
15 лютага — асаблівая дата для многіх сем’яў, блізкія якіх загінулі падчас баявых дзеянняў у Афганістане. Гэты дзень нагадвае пра боль і страту, якія прынесла вайна. Нават цяжка ўявіць сабе, што перажылі маці юнакоў, атрымаўшы «пахаванкі» замест доўгачаканых лістоў ад сыноў. І з гэтым болем у сэрцы яны жывуць усе гады.
Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гарахавіцкі лічаць сваім абавязкам зайсці ў кожны дом, дзе дагэтуль горкім рэхам адгукаецца Афганская вайна. Подзвіг юнакоў у далёкія 80-я не толькі частка гісторыі, а прыклад мужнасці, адданасці і сапраўднага патрыятызму. І колькі б не прайшло часу, памяць пра герояў застанецца назаўжды.
— Гэта ніколі не праходзіць. Кожны год я ўспамінаю свайго сына, яго ўсмешку, словы, выпускны вечар у школе… Усё праносіцца перед вачыма ў адно імгненне. І кожны раз, калі прыходзяць да нас, выказваюць добрыя словы, спачуваюць, раздзяляюць гэтую страту, я адчуваю, што ён не забыты. Гэта вельмі важна для мяне, але кожны раз я пытаю ў нябёс — чаму ён? — дзеліцца перажываннямі маці Уладзіміра Чарнака — Соф‘я-Марыя Антонаўна. — Мне 87 гадоў і я вось яшчэ жыву, а Вовачка такі малады быў і яго забрала тая вайна.
— І мы павінны захаваць памяць пра гэтых людзей, жыццё якіх абарвалася ў самым яго пачатку. Яны выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак да канца, нават калі гэта каштавала ім жыцця, — адзначыў Валерый Мікалаевіч. — Цяжка нават глядзець у вочы гэтых матуль.
Іх сыны назаўжды застануцца маладымі, гледзячы з фотакартак з марай і надзеяй, якія ў іх адабрала вайна.
На развітанне прадстаўнікі кіраўніцтва пажадалі Соф’і-Марыі Антонаўне Чарнак моцнага здароўя, дабрабыту і, галоўнае, мірнага неба над галавой. І каб жыла яна доўга-доўга і трапятліва берагла ў сэрцы тую самую памяць, якую не вырваць і не адабраць…
Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны Масік
