць яе паслугі і знайсці тых, хто ў будучым абавязкова прыедзе сюды, каб адпачыць.

Міжнародная выстава МІТТ 2026 таксама стала пляцоўкай для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва і ўсталявання партнёрскіх сувязей. Дырэктар турінфацэнтра Вольга Зінкевіч правяла перагаворы з прадстаўнікамі Смаленска, Маскоўскай вобласці і некаторымі турыстычнымі кампаніямі Расіі наконт магчымасці арганізацыі экскурсій для дзяцей і дарослых па Пружанскім раёне ў рамках наведвання Брэстчыны.


Як яна адзначыла, Пружаншчына ўпершыню прадставіла свой турыстычны патэнцыял у падобным фармаце. Удзел раёна ў маштабным Міжнародным форуме ў Расіі дапамагае ў папулярызацыі турыстычнага прадукту Пружаншчыны на міжнародным узроўні, садзейнічае ўсталяванню дзелавых сувязей. Таксама гэта дае магчымасць патэнцыяльным турыстам даведацца пра такую кропку на карце, як Пружанскі раён, атрымаць інфармацыю пра яго і запланаваць паездку сюды.


Уладзіслаў Шпарла, спецыяліст па турызме ДУ «Турыстычны інфармацыйны цэнтр Пружанскага раёна»

Фота з асабістага архіва Вольгі Зінкевіч