Воскресенье, 19 апреля 2026

Пра пераможцаў алімпіяды

799

Нядаўна былі падведзены вынікі трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У сувязі з гэтым мы вырашылі пагутарыць з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандрам Момлікам, і даведацца якіх вынікаў на гэтых прэстыжных інтэлектуальных спаборніцтвах дасягнулі прадстаўнікі Пружанскага раёна.

— Аляксандр Канстанцінавіч, колькі школьнікаў нашага раёна ўдалося прабіцца ў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды, і ў якіх дысцыплінах яны былі прадстаўлены?
— Удзел у трэцім этапе прынялі 22 навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Пружанскага раёна, якія прайшлі рэйтынгавы адбор для ўдзелу ў абласным этапе. Свае веды вучні дэманстравалі па 10 вучэбных прадметах: працоўнае навучанне (абслугоўваючая і тэхнічная праца), нямецкая мова, хімія, біялогія, гісторыя, геаграфія, руская мова, грамадазнаўства, матэматыка і інфарматыка.
— А што па выніках?
— Па выніках навучэнцамі раёна ў бягучым навучальным годзе заваявана 11 дыпломаў, з якіх адзін — першай, два — другой і восем трэцяй ступені.
— Давайце пералічым пераможцаў і педагогаў, якія іх падрыхтавалі…
— Канешне! Па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» дыплом першай ступені заваяваў навучэнец 11 класа ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Пружаны» Арсеній Валасевіч, якога да алімпіяды падрыхтаваў педагог Эдуард Паўлавіч Валасевіч. Па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне. Абслугоўваючая праца» дыпломам другой ступені ўзнагароджана Паліна Гадуйка, навучэнка 9 класа ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны» (педагог Ірына Васільеўна Субота). Дыпломы трэцяй ступені былі ўручаны Соф’і Чапялевіч, вучаніцы 9 класа ДУА «Сярэдняя школа № 5 г.Пружаны» (педагог Ірына Васільеўна Субота) і Вікторыі Шыхаравай, вучаніцы 9 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Пружаны імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі» (педагог Святлана Сяргееўна Данцова). Па вучэбным прадмеце «Нямецкая мова» дыплом другой ступені атрымаў навучэнец 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Пружаны імя ЧБВА» Кірыл Багдановіч (педагог Наталля Віктараўна Яроцкая), а вучаніца 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Пружаны» Соф’я Здановіч заваявала дыплом трэцяй ступені (педагог Ірына Уладзіміраўна Клімовіч). Па вучэбным прадмеце «Хімія» дыпломы трэцяй ступені былі ўручаны Аляксею Гарусу, навучэнцу 9 класа ДУА «Гімназія г. Пружаны» (педагог Людміла Іванаўна Амельянчук) і Таццяне Заянчкоўскай, вучаніцы 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны» (педагог Наталля Мікалаеўна Карпыза). Што тычыцца вучэбнага прадмета «Геаграфія», то тут дыпломы трэцяй ступені здолелі заваяваць вучань 10 класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Пружаны імя ЧБВА» Мікалай Кадырметаў (педагог Вольга Мікалаеўна Кабрынец) і вучаніца 11 класа ДУА «Ружанская сярэдняя школа імя Казіміра Марача» Паліна Губанава (педагог Вольга Мікалаеўна Вішнявецкая). У сваю чаргу, вучаніца 9 класа ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны» Яна Антановіч атрымала дыплом трэцяй ступені па вучэбным прадмеце «Руская мова» (педагог Алена Уладзіміраўна Вайцяховіч).
— Як вы ацэніце вынік нашых дзяцей?
— На выдатна! Установы агульнай сярэдняй адукацыі Пружанскага раёна паказалі высокі ўзровень арганізацыі падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды: 50 працэнтаў удзельнікаў узнагароджаны дыпломамі. Пружанскі раён заняў другое месца ў вобласці па эфектыўнасці ўдзелу, уступіўшы толькі прадстаўнікам Баранавіцкага раёна. Калі ж мы параўнаем дадзеныя паказчыкі з леташнімі, то ўбачым, што і тут назіраецца станоўчая дынаміка. Так, у 2023/2024 навучальным годзе рэйтынгавы адбор на абласны этап прайшлі 17 навучэнцаў раёна, якімі было заваявана шэсць дыпломаў (эфектыўнасць удзелу склала 35,3%).
— А ці будзе хто-небудзь з нашых хлопчыкаў і дзяўчынак прадстаўляць раён і вобласць на чацвёртым, заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды?
— Такіх двое. Гэта пераможца трэцяга этапу па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне. Тэхнічная праца» Арсеній Валасевіч (СШ № 3) і ўзнагароджаная дыпломам другой ступені па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне. Абслугоўваючая праца» Паліна Гадуйка (СШ № 5). Хочацца пажадаць нашым зоркам і іх педагогам поспехаў. Час абраў вас!

Гутарыў Руслан Басак