
У Год добраўпарадкавання Пружаны мяняюцца на вачах, становячыся больш утульнымі і камфортнымі для сваіх жыхароў. Кожны азелянёны куток, адрэстаўраваны будынак і абноўленая вуліца — гэта ўклад у стварэнне спрыяльнага асяроддзя для жыцця, дзе хочацца жыць, працаваць і адпачываць.Пра тое, як вядзецца праца па навядзенні парадку на зямлі і якія планы на будучыню, расказаў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Аляксандр Бушук.
— Аляксандр Вячаслававіч, раскажыце, калі ласка, пра эфектыўнасць працы па навядзенні парадку на зямлі ў Пружанскім раёне?
— Праца вядзецца пастаянна, асабліва па двух асноўных напрамках: выкананне Правілаў добраўпарадкавання і падтрыманне тэрыторый агульнага карыстання ў належным санітарным стане. У сваёй працы мы кіруемся пастановамі Савета Міністраў і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях.

— Хто ўпаўнаважаны кантраляваць навакольны парадак?
— Кантроль ажыццяўляюць аддзел унутраных спраў, старшыні сельвыканкамаў, аддзел ЖКГ і «Камунальнік». Яны маюць права выдаваць прадпісанні і складаць пратаколы.
— Ці шмат парушэнняў выяўляецца?
— За 6 месяцаў бягучага года аддзел ЖКГ правёў работу ў адносінах да 14 фізічных асоб. З усімі была арганізавана прафілактычная гутарка, а парушэнні ліквідаваны. Яшчэ былі накіраваны прадпісанні ў 19 жыллёвых кааператываў, вялася работа з 6 юрыдычнымі асобамі, і тут мы таксама дамагліся станоўчых вынікаў.
— Што зроблена іншымі службамі?
— Старшыні сельвыканкамаў выдалі 599 прадпісанняў, КУВП «Камунальнік» выдаў 63 прадпісанні, з якіх 58 ужо рэалізаваны. Спецыялісты раённага ЦГіЭ праводзяць абследаванні тэрыторый і накіроўваюць пісьмы і патрабаванні па ўтрыманні тэрыторый суб’ектам гаспадарання і ўладальнікам прыватных домаўладанняў. У бягучым годзе суб’ектам гаспадарання накіравана 73 інфармацыйныя лісты, а прыватным гаспадарам — 9 патрабаванняў.
— А якія канкрэтна парушэнні часцей за ўсё сустракаюцца?
— Зараз асноўныя праблемы — гэта асяданне пліткі на тратуарах, неабходнасць нанясення дадатковай разметкі для пешаходаў і веласіпедыстаў, скос травы на землях агульнага карыстання і прыбіранне парубачных рэшткаў.
— Ці плануюцца нейкія паляпшэнні ў сферы добраўпарадкавання ў бліжэйшай будучыні?
— Так, на 2026 год запланавана ўкладка тратуарных дарожак ад Лядовага палаца да ЦРБ і ад вуліцы Палявой да вуліцы Кастрычніцкай. Гэта дазволіць зрабіць перамяшчэнне пешаходаў больш камфортным і бяспечным.
— Ці даводзіцца прыцягваць парушальнікаў да
адміністрацыйнай адказнасці?
— На жаль, так. У адносінах да нядобрасумленных прадпрымальнікаў, якія не выконваюць прадпісанні, складаюцца пратаколы. Гэта крайняя мера, але і яна неабходна.
— Ці ёсць нейкія асаблівыя цяжкасці?
— Праблемай з’яўляецца пошук уласнікаў прыватных жылых дамоў, у якіх ніхто не пражывае і не прапісаны.
Мы будзем працягваць працу з суб’ектамі гаспадарання, каб падтрымліваць у належным стане знешні выгляд аб’ектаў і іх добраўпарадкаванне. Парадак на зямлі — гэта наша агульная задача, і толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць Пружанскі раён прыгожым і камфортным для жыцця. Толькі дзякуючы зладжанай працы ўсіх службаў і актыўнаму ўдзелу жыхароў наш край год за годам пераўтвараецца, становіцца яшчэ больш прывабным месцам для жыцця і адпачынку. Няхай кожны куток раёна ззяе чысцінёй і ўтульнасцю, адлюстроўваючы любоў і клопат аб роднай зямлі!
Крысціна Асіпчук
НА ЗДЫМКУ: бягучы рамонт пешаходнай дарожкі ў в. Слабудка.
Фота Кацярыны МАСІК
