Выстава-кірмаш тавараў і паслуг прадпрыемстваў Упраўлення справамі Прэзідэнта прайшла напрыканцы мінулага тыдня ў сталічным Палацы Рэспублікі.

Сваю прадукцыю прадставілі больш за 70 прадпрыемстваў сістэмы. Акцэнт зрабілі на самыя яркія навінкі і тыя тавары, якія заслужылі сімпатыю спажыўцоў. На працягу двух дзён увагу наведвальнікаў прыцягваў і стэнд ААТ «Пружанскі малочны камбінат» з лагатыпамі «VAN GOLD» і «Шчодрыя Пружаны». Галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Людміла Туціна адзначыла, што асаблівай папулярнасцю ў спажыўцоў карыстаецца лінейка вытрыманых сыроў. За свае смакавыя якасці яны заслужылі залатыя медалі выставы «Прадэкспа-2022» у Маскве. Словы падзякі за пружанскі аналаг пармезана нашы сыраробы неаднойчы чулі і ў Мінску.
Мінчане і госці сталіцы маглі ацаніць і набыць іншую прадукцыю пад маркай «Зроблена ў Пружанах». Гаворка пра фасаваныя сыры «Шчодрыя Пружаны», сыр «Чэстэрон з душыстым перцам», а таксама «Тыквін з гарбузовымі семкамі». Побач былі прадстаўлены сыры плаўленыя — «Слівачны» і «Шакаладны», а яшчэ «Праванскія травы» — нядаўняя навінка камбіната. Гэты сыр карыстаецца папулярнасцю нароўні са сметанковым маслам, якому таксама знайшлося месца на стэндзе.

Высокую ацэнку малочная прадукцыя з Пружан атрымала і ад прадстаўнікоў Упраўлення справамі Прэзідэнта.
Уладзіслаў Шпарла. Фота sb.by і Людмілы Туцінай
